Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазбаўленыя дзяцінства


Сёньня — Міжнародны дзень абароны дзяцей. Паводле зьвестак Міністэрства адукацыі, у Беларусі цяпер амаль 20 тысячам дзяцей пагражае фізычны, псыхалягічны ды сэксуальны гвалт. Паводле вынікаў апошняга дасьледаваньня арганізацыі «Выратаваць дзяцей» (Save The Children), якое вызначае ўмовы для спрыяльнага мацярынства, Беларусь займае 33-е месца сярод 160 краін у штогадовым рэйтынгу Mother’s Index.


Аб праведзеных і забароненых акцыях дэмакратычных актывістаў дзеля дапамогі дзецям паведамляюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

ГОМЕЛЬ


У сьледчым ізалятары на вуліцы Кніжнай — больш як 30 падлеткаў

Валянтэры на ганку сьледчага ізалятара на вуліцы Кніжнай (другая зьлева — Ірына Кучвальская).
Сёньня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, прадстаўнікі Гомельскага аддзяленьня Беларускай асацыяцыі жанчын-юрыстаў, якое ачольвае Ірына Кучвальская, дабрачыннай арганізацыі «Купалінка», а таксама студэнты прыйшлі да сьледчага ізалятара на вуліцы Кніжнай, каб перадаць падлеткам сабраную літаратуру і ласункі.

У ізалятары зараз утрымліваецца звыш 30 падлеткаў, якія ўчынілі цяжкія злачынствы.

Кучвальская: «Падумалі, што ёсьць у дзяцей праблема. Калі яны трапляюць у сьледчы ізалятар, яны пазбаўляюцца свайго натуральнага асяродзьдзя — яны ня вучацца і зазнаюць стрэс. Вось мы падумалі й вырашылі ім крыху аблягчыць жыцьцё ў іхнім цяжкім становішчы».

У абласной інспэкцыі па справах непаўналетніх удакладнілі:

«Непаўналетнімі да 18 гадоў за мінулы год было ўчынена 1044 злачынствы. Гэта, у асноўным, крадзяжы асабістай і дзяржаўнай маёмасьці».

Крадзяжы прадуктаў, прамысловых тавараў, побытавай тэхнікі складаюць прыкладна дзьве траціны ў падлеткавай злачыннасьці.

Аднак ёсьць у пераліку й цяжкія злачынствы:

«Восем забойстваў было ўчынена непаўналетнімі за мінулы год, 7 — цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, 6 — згвалтаваньняў, рабункаў — 73».

Каб суняць падлеткавую злачыннасьць, для асабліва цяжкіх падлеткаў міліцыя ад 7 чэрвеня адкрые адмысловы лягер пры адной з вайсковых частак.

ВІЦЕБШЧЫНА


У Верхнядзьвінску чыноўнікі забаранілі дабрачынную дапамогу для выхаванцаў дзіцячага прытулку

1-га чэрвеня верхнядзьвінскія актывісткі «Беларускай арганізацыі працоўных жанчын» заўсёды наведвалі з падарункамі Асьвейскі дзіцячы сацыяльны прытулак. Сёлета гэта зрабіць не ўдалося.

Упершыню сёлета не паехалі не таму, што дзеці падарункаў там не чакаюць або ня маюць патрэбы ў шэфскай дапамозе.

«Мы туды прывозілі тое, што патрэбна гэтым дзецям. І дзеці нас ужо ведалі, нават рабілі замовы… Мы прывозілі туды замежныя фундацыі, і мог бы атрымацца цікавы і карысны праект з адным з ірляндзкіх фондаў. Але… я, да прыкладу, ведаю, што прытулак мае вялікую патрэбу ў дзіцячым абутку і верхнім адзеньні. Аднак калі мы прапанавалі туды абутак, які прыйшоў з гуманітарнай дапамогай, загадчыца раённага аддзелу адукацыі сказала: «Нам гэта ня трэба», — распавяла старшыня верхнядзьвінскай жаночай суполкі Валянціна Болбат.

Па словах суразмоўцы, пазыцыю загадчыцы аддзелу адукацыі ў гэтым сэнсе падтрымлівае і ўсё кіраўніцтва райвыканкаму:

«Адмова супрацоўнічаць з грамадзкімі арганізацыямі паходзіць ад загадчыцы аддзелу адукацыі спадарыні Варановіч. Ёй галоўнае, каб ніхто не папракнуў тым, што, маўляў, актывісты, „апазыцыянэры“, як нас часьцей называюць, маюць доступ у дзіцячыя ўстановы. Калі мы падарылі кампутар у дзіцячы садок № 2, дык там усім работнікам забаранілі расказваць, хто менавіта яго падарыў».

Але ці можна сказаць, што клопат пра абарону інтарэсаў дзяцей цалкам узяла на сябе дзяржава? Далёка ня так, лічыць жыхарка Віцебску Алена Шабуня, разьведзеная маці трох дзетак-школьнікаў:

«У маёй старэйшай дачкі выпускны праз колькі дзён. Сукенка, туфлі, падарункі школе — разумееце, колькі гэта каштуе? А сярэдні паламаў руку, месяц ляжаў у шпіталі на выцяжцы. Таксама колькі грошай трэба было, каб яму занесьці нешта. Я патэлефанавала ў аддзел адраснай дапамогі і распавяла, што атрымліваю пэнсію па інваліднасьці, з мужам разьведзеная, а сын зламаў руку і ляжыць у шпіталі. Не, кажуць, вам дапамога „не паложана“. А каму тады яна „паложана“?»

Клопат дзяржавы пра трох дзетак спадарыні Алены выражаўся толькі ў тым, што дзеці мелі бясплатнае харчаваньне ў школе: старэйшыя — адзін раз, а малодшы — два разы. Пра тое, што дзецям трэба было б набыць два ложкі, бо яны сьпяць на матрацах, а сын марыць, каб для яго набылі піяніна, Алена Шабуня нікому не распавядае. І гэтыя праблемы ні школу, ні аддзел сацыяльнага забесьпячэньня не хвалююць, бо на першы погляд у сям’і ўсё добра: маці ня п’яніца, дзеці чыста апранутыя, заняткаў не прагульваюць і на ўліку ў міліцыі не стаяць.

МАГІЛЁЎ


Незалежны прафсаюз пра парушэньне правоў дзяцей

Пра тое, што ў Беларусі парушаюцца правы дзяцей, распавядалі сёньня магілёўцам на гарадзкіх вуліцах і актывісты незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці.

Андрэй Дзьвігун.
Гаворыць адзін з арганізатараў сёньняшняй прафсаюзнай акцыі Андрэй Дзьвігун:

«Адзначаецца дзень абароны дзяцей вельмі подла. У дзяцей забралі ільготы на лекі. У той жа час плянуецца ўзьвядзеньне 27 лядовых палацаў. Тры непабудаваныя палацы — гэта бясплатныя лекі для ўсіх дзяцей да трох гадоў Беларусі на працягу аднаго году».

У Магілёве шмат год апякуецца сіротамі актывістка стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Марыя Кульманава. Яна сьцьвярджае, што ў прытулках, а таксама ў прыёмных сем’ях парушаюцца правы дзяцей.

«Мяне дужа хвалюе, што зь дзецьмі ніхто не размаўляе, альбо гавораць пры бацьках, але ж дзеці запалоханыя. Забаранілі дзецям кантактаваць з італьянцамі праз тэлефон, бо ў Італіі іх любяць, а тут толькі чуюць: ты дрэнны, ты нічога ня робіш — гультай. Абкрадаюць дзяцей. У мяне папера ёсьць з інтэрнату. Там біла дзяцей шнурам ад зараднага начная няня».

У сэктары абароны правоў дзяцінства Кастрычніцкага райвыканкаму пра дзейнасьць Кульманавай ведаюць. Яе прэтэнзіі называюць неабгрунтаванымі:

«За дзецьмі, якія знаходзяцца ў прыёмных сем’ях, у нас вядзецца строгі кантроль. Калі б там зь дзяцей зьдзекаваліся, то гэта б паказала мэдычная камісія. Яна й у аблвыканкам пісала, і да Рудніка на прыём хадзіла… — зазначыла супрацоўніца апякунскага органу.

У прыёмных і апякунскіх сем’ях стараюцца не казаць пра мэтады выхаваньня ўзятых з прытулкаў дзяцей. Больш кажуць пра іх прытулкавую зацкаванасьць і доўгую адаптацыю да новых умоваў жыцьця.

«У іх там волі й свабоды няма. Там маленькая турма, толькі без калючага дроту. Там большы меншага ганяе. Пакуль яны зразумеюць, што іх ніхто ганяць ня будзе, яны як малыя сядзяць і чакаюць, што ад іх хочуць», — кажа бацька сям’і, якая апякуецца трыма дзецьмі.

Сёньня ў Магілёве меўся адбыцца і апазыцыйны пікет у абарону дзяцей. Улада яго не дазволіла.



Акцыя прафсаюзных актывістаў.

«У мяне двое дзетак, і як іх выгадаваць?..»

«У мяне двое дзетак, і як іх выгадаваць?..»
«Колькі дзяцей у вашай сям’і? А колькі вы хацелі б мець?» З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся сёньня да гарадзенцаў.

Спадарыня: «У мяне ў сям’і двое, а хацела мець траіх. Зрэшты, і маю траіх — муж трэці. Так што колькі хацела, столькі і маю».

Спадарыня: «У мяне сямёра дзетак...»

Карэспандэнт: «А колькі б хацелі мець?»

Спадарыня: «Мне і так дастаткова, гэта надта адказная справа. Асаблівых цяжкасьцяў няма гадаваць іх, бо старэйшыя дапамагаюць малодшым. Але зь іншага боку — сёньня ўсім цяжка жыць».

Карэспандэнт: «А вы спраўляецеся?»

Спадарыня: «Даводзіцца пакруціцца, бо інакш нельга. І ведаеце, калі нараджала першых дзяцей, то, здаецца, яшчэ сама была дзіцём. А вось гэтыя, апошнія — зусім іншыя адносіны, болей любові да іх».

Спадар: «У нас двое дзетак. А як мы хацелі? Ведаеце, нашы жаданьні не заўсёды супадаюць з рэаліямі...»

Спадарыня: «У нас двое, і столькі ж мы і хацелі. Раней было прасьцей дзяцей гадаваць, а цяпер дзіцячыя рэчы даражэнныя...»

Спадарыня: «У нас адно дзіцё, і, можа, хацела б два, але позна. Мой сын ужо дарослы, а зараз дзяцей гадаваць складана. А калі бацькі яшчэ мала зарабляюць... зусім складана».

Спадарыня: «Двое ў мяне дзетак, і болей не хачу. Цяжка жыць: вучоба дарагая, забясьпечваць дзяцей складана, за адну вучобу толькі колькі плаціць даводзіцца. Дый вучыць у нас няма дзе дзяцей, хоць ты ў Маскву адпраўляй...»

Спадар: «У мяне адна дарослая дачка — 23 гады. Думаю, што дзяцей павінна быць у сям’і трое, так заўсёды раней было. Але цяпер вельмі складана іх выгадаваць, гэта раней было лягчэй і прасьцей. Паспрабуйце жыльлё збудаваць, грошай заўсёды нестае, а на працу ўладкаваць... Вось дачка скончыла ўнівэрсытэт імя Я.Купалы, а з працай — бяда...»

Спадарыня: «От, хацела б, можа, яшчэ адно дзіця, каб было двое, але фінансава вельмі складана».

Ейная сяброўка: «У мяне дзяўчынка і хлопчык, і, напэўна, хопіць у наш час. Цяжка вельмі фінансава, паўсюль грошы патрэбныя...»

Спадарыня: «Цяпер і ў школе, і ў садку трэба выпускныя адзначаць. Падарунак садку, выхавацелькам, настаўнікам — набягае да 300 тысяч. А яшчэ дзяўчаткам малым сукенкі шыць, фрызуры рабіць».

Карэспандэнт: «Цікава, а колькі ж абыходзіцца выпускны ў школе дзяўчатам, якія сканчаюць 11 клясу?»

Спадарыня: «Ой, у мільён дакладна ня ўкласьціся...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG