Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маё Люхава


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Больш за тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце "Свабоды" ў перадачы "Пакуль ляціць страла".

Чытач Вашых твораў можа заўважыць, што і ў вершах, і ў прозе ў Вас зноў і зноў узьнікае матыў ляснога полацкага возера. Часам гучыць і ягоная назва — Люхава. Што Вас як чалавека і пісьменьніка зьвязвае зь ім? Мо тут хаваецца нейкая таямніца? Палачанка.

Думаю, што ў кожнага з нас ёсьць на гэтым сьвеце мясьціна, зь якой адчуваеш асаблівую, патаемную, часам нават містычную повязь. Чамусьці менавіта туды хочацца зноў і зноў вяртацца. Чамусьці менавіта там адбываюцца нечаканыя і важныя падзеі, сустрэчы, адкрыцьці...

Для мяне такая мясьціна — возера Люхава, якое ледавік калісьці пакінуў на нашай зямлі за пару кілямэтраў ад апошніх дамоў сёньняшняга Наваполацку.

За савецкім часам возера афіцыйна перайменавалі ў Маладзёжнае. Чаго толькі тады — ведама ж, заўсёды па просьбах працоўных — не пераназывалі! Хіба што на рэкі рука ў бальшавікоў не паднялася: відаць, адчувалі, што ўсё адно зьнясе плыньню.

Калі я ў 70—80-я гады мінулага стагодзьдзя працаваў у наваполацкай гарадзкой газэце "Хімік", за выкарыстаньне старой, не зацьверджанай пастановаю гарвыканкаму, назвы можна было зарабіць вымову на рэдакцыйнай лятучцы. Вядома, ніводны жывы чалавек Маладзёжным Люхава ніколі ня зваў, а пачуўшы такі дэбільны назоў зь нечых вуснаў, толькі пакруціў бы пальцам каля скроні. Ды хопіць пра сьпісаныя на звалку гісторыі савецкія пастановы.

Неверагодным здаецца ўжо само існаваньне гэтага кутка зусім побач з 100-тысячным горадам ды ягонымі нафтахімічнымі прадпрыемствамі-монстрамі. Хіба ня дзіва — вада, што ніколі не цьвіце, чысты пясок, 20-мэтровая глыбіня, белыя лілеі ў затоках, шэрыя чаплі?

Але гэта ня проста адкрыты некалі вобраз хараства, які ўсё жыцьцё лучыць зь дзяцінствам. Для мяне Люхава — нешта бясконца большае і даражэйшае.

Ад раньніх гадоў памятаю, як на шляху да возера зусім неістотныя і банальныя, здавалася б, рэчы неспадзявана набывалі значнасьць і шматмернасьць, ператвараліся ў сымбалі, надоўга ўзбунтоўвалі юную душу. Мурашнік там, дзе ад дарогі адбягаецца сьцежка... Зязюлін адлік гадоў... Позірк акулярыстага вужа, што застыў у зарасьніках ажыны...

Я абсалютна ўпэўнены, што genius loci — геній месца Люхава, яго магнэтычную сілу ў нейкай ступені адчувалі і іншыя.

У маё апошняе школьнае лета, паміж дзявятым і дзясятым клясамі, у горадзе неяк сама сабою нарадзілася традыцыя начных купаньняў. Бязьлюдны азёрны бераг бліжэй да поўначы раптам запаўняла моладзь. Дзявочы сьмех у цемры, галасы гітараў, месяцавая дарожка на ціхай вадзе, вясёлы лямант, зь якім хлопцы з разгону давалі з кладак нырца ў цёмную глыбіню... Гэта адзін з самых яскравых успамінаў, я сказаў бы, дакладней, — увасабленьняў юнацтва.

Моцную трансцэдэнтальную сувязь з возерам я адчуваю ўсё жыцьцё. Мая сустрэча зь ім — цэлы рытуал. Трэба памыць твар люхаўскай вадой, павітацца зь сябрамі — двума дубамі (адзін — амаль што мой пагодак), ясенем, вольхай і клёнам, які колькі гадоў таму выцяла маланка,але ён выжыў. Я пачынаю казаць Вам пра вельмі інтымныя пачуцьці і хачу спыніцца, бо іх няможна ўціскаць у кароткі адказ. Яны вымагаюць іншага тэксту.

Але скажу, што Люхава — адна з тых рэчаў, якія трымаюць мяне на сьвеце. У гэтым я канчаткова пераканаўся два гады таму, падчас апэрацыі на сэрцы. Апэрацыя была няплянавай і наогул экстраардынарнай. Кардыяхірург Алег Паланецкі, пасьля таго як я ў рэанімацыйнай палаце падпісаў патрэбныя дакумэнты, даў мне дзесяць хвілінаў і параіў думаць пра людзей, зь якімі яшчэ хацеў бы спаткацца, і пра мясьціны, што мару зноў убачыць. У тым "відэароліку", што закруціўся перад унутраным зрокам, адразу замільгаў знаёмы азёрны бераг. Можа, якраз ён і стаўся той кропелькай, што пераважыла шалі і ўтрымала мяне тут.

Люхава працягвае дарыць сюжэты, вершы, неспадзяванкі. Якраз гэтае месца мой знаёмы і колішні калега абраў сёлета для таго, каб пакаяцца, што ў часы нашага журналісцкага юнацтва стучаў на мяне ў "органы". "Калі можаш, даруй", — прамовіў ён. Я паглядзеў у вазёрную далеч, і яна адказала: "Даруй".

Прамінулым летам, ідучы на Люхава, я аднойчы злавіў сябе на думцы, што хацеў бы яшчэ гадоў сто хадзіць па гэтай дарозе. Мне зрабілася сьмешна, затым сумна. Потым я падумаў, што значна раней, чым пройдуць сто гадоў, тут будзе ісьці хтосьці іншы, мо ў нечым крыху падобны да мяне. Я запытаўся, ці супакойвае мяне такая думка. Як ні дзіўна, яна супакойвала. І я палічыў гэта сымптомам прыходу мудрасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG