Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 8 верасьня


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ВОБЛАЧНА...


...але без ападкаў. Тэмпэратура: 9-15 С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Чакаецца рабочы візыт у Менск міністра замежных справаў Літвы Аўдронюса Ажубаліса.

У Нацыянальным прэс-цэнтры ў Менску прэс-канфэрэнцыя "Асноўныя дэмаграфічныя і сацыяльныя характарыстыкі насельніцтва Рэспублікі Беларусь па выніках перапісу насельніцтва 2009 году". Пачатак а 11.00.

Выстава "ЛІТARA. Візуальныя дасьледаваньні паэзіі" адкрываецца ў менскім Інстытуце імя Гётэ а 19.00. Беларускім мастакам былі прапанаваны тэксты сучасных нямецкамоўных паэтаў у арыгінале і ў перакладзе на беларускую. Выбраўшы адзін альбо некалькі тэкстаў, кожны ўдзельнік праекту паспрабаваў "дасьледаваць" яго, ужываючы сродкі выяўленчага мастацтва.

Прэзэнтацыя беларускага перакладу рамана Курта Ванэгута "Бойня №5 або Крыжовы паход дзетак" у КнігарніЎгалерэі (Менск, пр. Незалежнасьці 37А). Пачатак а 18.00. Выступаюць: перакладчык Павал Касьцюкевіч ды Ўладзімер Арлоў, Андрэй Хадановіч, Віталь Рыжкоў, Сяржук Мядзьведзеў.

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


У Крыніцы ў Польшчы пачынаецца чатырохдзённы міжнародны эканамічны форум, які Польшча, пачынаючы з 1990, штогод арганізуе для эканамістаў і палітыкаў зь Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы.

Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан выступае ў Вашынгтоне з прамовай аб замежнай палітыцы сваёй краіны.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1514 адбылася бітва пад Воршай, у якой войскі Вялікага княства Літоўскага і Польшчы перамаглі войскі Вялікага княства Маскоўскага. На літоўска-польскім баку ў бітве прымала ўдзел каля 35 тысяч ваяроў, лік маскоўскага войска ацэньваецца на 80 тысяч.

У 1830 нарадзіўся правансальскі паэт Фрэдэрык Містраль, ляўрэат Нобэлеўскай літаратурнай прэміі 1904 (пам. 1914).

У 1943 нацысты пакаралі сьмерцю чэскага журналіста Юліюса Фучыка, актыўнага дзеяча кампартыі (нар. 1903). Арыштаваны гестапа ў 1942 у Празе, Фучык у турме напісаў сваю найбольш вядомую кнігу, "Рэпартаж з-пад шыбеніцы". У 1945 кніга была апублікаваная і потым перакладзеная на больш чым 70 моваў.

У 1992 на плошчы Незалежнасьці ў Менску адбылася прысяга на вернасьць бацькаўшчыне вялікага мноства дзейных афіцэраў і афіцэраў запасу. Былыя савецкія вайскоўцы такім чынам станавіліся абаронцамі Беларусі. Наладзіла прысягу Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Дзень Беларускай вайсковай славы (неафіцыйнае сьвята, у гонар бітвы пад Воршай).

Міжнародны дзень салідарнасьці журналістаў (у памяць сьмерці журналіста Юліюса Фучыка).

Міжнародны дзень пісьменнасьці.

МІНУС 365:


Год таму на сайце Свабоды: "Зьезд БНФ: "Канец эпохі" альбо "аптымістычная трагедыя"?".

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


"Людзі, я любіў вас, будзьце пільнымі!", — Юліюс Фучык, "Рэпартаж з-пад шыбеніцы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG