Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьменшыць рызыку захворваньня на рак грудзей?


Рэгулярнае абсьледаваньне ў спэцыялістаў дапаможа вам выявіць рак малочнай залозы ўжо на раньняй стадыі, а значыць, і мець шанцы на выздараўленьне. Але рызыку захварэць можна зьменшыць і прафіляктычнымі сродкамі, – сьцьвярджае сучасная мэдыцына.


Многія жанчыны нараджаюцца, ужо маючы рызыку захварэць на рак грудзей. З генэтыкай, сямейным багажом хваробаў нічога ня зробіш. Гэтаксама, як пры іншых формах рака, рызыка захварэць на рак грудзей павялічваецца з узростам. Толькі палова аднаго працэнта трыццацігадовых рызыкуюць захварэць, а рызыка ў 60-і гадовых складае тры з паловай працэнты.

Цяпер ёсьць цьвёрдыя доказы таго, што і лад жыцьця ўплывае на разьвіцьцё рака грудзей – колькасьць выпітага жанчынай алькаголю (лепш не ўжываць увогуле), аб’ём фізычнай актыўнасьці (чым большы, тым лепей) і ці прымае яна гарманальныя сродкі (чым меней, тым лепей). Таксама лекары настойліва заклікаюць жанчын трымаць у норме вагу, бо атлусьценьне павялічвае рызыку разьвіцьця рака малочнай залозы.

Натуральна, вы павінны ведаць гісторыю хваробаў сваёй сям'і. І нават калі ў ёй няма выпадкаў хваробы на рак малочнай залозы, вы не павінны супакойвацца. Парайцеся са спэцыялістам-генэтыкам, зрабіце тэсты на генэтычныя мутацыі, якія павялічваюць рызыку захворваньня на рак грудзей. Не забывайце, што на хваробу могуць уплываць абодва бакі сям'і, а ня толькі маці. І нават калі ніхто ніколі ў сям'і не хварэў, гэта не зьяўляецца гарантыяй, што вы не захварэеце.

Скараціце спажываньне алькаголю, ці ўвогуле ад яго адмоўцеся. Не існуе бясьпечнай колькасьці алькаголю.

Рабіце фізычныя практыкаваньні. Нават нязначная колькасьць фізычнай актыўнасьці можа быць карыснай. Тым болей, што гэта спрыяе зьмяншэньню вагі. Рызыка зьмяншаецца з павелічэньнем працягласьці і інтэнсыўнасьці практыкаваньняў. Дасьледаваньні сьведчаць, што жанчыны, якія маюць у сярэднім тры гадзіны напружанай фізычнай нагрузкі ў тыдзень, зьмяншаюць рызыку хваробы на 20 працэнтаў.

Раньнія мэнструацыі, позьняя мэнапаўза, адкладваньне цяжарнасьці і адмаўленьне ад нараджэньня дзяцей увогуле павялічваюць рызыку рака грудзей. Калі ў вас ёсьць дзіця, карміце яго грудзямі, і чым даўжэй, тым лепей.

Пастарайцеся не прымаць камбінаванай гарманальнай тэрапіі. Калі ж гэта неабходна, тады бярыце як мага меншыя дозы цягам найкарацейшага тэрміну. Таксама жанчыны, якія карыстаюцца супрацьзачаткавымі таблеткамі, павялічваюць рызыку захварэць. Сёньня лекары заклікаюць жанчын шукаць альтэрнатыўныя мэтады кантрацэпцыі і пазьбягаць натуральных (ці травяных) гармонаў таксама.

Пазнаёмцеся і з вашымі асабістымі фактарамі рызыкі. Ваша рызыка рака малочнай залозы можа быць вышэйшай за звычайную, калі вы маеце больш высокі рост за сярэдні. Павышае рызыку захварэць і ваша прыналежнасьць да вышэйшай за сярэднюю клясу. Магчыма, гэта зьвязана з тэндэнцыяй да адкладваньня нараджэньня дзяцей і адмаўленьня нараджаць увогуле. Калі вы ніколі ня мелі поўнага тэрміну цяжарнасьці, нараджалі дзяцей пасьля 30 гадоў, або вы ўжо перахварэлі на рак маткі, яічнікаў і тоўстай кішкі або калі-небудзь атрымлівалі высокую дозу радыяцыі на грудзі, тады рызыка разьвіцьця рака малочнай залозы у вас можа таксама быць большай за сярэднюю.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG