Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страты ад дарагой нафты кампэнсуюць людзі й нафтавы сэктар


Дом ураду
Дом ураду

Выдаткі бюджэту Беларусі, зьвязаныя з шокам зьмены цэнаў на імпартаваную з Расеі нафту, ацэньваюцца ў памеры прыкладна 5,9 трыльёна беларускіх рублёў, што ў пераліку складае амаль 2 мільярды даляраў ЗША.

Пра гэта гаворыцца ў лісьце аб намерах, які прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі і кіраўнік Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч накіравалі 15 сакавіка кіраўніцтву Міжнароднага валютнага фонду, паведамляе БелаПАН.

Ліст характарызуе эканамічную палітыку і мэты ўладаў Беларусі на 2010 год і ўяўляе сабой дапаўненьне і ўдакладненьне абавязацельстваў, прынятых імі ў межах пагадненьня з МВФ аб крэдыце stand-by.

У лісьце адзначаецца, што новы кантракт на пастаўкі расійскай нафты прадугледжвае значнае павышэньне сярэдняй цаны на імпартаваную нафту. Гэта будзе кампэнсавацца за кошт рэалізацыі шэрагу мер карэкціроўкі эканамічнай палітыкі.

А менавіта:


— Рацыяналізацыя нафтавага сэктару за кошт скарачэньня вытворчасьці і павышэньня яе эфэктыўнасьці

    • адмена субсыдый, зьвязаных з экспартам, што выдзяляюцца нафтаваму сэктару
    • адмена мыта на экспарт сырой нафты і нафтапрадуктаў
    • павышэньне аптовых цэн на 7%
→ Вынік: скарачэньне стратаў бюджэту, якія ўзьнікаюць у выніку шоку зьмяненьня цэн на нафту, на 3,8 трыльёна рублёў.


— Павышэньне ставак акцызаў на тытунёвыя вырабы і алькагольную прадукцыю на 10%

→ Вынік: даходы ў 0,12 трыльёна рублёў.


— Павышэньне ставак адлічэньняў у інавацыйныя фонды

→ Вынік: даходы ў 0,35 трыльёна рублёў.

Гэтыя даходы будуць выкарыстоўвацца ўрадам для фінансаваньня расходаў на мерапрыемствы па энэргазьберажэньні, якія ўжо ўключаны ў бюджэт.


— Павышэньне падаткаў на сыравінную галіну

→ Вынік: даходы ў 0,6 трыльёна рублёў.


— Абмежаваньне павелічэньня фонду аплаты працы ў 2010 годзе ў рамках 11%.


Сідорскі і Пракаповіч: «На пачатку гэтага года мы павысілі тарыфную стаўку першага разраду на 5%, а пенсіі — на 10%. Любое далейшае павышэньне зарплаты ў бюджэтным сэктары пасьля першага кварталу будзе разглядацца толькі, калі дазволяць макраэканамічныя ўмовы. Мы будзем па-ранейшаму кіравацца практыкай абмежаваньня росту зарплаты работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў, якія атрымліваюць дзяржпадтрымку. Пры прыняцьці рашэньня аб павышэньні пэнсій мы будзем кіравацца неабходнасьцю забясьпечваць устойлівасьць Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва».


— Павышэньне тарыфаў жыльлёва-камунальных паслуг насельніцтву на 7 даляраў ЗША да канца чэрвеня і стымуляваньне мераў па скарачэньні затрат.


— Узмацненьне бюджэтнай дысцыпліны на ўзроўні мясцовых органаў кіраваньня,

каб дэфіцыты бюджэтаў мясцовых органаў кіраваньня, якія фінансуюцца за кошт унутраных крыніц, не перавышалі 1% іх даходаў, гэта значыць ліміт, ўстаноўлены законам аб бюджэце на 2010 год.

→ Чакаецца, што прапанаваныя меры дазволяць скараціць разрыў бюджэтнага фінансаваньня на 1 трыльён рублёў.

«Каб закрыць астатнюю частку разрыву фінансаваньня, мы прымем дадатковыя меры па ўмацаваньні даходнай часткі бюджэту і/або скарачэньні расходаў у другім паўгодзьдзі. Калі гэтыя меры будуць недастатковыя для закрыцьця астатняй часткі разрыву фінансаваньня, дэфіцыт бюджэту можа быць павышаны на велічыню да 1 трыльёна рублёў», — гаворыцца ў лісьце.

Урад таксама мае намер ссунуць расходы бюджэтных арганізацый на больш позьні пэрыяд году, абмежаваўшы іх расходы ў першым квартале і першым паўгодзьдзі 23 і 45 працэнтамі гадавых бюджэтных асыгнаваньняў адпаведна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG