Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мае падарожжы


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Больш за тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».



Яшчэ працягваецца час адпачынкаў, надышоў гэтак званы аксамітавы сэзон. Скажыце, а як адпачывае пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Дзе Вы адчуваеце сябе «як дома»? Што Вам трэба для паўнавартаснага адпачынку? Новая краіна, людзі, надвор’е, прырода?


Ваша чытачка, якая днямі зьбіраецца ў адпачынак



Ува мне ёсьць цыганская кроў, а гэта значыць, што я не ўяўляю і наогул жыцьця і, тым больш адпачынку, без вандровак. Уражаньні ад іх — мой найлепшы капітал. Мой «залаты запас».

Калега Альбэр Камю дакладна зазначыў, што падарожжа дапамагае нам зноў знайсьці сябе.

Я вельмі люблю падарожнічаць да мора. Хтосьці сказаў, што мора — як першае каханьне.

Упершыню я сустрэўся зь ім на Рыскім паўзмор’і. У нас быў школьны турыстычны гурток. Вечарамі мы разгружалі на станцыі вагоны, каб улетку паехаць у Рыгу. Кіраўніка гуртку пазьней выкрылі ў крадзяжы большай часткі заробленых намі грошай, але я ўсё адно назаўсёды захаваў да гэтага чалавека пачуцьцё ўдзячнасьці.

Пасьля я сустракаўся зь іншымі марамі — Азоўскім, Чорным, Адрыятычным, Паўночным, падобным да акіяну Міжземным… Былі спатканьні і з сам-акіянам — Атлянтычным. Але для мяне гэта заўсёды былі розныя іпастасі аднаго Мора — увасабленьня бясконцасьці й Вечнасьці, зь якой мы прыйшлі і куды вернемся.

Падчас доўгага заплыву пад крымскім Кактэбэлем я ледзьве не вярнуўся туды, у Вечнасьць, заўчасна, бо мэтраў за пяцьсот ад берагу са мной вырашыў бліжэй пазнаёміцца дэльфін. Напэўна, гэтак званай «разумнай жывёліне» не спадабалася, што мая любоў да ягонай роднай стыхіі сягае так далёка. Аднак, нягледзячы на перажыты тады жах, мора па-ранейшаму вабіць.

Я не прыхільнік кожны раз выбіраць новы маршрут вандроўкі. Ёсьць мясьціны, якія хочацца бачыць зноўку і зноўку, якія буду зь цеплынёю згадваць, мабыць, і на тым сьвеце. Лёндан, Прага, Барсэлёна, Львоў, Вільня… Куршаўская каса зь Нідаю ў Літве… У Беларусі — Браслаў, дзе два нядаўнія вольныя дні былі вартыя двух тыдняў. Па-за канкурэнцыяй — Полацак, знаёмае ўжо вам возера Люхава, фатэль у бацькоўскай кватэры, які сястра Тацяна падаравала мне калісьці на дзень нараджэньня. Столькі падарожжаў было на гэтым фатэлі!

Адрозна, відаць, ад большасьці сучасных вандроўнікаў, я ніколі не бяру ў адпачынак фотаапарат ці відэакамэру. Гэтаму пярэчыць пісьменьніцкі інстынкт. Няхай самае істотнае й цікавае выбірае і «фатаграфуе» памяць, якой потым дапамогуць некалькі занатаваных на квітку ці сурвэтцы словаў.

У кагосьці пасьля падарожжаў застаюцца фотаальбомы і фільмы. У мяне — кнігі. Некалі яны складаліся з эсэ: «Божая кароўка зь Пятай авэню», «Адкусі галаву вароне», «Сланы Ганібала». Цяпер прыйшла чарга вершаў. Летась адкрыў для сябе Браціславу. На памяць прывёз верш:

Музэй гадзіньнікаў у Браціславе


усё геніяльнае проста
на карціне ратуша
на ратушы гадзіньнік
ён насамрэч ідзе
паказвае сапраўдны час
на гадзіну меней
чым у Менску
а раптам і ўсё астатняе
пачне зараз рухацца
дама выйдзе з экіпажу
пахолак завабіць квятнярку
у густы парк
злодзей здабудзе
сваё пераменьлівае шчасьце
выцягнуўшы ў купца з кішэні
залаты гадзіньнік
які таксама ажыве
табе заманецца
зьдзейсьніць тэлепартацыю
у тую рэчаіснасьць
стаць удзельнікам
і саўдзельнікам
але
ня дамай
не пахолкам
ня злодзеем
а — залатым гадзіньнікам
пражыць жыцьцё
залатога гадзіньніка
мусіць атрымацца цікава
зрэшты гадзіньнік
падобны да чалавека
мае складаныя вантробы
ідзе
сьпяшаецца
спазьняецца
спыняецца
заводзіцца сам
вымагае каб яго
заводзілі
часам разьбіралі
глядзелі
што там усярэдзіне
мянялі шасьцярэньку
прыемна думаць што
недзе ёсьць майстра які
сочыць за тваім мэханізмам
зазірае ў гарантыйны квіток
вызначае калі ты
ўжо ня будзеш
падлягаць рамонту
каб зрабіць цябе
геніяльна дасканалай часткаю
пясочнага гадзіньніка
які ў суседняй вітрыне
яшчэ адлічвае дні
твайго недасканалага жыцьця

Пакуль струменьчык пяску бяжыць, вецер вандраваньняў будзе лашчыць твар, а душу — грэць думка, што дарагія табе мясьціны ня зьнікнуць і потым. Яны будуць памятаць цябе сваёй памяцьцю — ня толькі людзі, але і дрэвы, сьцены, брук… Мы — гэта, урэшце, толькі нечая памяць пра нас.

Зычу ўсім маім слухачам і чытачам шчасьлівых падарожжаў у прасторы й часе!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG