Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лідзе адбыўся стыхійны мітынг пратэсту


На стыхійным сходзе кожны па чарзе распавядае журналістам, чаму выступае супраць будаўніцтва заводу.
На стыхійным сходзе кожны па чарзе распавядае журналістам, чаму выступае супраць будаўніцтва заводу.

У райцэнтры Ліда на Гарадзеншчыне сабрана ўжо каля двух тысяч подпісаў пад патрабаваньнем да ўладаў адмяніць рашэньне аб будаўніцтве заводу са шкоднай вытворчасьцю. Свой пратэст людзі выказалі і на стыхійным мітынгу, які адбыўся ўчора.

Збудаваць новы завод гарачага ацынкоўваньня мэталаканструкцыяў лідзкія ўлады заплянавалі прыкладна за 350 мэтраў ад бліжэйшых вёсак і за 800 мэтраў ад жылога мікрараёну гораду Ліды.

У гэтым мікрараёне ўжо знаходзіцца завод «Оптык», а побач зь вёскамі —ачышчальныя збудаваньні, трубы якіх непасрэдна выведзеныя да людзкіх гародаў.

Новая будоўля пагоршыць экалягічную сытуацыю. Гэта турбуе тутэйшых жыхароў. Сваё абурэньне яны выказвалі на мітынгу пратэсту.

Спадар: «Гэты завод не прынясе нам нічога добрага, акрамя розных хваробаў. Бо што такое ацынкоўваньне? Гэта ў расплаўлены цынк будзе апускацца мэтал, і выхлапы шкодныя ад гэтага, як бы хто ні хацеў, пойдуць на нас».

Спадар: «Тут будзе перапрацоўвацца каля 200 тон салянай кіслаты высокай канцэнтрацыі ў год. І, ня дай Бог, здарыцца нейкая аварыя — нас папросту змые гэтай кіслатой».

Спадар: «У мяне ўжо ўзрост, але ёсьць дзеці і ўнукі — без зубоў жа застануцца ад гэтага цынку. А нас пераконваюць, што за 300 мэтраў ад жылых дамоў ужо будзе чыстая зона…»

Сталы спадар: «Дарагія лідчукі, паважаныя аднавяскоўцы, пішам ва ўсе канцы скаргі — а ніадкуль няма адказу. Ашуканствам займаюцца, пішуць, што гэта ня шкодна, але толькі каб не адносіць далей будоўлю. Канечне, там лес завалены, палі нягораныя, вёскі мёртвыя, а тут густанаселены раён, маладажоны жывуць, як толькі што чалавек казаў. Іх не хвалюе, што нашыя дзеткі датэрмінова будуць паміраць».

Малады спадар: «Абяцалі, што і ад Чарнобылю нам нічога ня будзе, а атрымалася, што словы іх — „ліпа“…»

Спадарыня: «Я на сустрэчы з намесьнікам кіраўніка Акадэміі навук, спадаром Віцязем, пачала абурацца, што нас яшчэ ў 1986 годзе падманулі, пагнаўшы на дэманстрацыю цяжарнымі… у мяне цяпер дзіця інвалід, і ў сябровак усіх дзеці хворыя…» (Плача).

Асабліва людзей пакрыўдзіла, як мясцовыя ўлады правялі ў вёсцы Шырокае сустрэчу з насельніцтвам наконт будаўніцтва заводу. У працоўны час, без аб’яваў сабралі некалькі пэнсіянэраў. Але людзі, зь іх слоў, даведаліся і масава туды прыйшлі, пачалі задаваць пытаньні, на якія не пачулі адказу.

Зьліў з гарадзкіх ачышчальных збудаваньняў адбываецца каля самай вёскі Шырокае. Людзі кажуць, што пасьля выкідаў зачыняюць у хатах дзьверы і вокны…

А праз некалькі дзён у «раёнцы» і на лідзкім тэлебачаньні пасьля слуханьняў пасьпяшаліся абвясьціць, што мясцовыя жыхары ня супраць будаўніцтва.

Спадар: «І пасьля таго, калі далі ў СМІ інфармацыю абсалютна процілеглую таму, што адбывалася падчас слуханьняў… я толькі рукамі разьвёў».

Спадары слухаюць выступы сваіх аднавяскоўцаў.
Да мяне падышла маладая дзяўчына і сказала, што таксама хоча прамовіць для нашага радыё:

Дзяўчына: «І так у моладзі здароўе зараз ніякае. Колькі маладых ляжыць у шпіталях, ломяць рукі, ногі, бо ў арганізьме нестае кальцыю. А калі яны яшчэ і гэты завод пабудуюць, то якіх дзяцей мы будзем нараджаць?»

Напрыканцы размовы людзі пачалі казаць, што ўжо некаторых актывістаў за ўдзел у зборы подпісаў пачалі запалохваць на працы. І вось што наконт гэтага галосна сказала адна спадарыня.

Спадарыня: «Мы маем правы, у тым ліку і права на жыцьцё, якое таксама прадугледжвае нармальныя экалягічныя варункі. І мы патрабуем, каб гэтае права дзейнічала для нас, бо хочам жыць, і каб дзеці нашы жылі. Мы хочам дыхаць чыстым і свабодным паветрам».

Намесьнік старшыні Лідзкага райвыканкаму Іван Курман сёньня сказаў нашаму радыё, што абурэньні людзей наконт гэтага ён лічыць заўчаснымі:

Курман: «На сёньняшні дзень распрацоўваецца ў Акадэміі навук праект, у якім будзе разьдзел ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе. Таму абурэньні людзей заўчасныя. Існуе закон, згодна зь якім і будзе прынята рашэньне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG