Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці быў гранатамёт здатны страляць?


У Вярхоўным судзе Беларусі працягваецца працэс па справе Мікалая Аўтуховіча, Уладзімера Асіпенкі, Міхаіла Казлова і Аляксандра Ларына, якіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту ды іншых злачынствах.

1 красавіка на працэсе дапытвалі экспэртаў, якія дасьледавалі самаробную бомбу і гранатамёт, знойдзеныя 28 кастрычніка 2005 году ў двары ліцэю № 1 у Горадні. Паводле сьледзтва, гэтую зброю прынёс на месца Аляксандар Ларын, які зьбіраўся зьдзейсьніць замах на старшыню гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку, нібыта на замову Мікалая Аўтуховіча.

Раней Аляксандар Ларын у судзе казаў, што зрабіў бомбу самастойна, прыладзіўшы тратылавую шашку і дэтанатар да лялечнага аўтамабіля з дыстанцыйным кіраваньнем. Ці магчыма гэта для чалавека без адмысловай адукацыі? Экспэрт Максім Каляда сёньня заявіў суду, што магчыма. Сьведка сказаў, што гэтак жа вырашыў і год таму пасьля ўдзелу ў допыце Ларына. Маўляў, той разьбіраўся ў справе, а чаго ня ведаў, тое мог недзе прачытаць. Аднак выявілася, што ў экспэртным заключэньні, складзеным год таму, Максім Каляда сумняваўся ў самастойнасьці Ларына. Пракурор Эльдар Сафараў працытаваў некаторыя пункты заключэньня:

«Ларын паказаў, што сам вырабіў засьцерагальнік, між тым ён зроблены зь пераключальніка, які ўваходзіць у склад лялькі. Таксама сказаў, што не выкарыстоўваў палімэрнае рэчыва, але яно было. У корпусе былі зроблены дзіркі для пераключальніка, а Ларын пра іх нічога не сказаў. Таксама ў апісаньні антэны былі адрозьненьні. Ён казаў, што запайваў туды ртуць, але ртуці там не знайшлося. З гэтага можна зрабіць выснову, што Ларын выбуховае прыстасаваньне сам не вырабляў, магчыма, бачыў, як гэта робіць іншы».

З паказаньняў другога экспэрта, Мікалая Казарца, таксама выявіліся супярэчнасьці ў крымінальнай справе. 24 сакавіка сьведка, вайсковец Сяргей Гранкоўскі, распавёў суду, як на палігоне з падначаленымі яны толькі з трэцяй спробы ўзарвалі зарад гранатамёту. Нібыта выкарыстоўвалі дзеля гэтага тратылавыя шашкі. Сёньня экспэрт Мікалай Казарэц сказаў, што зарад мусіў узарвацца адразу. «Дастаткова нават звычайнага дэтанатара, каб узарваўся апфол — адмысловая выбухоўка зараду гранатамёта. Толавая шашка выбухне гэтак, што апфол абавязкова здэтануе», — даводзіў экспэрт. Тады судзьдзя Аляксей Цяцюхін пачаў задаваць пытаньні, удакладняючы сказанае. «Калі б яны ўсталявалі тратылавую шашку на гранатамёце далей ад зараду, то, магчыма, зарад бы не ўзарваўся», — урэшце пагадзіўся экспэрт Мікалай Казарэц.

Назіральнік за працэсам Алег Воўчак не выключае, што знойдзены непадалёк ад дома старшыні гарадзенскага аблвыканкаму гранатамёт насамрэч быў муляжом. Пэўна праверыць гэта зараз немагчыма, бо ад гранатамёту застаўся толькі фатаздымак. Яшчэ застаюцца паказаньні сьведак, у тым ліку капітана Гранкоўскага. Паводле гэтых паказаньняў, гранатамёт быў узарваны ў той жа дзень, як яго знайшлі. Такую пасьпешлівасьць капітан патлумачыў інструкцыяй.

Камэнтар дае праваабаронца Алег Воўчак
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:20 0:00
Наўпроставы лінк


Незалежны юрыст Андрэй Сушко адзначыў разыходжаньні ў паказаньнях экспэртаў і гэтак пракамэнтаваў падзеі на працэсе:

«Ня першы раз мы на судзе назіраем, што сьведкі даюць альбо паказаньні, якія ў нечым адрозьніваюцца ад ранейшых, альбо нават зусім іншыя ў некаторых аспэктах».

На паседжаньне пасьля абеду прыйшоў даваць паказаньні былы старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка, на якога, паводле сьледзтва, нібыта замовіў замах Мікалай Аўтуховіч. Уладзімер Саўчанка прызнаны ў гэтай справе пацярпелым. Пра што казаў суду былы старшыня аблвыканкаму, стане вядома пазьней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG