Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагрозы, абяцаньні і бутэлька гарэлкі


У Вярхоўным судзе на працэсе над Мікалаем Аўтуховічам ды іншымі сьведкі кажуць пра тое, як сьледчыя дамагаліся ад іх патрэбных паказаньняў.

29 сакавіка на працэсе дапытвалі 5 сьведак. Яшчэ была выкліканая на допыт Анжэла Ларына, жонка абвінавачанага Аляксандра Ларына. Яна скарысталася правам не сьведчыць у справе мужа і адмовілася ад дачы паказаньняў.

Прадпрымальнік з Воршы Ігар Пузікаў распавёў суду, як у 2005 годзе спрабаваў перадаць Аўтуховічу ў турму цыдулку, каб атрымаць ад вязьня згоду на набыцьцё ў яго «2-3 адзінак аўтатэхнікі». Цыдулку Пузікаў прасіў перадаць знаёмага, супрацоўніка турмы Сяргея Шнітко, але той прачытаў запіску і адмовіўся яе перадаваць. Гэтыя паказаньні Пузікава Шнітко потым збольшага пацьвердзіў.

Паводле Ігара Пузікава, сьледчыя нібыта прымусілі яго сказаць, што запіска ў турму ўсё ж патрапіла. Нагадаю, абвінавачаньне даказвае, што Аўтуховіч з-за кратаў кіраваў падрыхтоўкай тэракту і выпадак з Пузікавым, відаць, доказ магчымасьці такога кіраваньня. Але сёньня ў судзе Ігар Пузікаў фактычна забраў назад гэтыя паказаньні.

Па словах сьведкі, яму пагражалі, абяцалі хуткае вызваленьне, дапытваўся ён як падазроны і ўсё гэта падзейнічала — ён даў патрэбныя паказаньні. Узнагародай стала ня толькі воля, але і грошы на квіток з Гародні ў Воршу ды бутэлька гарэлкі з рук сьледчага. Такое прызнаньне зрабіў сёньня сьведка Ігар Пузікаў.

Пра псыхалягічны ціск на сьледзтве казала і сьведка Людміла Парэмская, былая бухальтарка фірмы Аўтуховіча «Ніка-транс».

Усё, што я на сьледзтве казала пра зброю, не адпавядае рэчаіснасьці.
«Усё, што я на сьледзтве казала пра зброю, не адпавядае рэчаіснасьці. Я была ў такім стане, што магла нагаварыць і падпісаць што заўгода, толькі б выпусьцілі», — сказала Людміла Парэмская пра свае паказаньні адносна знойдзенага ў Горадні гранатамёта. Падчас сьледзтва Парэмская не выключала, што гранатамёт неяк зьвязаны з Аляксандрам Ларыным.

Паводле сьледзтва, Ларын на замову Аўтуховіча рыхтаваў замах на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку менавіта з гранатамёту.

Былы аўганец Канстанцін Уланаў распавёў пра тое, як сустракаўся з Аўтуховічам і Ларыным у Менску ў 2005 годзе. Паводле сьледзтва, падчас гэтай сустрэчы яны нібыта сачылі за намесьнікам міністра падаткаў і збораў Васілём Камянко, рыхтуючы на яго замах.

Назіральнік за працэсам праваабаронца Алег Воўчак кажа, што Ўланаў гэта з большага не пацьвярджае:

«Сказаў, што ні за кім не сачыў. Што яго падрабязна не праінфармавалі, навошта прыехалі. Сказалі, што шукаюць чалавека, які дапаможа ім змагацца зь беззаконьнем. У турме ён перанёс інфаркт, адвакат казаў, што нельга браць яго на сьледчыя дзеяньні, але ўсё роўна яго вазілі па месцах, дзе, паводле Ларына, да іх далучыўся Ўланаў, калі яны сачылі за Камянко. Між тым пра Камянко ён даведаўся толькі з матэрыялаў справы».

Нагадаю, факт сачэньня за Васілём Камянком прызнаў на судзе Мікалай Аўтуховіч. Паводле Аўтуховіча, яны не зьбіраліся рабіць замах на чыноўніка, а толькі шукалі доказы ягонай, як яны лічылі, проціпраўнай дзейнасьці.

Сьведка-міліцыянт з Горадні Вайніловіч завіў, што ўсе супрацоўнікі ўправы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю пэўна ведалі пра знойдзены ў Горадні гранатамёт, і што займацца гэтай справай не ўваходзіла ў абавязкі маёра Міхаіла Казлова. Нагадаю, Казлова абвінавачваюць у тым, што ён не спыніў падрыхтоўку злачынства, пра якую ведаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG