Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары супраць будаўніцтва на месцы канцлягера


Жыхары дамоў № 30 і 32 што на вуліцы Калініна патрабуюць не распачынаць будаўніцтва дома ў іх двары. Яны спасылаюцца на тое, што гэта пагоршыць і без таго ня лепшую экалягічную сытуацыю на вуліцы. Жыхары зазначаюць, што дом плянуюць будаваць на парэштках людзей, расстраляных у часы вайны.

Жыхары сабраліся каля дома № 30. Яны прыгадалі, што гэты дом быў пабудаваны ў 1937 годзе і адзін застаўся на вуліцы пасьля вызваленьня Менску.

Спадарыня: «Гэта дом гістарычнай значнасьці. Яго пабудавалі ў 1937 годзе. Ён вытрымаў бамбёжку, усё перажыў. Мы даражым гэтым домам. Яго рамантуюць час ад часу. А цяпер пачнуць па́лі забіваць, пачнецца разбурэньне. Шкада такога дома».

Жыхарка дома № 30: «Паміж нашымі дамамі няма выезду. Выезд толькі адзін. Будаўніцтва будзе весьціся некалькі гадоў. Будуць вазіць будаўнічыя матэрыялы і значыць праезд будзе праз тэрыторыю нашых двароў. Сьпілавалі дрэвы і зьнялі шумавы бар’ер такім чынам. А дамы і так стаяць на перакрыжаваньні двух вуліц з вялікім патокам аўтамабіляў — Якуба Коласа і Калініна».

Ад дамоў у некалькіх мэтрах плот. За ім тэрыторыя вайсковага атэлье і зямля, якая належыць Міністэрству абароны. Гэта вельмі маленькая тэрыторыя. Жыхары патлумачылі, што дом будуць будаваць ў форме літары «Г». Яны прыгадалі, што на гэтым месцы нават у 70-я вясной, калі таяў сьнег, з-пад зямлі паказваліся чалавечыя косткі і чарапы.

Ала Кароль

Жыхар дома № 30: «Мы гатовыя выйсьці і не даваць будаваць. Калі б у мяне ў падвале быў бы кулямёт, то я б яго выкапаў. Сур’ёзна! Спальны раён у цэнтры горада, таму, натуральна... Тут жа канцлягер быў! Адсюль і ўся Талбухіна выслана косткамі. Гэта ж канцлягер»!.

Спадарыня: «Няхай падымуць гістарычныя дакумэнты і паглядзяць, дзе яны хочуць пабудаваць дамы».

Жыхарка дома № 30: «Яны сказалі, што гэта будзе дом „паніжанай камфортнасьці». Адзін толькі гараж у іх будзе каштаваць 25 000 даляраў. Гэта хто ж можа пабудавацца ў такім доме «паніжанай камфортнасьці“?! Толькі спэцназ і Нацбанк, аб’яднаўшыся разам!».

Спадарыня: «Я думаю, што яны жадаюць жыць у цэнтры. Кунцаўшчына ці Курасоўшчына іх не задаволіць. Таму яны заплацяць розныя штрафы, толькі каб жыць у цэнтры».

Спадарыня: «Я думаю, што яны маюць камэрцыйную зацікаўленасьць, бо рэалізацыя кватэр, пабудаваных у цэнтры гораду, унутры жылой забудовы, далей ад шумных вуліц, пойдзе значна хутчэй і па больш вялікім кошце. Каэфіцыент кошту мэтра такога жыльля будзе значна вышэйшы ».

Спадар з дому № 32: «У мяне вуглавая кватэра і сонца ад паловы на 8-ую, а потым зьнікае. А, калі тут пабудуюць дом, то ў тых пад’ездах сонца ўвогуле ня будзе».

Юрась Меляшкевіч
На сустрэчы жыхароў прысутнічаў Юрась Меляшкевіч. Людзі падпісваліся пад зваротамі ў розныя установы. Юрась паведаміў, што праваабарончы камітэт руху «За свабоду» будзе аказваць людзям прававую дапамогу:

«Мы напісалі зварот у Камітэт дзяржаўнага кантролю, у якім распавялі пра канфліктную сытуацыю і ўсе парушэньні. Ёсьць спосабы, каб былі ўлічаныя патрабаваньні жыхароў, прычым, самыя аб’ектыўныя, якія замацаваныя ў дзяржаўных законах. Галоўнае, каб людзі, якія робяць такія рэчы, былі пакараныя. Гэта вельмі важна».

Жыхары запэўнілі, што не дапусьцяць будаўніцтва, якое сапсуе й архітэктурны воблік вуліцы Якуба Коласа, якая не ўздымаецца вышэй за чацьвёрты паверх. Яны абураліся, што ў двары сьпілавалі вялікія дрэвы.

«Гэта дзікунства, каб сьпілаваць столькі добрых дрэваў! Калі сыходзіць з пазыцыі, што яны 20-гадовай даўніны, то тады трэба, значыць, сьпілаваць палову Менску. Ніхто ня мераў загазаванасьць».

За сходам назіраў кот, які жыве ў 30-м доме. Ён выйшаў і далучыўся да натоўпу. Людзі патлумачылі, што гэта Мурзік, якога ўсе любяць. Кот сам выходзіць на вуліцу, а потым яму адчыняюць дзьверы пад’езду і ён сам вяртаецца ў кватэру. Гаспадар Мурзіка, Ян Далідовіч, вырас у гэтым двары. Ён пашкадаваў, што на пляцоўцы амаль не засталося дрэваў.

«Мы гулялі ў двары і на тэрыторыі дома вайсковага адзеньня. Гэта сапраўды вельмі кепска, што зрубілі ўсё. Тэрыторыю забяруць пад дарогу да новага дому. Паставяць пятачок з бэтону».

Ала Кароль дадала:

«Настолькі пагаршаць жыцьцё людзей, недапушчальна. У людзей зьявілася жаданьне пабудаваць сабе дом у цэнтры Менску коштам такога пагаршэньня жыцьця людзей гэтых дамоў. Гэта парушэньне закону і ўсіх існуючых нормаў».

Кот
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG