Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Заб’е пасьля трохдзённага запою чатыры цьвікі і хваліцца: "Ах, які я працавіты!"


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 10 лістапада 2010 году


Амаль усе лісты ў пошце "Свабоды" ў гэтыя лістападаўскія дні так ці інакш зьвязаныя з тэмай выбарчай кампаніі, якая працягваецца ў Беларусі. Зьбіральнікі подпісаў з вуліц беларускіх гарадоў і вёсак ужо зьніклі: гэты пэрыяд кампаніі скончыўся. Але ўражаньнямі пра тое, як гэтыя подпісы зьбіралі, нашы слухачы дзеляцца дагэтуль.

Даўні сябар "Свабоды" Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, працу зьбіральнікаў подпісаў назіраў у вясковай краме. Вось што ён паведамляе ў сваім новым допісе:

"У нас у вёсцы Ляхаўцы падпісныя лісты за Лукашэнку прынесьлі ў краму, пакінулі прадаўцам. Маўляў, прыходзяць людзі па хлеб — няхай падпісваюцца. Але хто гэта ходзіць у краму з пашпартам? Дык яны што прыдумалі: на гэтых аркушах пішуць прозьвішча, дату, а нумар пашпарта — любы, што ў галаву прыйдзе. Я быў сьведкам, калі майго брата хацелі так запісаць (а можа, і запісалі супраць ягонай волі). Запісвалі завочна ня толькі зь Ляхаўцаў, але і з Маларыты. Я ім кажу: "Дзяўчаты, навошта ж вы так робіце? Подпісы ж правераць, хлусьня выявіцца. Вы б яшчэ на могілкі пайшлі ды прозьвішчы нябожчыкаў перапісалі". А яны сьмяюцца ў адказ: "Нябожчыкаў нельга, у іх пашпартоў няма..."

Можа, так і па ўсёй Беларусі подпісы за Лукашэнку зьбіралі? Вось якая праўда ў цяперашняй улады.

А надыдзе галасаваньне — зноў бюлетэняў цішком у скрыні накідаюць. Людзі зьдзіўляюцца: "На выбары ні самі, ні знаёмыя не хадзілі, а яўка на ўчастку — 96 працэнтаў". І дзе ж справядлівасьць? Ды яна сканала даўно, толькі крыж яшчэ не паставілі..."
.

Заўважце, спадар Павал, што асаблівага абурэньня і гатовасьці пратэставаць гэтая сытуацыя сярод вясковых людзей не выклікае. Можа, таму, што іншых выбараў яны і ня памятаюць. За дзесяцігодзьдзі савецкай эпохі прывыклі, што выбары — гэта нейкая тэатралізаваная цырымонія з загадзя вядомым фіналам. Як бы ты ні галасаваў, а імёны пераможцаў ужо даўно вызначаныя, і нават колькасьць галасоў дакладна вядомая загадзя.

Наш слухач Кірыл Семянчук зь вёскі Азёры Гарадзенскага раёну — сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі, актывіст ініцыятыўнай групы Яраслава Раманчука. У сваім лісьце на "Свабоду", падсумоўваючы першы этап выбарчай кампаніі, слухач напісаў: "Не магу раўнадушна глядзець на самаўпраўства ўлады ў справе збору подпісаў". У якасьці ілюстрацыі спадар Семянчук даслаў копію звароту ў Цэнтральную выбарчую камісію Канстанціна Дзьмітрыева, які працуе ў калгасным садзе ў Азёрах. У заяве апісваецца наступная сытуацыя:

"1-га кастрычніка начальнік абвясьціў, што ў панядзелак, 4-га, усе супрацоўнікі павінны прынесьці пашпарты — нібыта дзеля вылучэньня назіральніка на прэзыдэнцкія выбары. У панядзелак пашпарты сабралі і сказалі, што гэта зроблена для збору подпісаў у падтрымку дзейнага прэзыдэнта. Але ж гэта — парушэньне Выбарчага кодэксу, паводле якога адміністрацыя ня мае права зьбіраць подпісы, аказваць ціск, карыстаючыся сваім службовым становішчам. Да таго ж я — грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі і не магу падпісвацца за кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі. Але пашпартныя дадзеныя і подпіс запатрабавалі і ад мяне. Прашу, каб на падставе гэтага факту правялі праверку і вынесьлі рашэньне адносна магчымасьці далейшага ўдзелу Аляксандра Лукашэнкі ў выбарчай кампаніі".

Паведамленьні пра падобныя сытуацыі на працягу ўсяго мінулага месяца прыходзілі з розных рэгіёнаў Беларусі. Апазыцыйныя актывісты фіксавалі гэтыя выпадкі і накіроўвалі адпаведныя заявы ў Цэнтравыбаркам — прыкладна такія ж, якую даслалі ў сваім лісьце вы, спадар Кірыл. Але спадзяваньняў на тое, што вынікам гэтага стануць нейкія істотныя для выбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі наступствы — фактычна ніякіх. Папярэднія прэзыдэнцкія кампаніі 2001-га і 2006-га гадоў, калі адбывалася нешта падобнае, гэта доказна паказалі.

Сыход з выбарчай кампаніі шматразовага і шматгадовага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Сяргея Гайдукевіча ўразіў нашага слухача Васіля Валошку з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну. Даведаўшыся пра гэтую навіну, а таксама пра тое, што Гайдукевіч назваў прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі "спэктаклем", спадар Валошка піша:

"Хутчэй за ўсё, Гайдукевічу паступіла каманда — сысьці з дыстанцыі. Бо ён у гэтай сытуацыі аказаўся непатрэбным. А калі больш дакладна — лішнім балястам. Бо сярод кандыдатаў няма сапраўды знакавых фігур — Казуліна, Мілінкевіча, Калякіна, Лябедзькі. Бязь іх апазыцыя набярэ вельмі мала галасоў. А задача Гайдукевіча ў тым і заключалася, каб адцягнуць галасы ў апазыцыі. Паколькі адцягваць няма чаго, дык навошта ўладзе Гайдукевіч? Будзе толькі замінаць. Ня будзе яго — дык ягоныя выбарцы, магчыма, прагаласуюць за Лукашэнку.

Калі Гайдукевіч сапраўды лічыць гэтыя выбары спэктаклем, дык няхай на знак пратэсту выведзе пасьля выбараў на вуліцу хаця б сваю ініцыятыўную групу — 10 тысяч чалавек. Але ж ён ня выведзе нікога. І сам ня выйдзе, а будзе пасьмейвацца, назіраючы ва ўтульным крэсьле перад тэлевізарам, як гэта робяць іншыя.

Апазыцыйныя кандыдаты змагаюцца цяпер не з Лукашэнкам, а з сыстэмай, якую ён стварыў. У гэтай сыстэме чыноўнікам, ад якіх залежыць лёс простага чалавека, жывецца надзвычай камфортна. І нават калі ўявіць неверагоднае — што Лукашэнка здыме сваю кандыдатуру — то сыстэма пасадзіць у прэзыдэнцкае крэсла дакладна такога ж. А змагацца з сыстэмай значна больш складана, чым з адным чалавекам"
.

Ня думаю, спадар Валошка, што беларускую бюракратыю цалкам задавальняе Лукашэнка і што яна так ужо самааддана гатова адстойваць створаную ім дзяржаўную мадэль. Многія высокапастаўленыя чыноўнікі з зайздрасьцю пазіраюць на сваіх расейскіх калегаў. Там высокая пасада аўтаматычна азначае допуск да ўдзелу ў буйным бізнэсе (калі не самога чыноўніка, дык ягоных блізкіх сваякоў). Адметны прыклад — кар'ера былога маскоўскага мэра Лужкова, жонка якога вельмі хутка зарабіла мільярды даляраў у тым горадзе, які ўзначальваў яе муж. Нельга сьцьвярджаць, што беларускія чыноўнікі не спрабуюць пераймаць гэты прыклад. Але ва ўмовах сёньняшняй Беларусі рабіць гэта адкрыта — рызыкоўна. Ніводзін вялікі ці малы кіраўнік уладнай "вэртыкалі" ў Беларусі не наважыцца адкрыта дэманстраваць заробленыя "непасільнай працай" мільёны даляраў. Хоць мільянэраў сярод іх, мяркуючы па ўсім, нямала. І наўрад ці іх цешыць такі паўпадпольны статус.

У адной зь нядаўніх праграм наш слухач Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну, аспрэчваючы распаўсюджаны стэрэатып пра лагоднасьць і цярпімасьць беларусаў да чужых поглядаў, напісаў пра сябе і пра іншых досыць груба: "Мы, беларусы, неталерантныя ўпартыя казлы". З такой ацэнкай пагаджаецца іншы наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль з Ушачаў. Адказваючы Мікалаю Буселу, ён піша:

"Можа, выказаўся Мікалай і занадта рэзка, але па сутнасьці ён мае рацыю. Некалі Вальтэр пісаў: "Я магу быць нязгодны з вашым меркаваньнем, але гатовы аддаць жыцьцё за ваша права выказаць яго". Паспрабуйце прымераць гэтае выказваньне да большасьці з нас, беларусаў, асабліва да нашага "ўсенароднаабранага", і вы ўпэўніцеся, што яно нам пасуе, як карове сядло.

А наш стыль жыцьця? Больш за нас п’юць, магчыма, толькі расейцы. Але і тое, што выпіваем мы, уражвае. У сярэднім больш за 11 літраў чыстага алькаголю на чалавека! Але калі ўзяць, напрыклад, маю сям’ю (я, жонка, дачка, сын, нявестка, двое ўнукаў), то мы ўсе разам выпіваем за год ня больш за тры літры чыстага алькаголю. Выключыўшы такія сем’і, дзяцей, хворых, атрымаем, што прынамсі палова краіны выпівае ўдвая больш за сярэднія 11 літраў, а гэта значыць, яна пэрманэнтна п’яная. Што і назіраем на самой справе.

Пра працавітасьць. Таксама міт для дурняў, прыдуманы палітыкамі. Па-першае, гэта якасьць, несумяшчальная з папярэднім пунктам. Заб’е ён пасьля трохдзённага запою чатыры цьвікі і хваліцца — ах, які я працавіты. За сваё даволі доўгае жыцьцё я столькі нагледзеўся псэўдапрацавітасьці "абы з рук", што часам дзіўлюся, як яшчэ ўсё ў краіне не паразвальвалася.Прыкладаў — мільён, але адзін кожны дзень вочы муляе. Дзьве супрацьлеглыя сьцяны таго пакоя маёй кватэры, у якім зараз сяджу, маюць розьніцу ў 18 сантымэтраў! Міжпакаёвыя сьцены кватэры маюць нахіл да 7 сантымэтраў пры вышыні ўсяго 2,5 мэтра! Тынкоўка — гарбамі, плітку пакласьці — праблема, вонкавыя цагляныя сьцены складзеныя больш ці менш прыстойна да другога паверху, вышэй — хлеў хлевам! І што ў маёй пяціпавярхоўцы ні зачапі (а засяліўся я ў 1991-м), ад падвалаў да страхі, — усё так! І ўсе астатнія дамы райцэнтру — у сярэднім ня лепшыя", — піша ў сваім лісьце на "Свабоду" Кастусь Сырэль з Ушачаў. —

"Двор майго дома ўжо 19 год нагадвае поле баявых дзеяньняў; часам міжволі чакаеш, што з-за рога суседняга дома выпаўзе, бразгаючы гусеніцамі, танк дый гахне акурат па маіх вокнах. Дзіўна, што ў мяне яшчэ хоць якое пачуцьцё гумару захавалася пасьля таго, як я выходжу ў гэты двор на працягу 19 год. Мы, насельнікі навакольных дамоў, неяк стараемся надаць двару боскі выгляд, але што можна зрабіць бяз тэхнікі? Ну, пасадзілі калісьці мы з жонкай некалькі кустоў трох гатункаў бэзу, язьмін. Суседзі — клён, бярозку, ядловец. Кожны год садзім ля пад’ездаў кветкі. І гэта ўсё, што мы можам. А двор наш пачынаецца за 20 мэтраў ад будынку райвыканкама! Што ж тады казаць пра іншыя? Экстрапалюючы будаўніцтва на астатнія галіны вытворчай дзейнасьці беларусаў (людзі адны і тыя ж!), можна сьцьвярджаць, што і ўсё астатняе такое ж.

А імкненьне прыхапіць чужое? Сам колькі разоў быў ахвярай. І падвал мой колькі разоў "чысьцілі", і лецішча, і тэхніку. Помню, ровар дзіцячы дачцэ чатырохгадовай купіў, прыгожы, дарагі, зь Віцебску вёз… Праз тыдзень скралі! Так шкада было, дачка так плакала... А што тычыцца калгаснай ці дзяржаўнай маёмасьці — там сьцягнуць што-кольвечы нават грахом ня лічыцца. Адзін толькі выпадак успомню. Каля адной зь вёсак Віцебшчыны, дзе жывуць мае сваякі, калгас пасадзіў сад. Саджанцы яблынь, некалькі соцень, — самых лепшых гатункаў! Дык празь нейкі год-паўтара аніводнай не засталося! Ніводнай!

Наогул, многа можна пісаць пра тое, якія мы белыя і пушыстыя. Але калі падыйсьці аб’ектыўна, то нам, беларусам, асабліва няма чым хваліцца"
.

Так, спадар Кастусь, пра тое, што з самаўсхваленьнем у беларускім грамадзтве ня ўсё ў парадку, — шмат відавочных сьведчаньняў. Адзін мой замежны знаёмы, наслухаўшыся па беларускім тэлебачаньні пра надзвычайную працавітасьць, адукаванасьць і памяркоўнасьць беларусаў, ніяк ня мог даўмецца: калі ўсе наўкол такія адукаваныя і працавітыя — чаму ж заробкі ў краіне такія нізкія; чаму людзі церпяць аўтарытарны лад, калі відавочна, што побач, у Эўразьвязе, і ўзровень жыцьця вышэйшы, і магчымасьцяў больш? А якія вашы вёскі, кажа: толькі ад'едзь на кілямэтар ад гасьцінца — нагадваюць дэкарацыі фільмаў аб прыгонным сяле 19-га стагодзьдзя: пахілыя шэрыя хаціны, непралазная гразь на вуліцы, усе камунальныя выгоды — за хлявом... І гэта ж — праўда...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG