Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 лютага Валянціну Тарасу споўнілася б 80


Валянцін Тарас не дажыў да гэтай даты крыху менш году. Паэт, публіцыст, перакладчык, намесьнік старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру пайшоў з жыцьця летась 13 лютага. Каляндарная блізасьць датаў ягонага жыцьцяпісу дала падставы сябрам і блізкім уганараваць іх адной імпрэзай, якая адбудзецца 17 лютага ў Менску ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча.

Літаратуразнаўцу прафэсара БДУ Міхася Тычыну днямі папрасілі перадаць ліст Валянціну Тарасу з ЗША. Былая ягоная калега, якая цяпер жыве ў Кліўлендзе, нарэшце прачытала кнігу “На высьпе ўспамінаў” і вырашыла падзяліцца ўражаньнямі. Яна ня ведала, што гэта апошняя прыжыцьцёвая кніга аўтара. Міхась Тычына працягвае:

“Такія нечаканкі даюць магчымасьць востра адчуць адсутнасьць гэтага літаратара, выдатнага прамоўцы, чалавека з гумарам, з іроніяй, які многія рэчы разумеў і ўмеў рэагаваць на іх сходу, без падрыхтоўкі, бо ўнутрана, духоўна заўсёды быў гатовы да ўсялякіх нечаканак”.

Пачынаючы зь дзяцінства, ён і сам ствараў нечаканкі ў сваім лёсе. Трынаццацігадовым хлапчуком зьбег у лес да партызанаў. Праўду пра савецкую партызанку і сваё падлеткавае жыцьцё ў ёй потым ярка апісаў у кнізе “На высьпе ўспамінаў”. Дапаўняючы яе да апошніх дзён, ён так і ня скончыў гэтую, можа быць, галоўную кнігу свайго жыцьця.

Валянцін Тарас пачынаў як расейскамоўны паэт, але потым стаў пісаць вершы па-беларуску. Разам з Карласам Шэрманам пераклаў на расейскую мову раман “Восень патрыярха” Габрыэля Гарсія Маркеса. А калі маскоўскія выдаўцы захацелі выдаць кнігу Быкава “Доўгая дарога дадому”, то Васіль Уладзімеравіч даверыў пераклад менавіта Валянціну Тарасу. Адстойваньне дэмакратычных прынцыпаў зблізіла яго з Алесем Адамовічам і Навумам Кісьлікам. Нікога зь іх ужо няма, з сумам зазначае спадар Тычына:

“Кола людзей такой старой гвардыі, такога гарту, гатоўнасьці ісьці на барыкады ўсё меншае. Зьяўляецца моладзь, але моладзь яшчэ павінна набываць вопыт байцоўскі, а гэта ня так хутка даецца. Таму я адчуваю, па-першае, адсутнасьць яго як асобы, непаўторнай, можна сказаць гераічнай. А з другога боку адсутнасьць яго як публіцыста, літаратара, сябра Васіля Быкава. гэта адчуваньне вельмі вострае. Тым больш, што гадавіна, яна заўсёды ўзьбівае менавіта на такі настрой і на такія думкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG