Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцэйская дзяржава


Крывавы разгон апазыцыйнай акцыі, суды над арыштаванымі даюць падставу яшчэ раз паразважаць над сутнасьцю той дзяржавы, якая існуе ў Беларусі.

Відавочна, што гэта неправавая дзяржава. Калісьці старшыня Канстытуцыйнага суду В. Ціхіня назваў сытуацыю ў краіне "прававой сваволяй". Законы дзяржаўнымі інстытутамі і іх кіраўнікамі выконваюцца выбарачна, права перастала быць рэгулятарам грамадзкага жыцьця, адсутнічаюць зразумелыя для грамадзян правілы гульні.

Асабліва гэта тычыцца эканамічнай сфэры, дзе працаваць без парушэньняў проста немагчыма. Суб’екты гаспадараньня загнаныя ў "паўцень", вымушаныя працаваць у "шэрай зоне". Таму практычна ў адносінах да любога кіраўніка можна "нарыць" кампрамату, калі ёсьць заказ. Гэта ж унікальная беларуская сытуацыя, якой няма нідзе ў сьвеце, калі ў 99% правераных суб’ектаў гаспадараньня знаходзяць парушэньні і караюць санкцыямі.

У выніку мяжа паміж законам і беззаконьнем стала нябачнай. А ў такім выпадку вінаватымі становяцца ўсе. Але караюць ня ўсіх. Злачынцамі называюць з палітычнай мэтазгоднасьці ці проста паводле выпадковай выбаркі. Прычым у сытуацыі безабароннасьці апынаюцца ўсе, акрамя Лукашэнкі. Не застрахаваны ніхто, ні міністар (В. Лявонаў), ні старшы сьледчы Генэральнай пракуратуры (С. Байкова).

У 2007 годзе Беларусь паводле колькасьці зьняволеных на душу насельніцтва займала другое месца ў сьвеце. Як у сталінскія часы, вязьні выкарыстоўваюцца для працы на ўдарных будоўлях краіны (спартовы комплекс "Мінск-Арэна"). Таксама Беларусь знаходзіцца на адным зь першых месцаў у сьвеце паводле колькасьці дзяцей, якія знаходзяцца ў папраўчых установах. Сярэдні тэрмін пазбаўленьня волі ў краіне — адзін з самых высокіх у Эўропе: 6,3 году.

У канцы 2009 году прэзыдэнт ініцыяваў зьмены ў заканадаўстве, паводле якіх арышт, ператрус сілавыя структуры могуць рабіць бяз санкцыі пракурора. Паводле законаў, службовыя асобы 68 дзяржаўных устаноў маюць права складаць пратаколы аб адміністратыўнай адказнасьці грамадзян, а разглядаць справы аб такіх парушэньнях могуць 27 органаў. У 1997 годзе да адміністратыўнай адказнасьці было прыцягнута звыш 4 млн. грамадзян — гэта больш за палову дарослага насельніцтва краіны. Унікальны выпадак у сьвеце: пасьля выбуху падчас сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці 4 ліпеня 2008 году ўсе мужчыны павінны здаць адбіткі пальцаў. То бок яны адразу зрабіліся падазраванымі ў злачынстве.

Спакойныя талерантныя беларусы ва ўмовах рэжыму Лукашэнкі воляю ўлады амаль што пагалоўна ператварыліся ў злачынцаў. Сацыялягічныя дасьледаваньні, якія праводзіліся ў рамках праекту "Эўразійскі маніторынг" у краінах СНД, выявілі, што грамадзяне Беларусі больш за іншых баяцца турмы (так адказалі 23% апытаных).

Асобная тэма — рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці. На іх ніякія канстытуцыйныя нормы не распаўсюджваюцца, гэта людзі па-за законам, зь імі можна рабіць што заўгодна.

Мала сказаць, што беларусы жывуць у неправавой дзяржаве. Яны жывуць у паліцэйскай дзяржаве. Яе прыкметы — ня толькі тое, што права перастала быць рэгулятарам грамадзкага жыцьця, але і вялізарная роля спэцслужбаў. Яны — цэнтральны дзяржаўны інстытут, галоўны інструмэнт утрыманьня ўлады, мэханізм для нагнятаньня страху ў грамадзтве. У краіне дзейнічаюць восем структур з правам вядзеньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці, што ўжо сьведчыць пра нейкую сацыяльную анамалію. У іх вельмі шырокія функцыі. Яны сочаць ня толькі за апазыцыяй, але займаюцца ўсеагульным палітычным вышукам, праверкай ляяльнасьці чыноўнікаў.

Аднак праваахоўныя органы, сілавыя структуры аказваюцца дзіўна бездапаможнымі, калі спрабуюць выканаць сваю асноўную функцыю — абарону грамадзтва ад злачыннасьці. Пры такой колькасьці і ролі спэцслужбаў ніводнае з гучных злачынстваў, якія выклікалі вялікі грамадзкі рэзананс, не раскрытае.

У сакавіку 2008 году прэзыдэнт, выступаючы перад кіроўным складам сілавых структур, прывёў такія факты. Апэратыўная сытуацыя ў краіне з 2001 году пагаршаецца. За шэсьць гадоў узровень злачыннасьці ў разьліку на 100 тыс. насельніцтва вырас на 70%, колькасьць пацярпелых ад злачынстваў павялічылася больш чым удвая, рэцыдыўная злачыннасьць павялічылася ў 2,2 разу, у побыце — у 3,5 разу. Увогуле паводле ўзроўню забойстваў на 100 тыс. насельніцтва Беларусь займае першыя пазыцыі ў сьвеце.

Асноўная прычына бясьсільля і бездапаможнасьці ўсёй вялікай і разгалінаванай сыстэмы шматлікіх праваахоўных органаў у краіне палягае ў тым, што іх галоўная функцыя — зусім не абарона насельніцтва ад злачынцаў, не ахова грамадзкага парадку, а абарона ўлады ад палітычных праціўнікаў. Менавіта на гэтую задачу яны зарыентаваныя ў першую чаргу. На астатнія задачы не застаецца ні часу, ні сіл.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG