Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія немцы


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў
Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце "Свабоды" ў перадачы "Пакуль ляціць страла".

Спадар Арлоў, нядаўна Вы выступалі на адной з сэкцыяў ужо традыцыйнага Менскага беларуска-нямецкага форуму. Магчыма, там ішла гаворка і пра ўзаемныя культурныя ўплывы двух гэтых народаў у гісторыі. Цікава, ці ёсьць прыклады, калі прадстаўнікі Нямеччыны рабіліся славутымі дзеячамі беларускай культуры і наадварот?

Вільгельм, беларускі немец ці, калі хочаце, нямецкі беларус

Некалькі такіх прыкладаў магу падаць, не зазіраючы ў энцыкляпэдыі.

Народжаны ў Санкт-Андрэасбэргу Ян Давід Голанд у 1780 годзе зьявіўся ў Нясьвіжы й заняў пасаду капэльмайстра і кампазытара пры двары Караля Станіслава Радзівіла, вядомага як Пане Каханку. Атабарыўшыся ў нашым "маленькім Парыжы", Голанд з посьпехам заняўся стварэньнем палянэзаў, кантатаў, а там і опэр. Самую вядомую зь іх — "Агатку, або Прыезд пана" на лібрэта яшчэ аднаго Радзівіла, Мацея, паставілі ў 1784-м, прымеркаваўшы да прыезду ў Нясьвіж нашага апошняга манарха Станіслава Аўгуста Панятоўскага (зь якога, дарэчы, Пане Каханку ў сваім радавым кубле ўволю пазьдзекаваўся). Праз 200 гадоў "Агатка" была ўзноўленая на Беларускім радыё. Ня менш доўгае жыцьцё чакала і вадэвіль Голанда "Чужое багацьце нікому ня служыць", пастаўлены ў 2009-м на сцэне Нацыянальнага опэрнага тэатру.

А вось беларус Герман Мінкоўскі (1864—1909), які зь дзяцінства ўражваў усіх матэматычнымі здольнасьцямі, выправіўся ў Нямеччыну і стаў там выдатным прадстаўніком гётынгенскай матэматычнай школы. А таксама — адным з заснавальнікаў тэорыі адноснасьці. Кожны фізык (і нават літаратар Арлоў) ведае аб "прасторы Мінкоўскага", якая аб’ядноўвае трохмерную фізычную прастору і час.

Трэці прыклад, магчыма, не такі клясычны, але мае нечаканыя сюжэтныя павароты.

Сілескага немца Рудольфа Абіхта зь юнацтва вабілі славянскія мовы. У часе Першай усясьветнай вайны ён, ужо прафэсар славістыкі Брэслаўскага ўнівэрсытэту, апынуўся ў Беларусі. І чым бы вы думалі Абіхт тут займаўся? Выкладаў у Сьвіслацкай гімназіі мову. Здагадайцеся якую? А вось і памыліліся. Беларускую. Апрача таго, быў адным з выдаўцоў беларускага лемантара лацінкаю, друкаваў артыкулы пад агульнай назваю "Са старажытнай і новай гісторыі беларусаў" у газэце "Der Beobachter", удзельнічаў у выпуску бэрлінскага зборніка "Беларусь"... А яшчэ ён ліставаўся з Антонам Луцкевічам, і лісты тыя вы можаце пачытаць у нашым Дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва..

На добры лад, Абіхту варта было б паставіць у той самай Сьвіслачы помнік (як і Голанду ў Нясьвіжы). Пры нагодзе абмяркую гэтую ідэю зь нямецкім журналістам і падарожнікам Інгам Пэцам, які цяпер працуе над кнігаю пра нашу краіну, падтрымлівае розныя праекты (акурат ён стаў ініцыятарам культурніцкай дыскусіі на Менскім форуме) і ўяўляецца мне нейкім своеасаблівым сёньняшнім Абіхтам.

А вярнуўшыся да ідэі помніку, можна паразважаць, наколькі камфортна пачуваўся б Рудольф Абіхт у кампаніі іншых сьвіслацкіх манумэнтаў. Ну, побач з выхаванцамі тамтэйшай гімназіі Каліноўскім і Рамуальдам Траўгутам яму, пэўна, было б досыць утульна. Але вось зь Леніным ды ўпрыдачу з адноўленым нядаўна Ёсіфам Вісарыёнавічам...

Ці атрымалася б у іх дружба-фройндшафт? Але тое помнікі. А ў людзей павінна атрымацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG