Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дом для інвалідаў з прыбіральняй у двары


Сёньня міжнародны дзень інвалідаў. На вуліцы Вавілава й Цыялкоўскага ў Магілёве прамінула жыцьцё не аднаго пакаленьня невідушчых людзей. Дамы для іх узьвялі тут на пачатку шасьцідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя.

Ад таго часу тут мала што зьмянілася. У некаторых будынках з усіх выгодаў — толькі халодная вада. Агульная прыбіральня — за пяцьдзясят мэтраў ад іх, акурат пасярод двара. Гутару з жыхаром дому.

Двор, ня чышчаны ад сьнегу. Дворнікі зрабілі вузкія дарожкі.

Спадар: «Дык як мне, пэнсіянэру, да той прыбіральні дайсьці й там неяк прыстасавацца? Ад ЖЭУ абсалютна ніякай рэакцыі. Пад знос, пад знос — дык, калі вы будзіце зносіць? Зносіце — дык і людзей не катуйце. Зьвярталіся ў свой час да Батуры. Адрэагавалі: «Давайце мы вам пабудуем кватэры за ваш кошт. Дык дзе мне, пэнсіянэру, набраць грошы на кватэру? Каб дзеці потым разьлічваліся».

Адзін з пад’ездаў дому невідушчых без выгодаў.

Карэспандэнт: «А на выбары ці пойдзеце?»

«Раздумваю. З усіх гэтых латругаў, якія прэтэндуюць на месца Лукашэнкі… Ім ня месца там! Дзякуй трэба сказаць Лукашэнку, што ён захаваў дзяржаву, ну, й нейкую дапамагу аказвае пэнсіянэрам. Канечне, гэтага малавата, але галоўнае вось, каб зьмяніць умовы, у якіх мы жывём».

Жыхару суседняй вуліцы Вавілава Мікалаю болей пашанцавала з жытлом — у ім ёсьць і вада й прыбіральня. Сёньня ён выбраўся «ў замежжа», на пошту, ды заблукаў.

«У горад часта даводзіцца выяжджаць, але ж перашкодаў дужа шмат. Вось і цяпер дарожкі нерасчышчаныя».

Нязьменная прыбіральня пасярод двара.

Спадар Мікалай спадзяецца, што выбары зьмяняць сытуацыю. Галасаваць пойдзе абавязкова. З сваім кандыдатам пакуль ня вызначыўся. Каго зь іх ён ведае?

«Статкевіча, Кастусёва, Рымашэўскага, Раманчука, Уладзімера Някляева. Я ўсе іх перадвыбарчыя праграмы праслухоўваю».

Невідушчы Мікалай пошту ўсё-ткі знайшоў. Але пасьля дапамогі мінакоў.

Уладзімер Вільчык
У доме 25а на вуліцы Вавілава жыве даўні слухач «Радыё Свабода» сямідзесяцігадовы Ўладзімер Вільчык. Ён невідушчы. Пытаньне: «Як жывецца невідушчаму?» яго ўсхвалявала:

«На ўсім трэба эканоміць. Цэны гэтыя растуць і растуць. Не, Пракаповіч будзе дзяўбсьці, як дужа добра: рубель стабільны. Які ён да д’ябла стабільны?! Хлеба бохан немагчыма за дзьве тысячы купіць! Ня кажучы ўжо пра рыбу й каўбасіну».

Не адным, аднак, клопатам надзённым жыве спадар Уладзімер. Хвалюе яго і лёс краіны, бо ў ёй жыць ягоным унукам, якім дапамагае:

«Несправядлівасьць, хлусьня, квітнее хамства, цынізм. А чаму пануе? Таму што ў нас ані мовы, ані сымболікі. У нас дагэтуль БССРаўскі гімн. Зло — гэта цяперашняя ўлада для нашай краіны. Павінна быць альбо — альбо. Трэцяга ня дадзена. Якія можна весьці перамовы з чалавекам, які адмовіўся ад роднага слова?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG