Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: "МВФ крэдытуе Беларусь, каб не дапусьціць дэфолту"


Міжнародны валютны фонд (МВФ) зьнізіў прагноз росту валавога ўнутранага прадукту (ВУП) Беларусі ў 2010 годзе.


Раней фонд чакаў росту ВУП у Беларусі ў памеры 3,8%, цяпер -- 2,4%.

Асноўная прычына — пагаршэньне ўмоваў пастаўкі нафты з Расеі. І МВФ, і беларускія ўлады ацанілі страты ад такіх захадаў прыкладна ў 2 мільярды даляраў.

"Пагаршэньне ўмоваў імпарту нафты з Расеі стварае дадатковыя эканамічныя складанасьці для Беларусі", — адзначаецца ў дакладзе МВФ. — "Адаптацыя эканомікі да новых умоваў запаволіць тэмпы пад'ёму ў 2010 годзе". Згодна з ацэнкамі МВФ, патрэба Беларусі ў зьнешнім фінансаваньні ў 2010 годзе складзе блізу 5 мільярдаў даляраў.

Аналітыкі МВФ, прааналізаваўшы сытуацыю ў Беларусі, заявілі, што ў цэлым вынікі рэалізацыі эканамічнай праграмы, падтрыманай у рамках дамоўленасьцяў аб крэдыце stand-by, былі не найгоршымі. Аднак кіраўнік групы экспэртаў Крыс Джарвіс падкрэсьліў: больш павольнымі тэмпамі, чым чакалася, адбываўся працэс прыватызацыі. Паводле ягоных слоў, улады мусяць актывізаваць яго, каб скараціць умяшаньне дзяржавы ў эканоміку і прыцягнуць наўпроставыя замежныя інвэстыцыі.

Улады Беларусі сьцьвярджалі, што сёлета чакаецца аднаўленьне высокіх тэмпаў росту на ўзроўні 11—12%. Аднак за 2 месяцы гэтага году ВУП вырас толькі на 3,5% у параўнаньні з пачаткам 2009-га. Нагадаем, што летась з-за крызісу рост ВУП Беларусі склаў 0,2% у параўнаньні з 10%-м ростам у 2008-м. У студзені-лютым тэмп росту вытворчасьці прамысловай прадукцыі склаў 4,2% пры гадавым прагнозе 10—12%, а рэнтабэльнасьць рэалізаванай прадукцыі ў прамысловасьці — 3,8% пры гадавым прагнозе 10%.

У заяве МВФ гаворыцца, што ўлады Беларусі выказалі зацікаўленасьць у тым, каб працягнуць супрацоўніцтва з фондам пасьля заканчэньня цяперашняй праграмы. Як расказала сталая прадстаўніца МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна, кіраўніцтва фонду спадзяецца, што будуць працягвацца пераўтварэньні ў эканамічным сэктары. У гэтым зьвязку ня выключаны пачатак перамоваў адносна пэрспэктыўных праграмаў Беларусі і МВФ. На ацэнку структурных пераўтварэньняў запатрабуецца некалькі місій. Ня выключана, што чарговая пачне працу ўжо ў траўні:

"Магчымае абмеркаваньне новай праграмы МВФ, але ўсё будзе залежаць ад патрэбаў Рэспублікі Беларусь у рэсурсах. І ў той жа час шмат будзе залежаць ад таго, як пойдуць перамовы з уладамі. У прыватнасьці, па структурных пераўтварэньнях".

Па выніках трэцяга агляду праграмы stand-by экспэрты МВФ спрагназавалі дэфіцыт фінансаваньня на ўзроўні амаль 2 мільярды даляраў — пры папярэднім прагнозе ў 1,5 мільярда. У дакладзе адзначаецца, што, апроч "нафтавага шоку", гэта адно з наступстваў адмовы Расеі выдаць Беларусі заключны транш абяцанага крэдыту на паўмільярда даляраў. Пры гэтым МВФ спадзяецца, што Беларусь усё ж атрымае пазыку ад Эўразьвязу ў памеры амаль 300 мільёнаў даляраў, якая была заплянаваная яшчэ ў канцы 2009 году. Гэтая фінансавая дапамога ўвязаная з праграмай МВФ stand-by.

Чаму Міжнародны валютны фонд гатовы і надалей фінансаваць стратную эканоміку Беларусі? Па словах эканаміста Леаніда Злотнікава, перадусім — каб выключыць ланцуговую рэакцыю ў выпадку дэфолту:

"Адзначу, што МВФ тады дае крэдыты, калі лічыць, што эканоміка краіны знаходзіцца ў небясьпечным стане і справа можа дайсьці да дэфолту. А калі адбываецца дэфолт, то ён цягне за сабой неплацяжы па ўсім ланцужку — ад Беларусі да іншых краінаў, што можа адбіцца на міжнароднай валютнай сыстэме. Таму МВФ і дае крэдыты. Пра тое, што эканоміка нашай краіны ў небясьпечным стане, мы ведаем. І гэта пацьвярджае МВФ, бо інакш фонд нават і не разглядаў бы магчымасьць крэдытаваньня. Гэта па-першае.

Па-другое, МВФ зараз будзе разважаць: ці дапамогуць гэтыя крэдыты прадухіліць дэфолт у Беларусі? Таму што калі Беларусь ня робіць захадаў, каб зацягнуць рэмень, каб скараціць дэфіцыт гандлёвага балянсу і панізіць спажываньне насельніцтвам, як зараз гэта робіцца ў Грэцыі, то МВФ можа прыйсьці да высновы, што Беларусі нічога не дапаможа, і крэдыт ня дасьць".

Беларускія ўлады ў адмысловым лісьце на імя кіраўніцтва МВФ "апраўдваюцца" за дэфіцыт бюджэту і прапануюць захады, каб мінімізаваць наступствы "нафтавага шоку". У прыватнасьці, плянуецца ажыцьцявіць "рацыяналізацыю" нафтавага сэктару за кошт скарачэньня вытворчасьці і падвышэньня яго эфэктыўнасьці. Ужо скасаваныя субсыдыі нафтаваму сэктару і падвышаныя кошты на нафтапрадукты. Прыкладна на 10% плянуецца падвысіць стаўкі акцызаў на тытунёвыя вырабы і алькагольную прадукцыю. Апроч таго, вырастуць стаўкі адлічэньняў у інавацыйныя фонды і падаткі ў сыравіннай галіне. Такім чынам, як лічаць улады, гэткія захады дазволяць кампэнсаваць блізу 5 трыльёнаў рублёў, або звыш 80% "шоку".



Першы транш крэдыту МВФ у памеры 800 мільёнаў даляраў Беларусь атрымала ў студзені 2009 году. Другі паступіў летась у ліпені — 680 мільёнаў даляраў. Да канца году Менск "пабагацеў" яшчэ двойчы: блізу 700 мільёнаў даляраў паступіла ў кастрычніку і столькі ж у сьнежні. На мінулым тыдні ў казну "ўпаў" апошні транш у памеры 670 мільёнаў даляраў. Агулам падтрымка МВФ дасягнула сумы ў 3,5 мільярда даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG