Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што кажа ўсясьветная статыстыка здароўя


Выйшла дасьледаваньне - "Ўсясьветная статыстыка аховы здароўя, 2009 год", у якім прыводзіцца штогадовая падборка дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, якія паступілі з 193-х яе дзяржаваў – сяброў.

Усе лічбы, паказьнікі, суадносіны ўзятыя з публікацыяў і базаў дадзеных, падрыхтаванымі тэхнічнымі праграмамі і рэгіянальнымі бюро Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя. На думку ўкладальнікаў, справаздачы, набор паказьнікаў усебакова характарызуюць цяперашні стан здароўя насельніцтва і сыстэмаў аховы здароўя, уключна з такімі аспэктамі як сьмяротнасьць, прычыны сьмяротнасьці, інфэкцыйныя захворваньні.

Кіраўнік рэгіянальнага бюро Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя у Беларусі Ягор Зайцаў кажа:

“Канечне, у яго ёсьць свае недахопы, гэта не залатая сярэдзіна. Па-першае, мы не заўсёды дакладна можам ведаць, наколькі праўдзівая гэта інфармацыя, якая прадастаўляецца краінамі”.

Статыстыка па Беларусі ў цэлым выглядае даволі прыстойна: тут няма малярыі, ліхаманкі. Нават па распаўсюдзе ВІЧ-інфэкцыі Беларусь - лепш за суседзяў: 158 інфікаваных на 100 тысяч насельніцтва. Для параўнаньня: у Расеі – 774, у Эстоніі – 871, ва Ўкраіне 1082. Вельмі нізкі паказьнік дзіцячай і мацярынскай сьмяротнасьці – ніжэйшы, чым, да прыкладу, у Латвіі, Славаччыне, Расеі. Да прыкладу, у Беларусі на 10 тысяч насельніцтва 48 дактароў і 125 чалавек сярэдняга мэдпэрсаналу. У Нямеччыне адпаведна 30 дактароў і 80 мэдсёстраў.

Сацыялягічная лябараторыя «Люстэрка» нядаўна правяла дасьледаваньне, па выніках якога 41% апытаных адзначае дрэнную працу ўстановаў аховы здароўя, зьніжэньне даступнасьці і якасьці мэдычных паслугаў, чэргі ў паліклініках.

Вось два сьвежыя прыклады. Міністэрства аховы здароўя зараз праводзіць службовае расьсьледаваньне, чаму месяц таму пасёлку Гатава, які побач са сталіцаў, хуткая дапамога ехала больш за паўтары гадзіны. 46-гадовая жанчына памерла ад сардэчнага прыступу, не дачакаўшыся лекараў.

Яшчэ адзін выпадак адбыўся ў мінулыя выходныя:

«Бацьку стала дрэнна на лецішчы. Мы на сваёй машыне павезьлі яго ў пятую бальніцу. Мы адмовіліся яго шпіталізаваць. Прывезьлі дадому, выклікалі "Хуткую дапамогу". "Хуткая дапамога" адвезла яго ў 10-ы шпіталь, дзе паклалі яго адразу ў рэанімацыю – аказалася, абшырны інфаркт».

Кіраўнік рэгіянальнага бюро Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя у Беларусі Ягор Зайцаў тлумачыць, што даступнасьць – панятак складаны. А ў справаздачы ўлічваецца толькі, ці ёсьць магчымасьць дабрацца да лекара, калі ты захварэў, альбо гэта магчымасьць абмежаваная, ці наагул адсутнічае. Калі патрэбная мэдычная дапамога, то, у прынцыпе, яна даступная. Але тут яшчэ як мінімум два складнікі, тлумачыць Ягор Зайцаў:

«Другі панятак – спагадлівасьць дапамогі, наколькі сыстэма аховы здароўя кліентаарыентаваная, наколькі яна не прымушае цябе чакаць у чарзе, наколькі лекар тлумачыць пацыенту, што зь ім здарылася, якія ёсьць варыянты лячэньня, якія рызыкі. То бок гэта ўжо спагадлівасьць, у адрозьненьні ад даступнасьці. Гэта тое, наколькі дапамога блізкая да чалавека, наколькі яна гуманная. Трэці момант – гэта якасьць. Наколькі дапамога якасная, наколькі лячэньне адказвае сучасным патрабаваньням доказнай мэдыцыны».

Што да прычын сьмяротнасьці, як і ва ўсім сьвеце, на першым месцы ў Беларусі сардэчна-сасудзістыя захворваньні (52,5%), на другім месцы – анкалягічныя захворваньні (каля 14%). Але тут ёсьць свая спэцыфіка: на Гомельшчыне за 23 гады пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС першасныя захворваньні на рак шчытападобнай залозы сярод жыхароў заражаных тэрыторыяў вырасьлі ў 10 разоў.

Ёсьць беларускай мэдыцыне і чым ганарыцца. Сёлета выкананыя першыя пасьпяховыя апэрацыі па перасадцы сэрца. За апошні год зроблена 22 апэрацый па транслянтацыі печані. Што тычыцца наагул трансплянтацый, дырэктар Рэспубліканскага цэнтру трасплянтацыі Анатоль Ус кажа, што тут вельмі шмат чыньнікаў: фінансы, выдаткі, разьвіцьцё матэрыяльна-тэхнічнай базы з аднаго боку, а навука, сучасныя тэхналёгіі – з іншага:

«За мінулы год па афіцыйных дадзеных Эўрапейсакага рэгістру што тычыцца, скажам, перасадкі коснага мозгу, ствалавых клетак, то ў Беларусі з разьліку на 10 мільёнаў насельніцтва (так тлумачаць яны) выкананая 131 трансплянтацыя коснага мозгу ствалавых клетак. Для параўнаньня, у Расеі – 29, ва ўкраіне – 9, у Польшчы – 177. Немагчыма, канечне, дагнаць і перагнаць Амэрыку з улікам рэаліяў, але гэта някепскія вынікі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG