Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адмяніць будаўніцтва бібліятэкі


Праект новай Нацыянальнай бібліятэкі ў Празе
Праект новай Нацыянальнай бібліятэкі ў Празе
Грамадзкія слуханьні па ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў сувязі з заплянаваным будаўніцтвам АЭС, якія былі праведзеныя 9 кастрычніка ў Астраўцы, на думку грамадзкіх актывістаў, яскрава засьведчылі, што ўлік меркаваньня грамадзтва ў Беларусі — цалкам фіктыўны і не адпавядае дэмакратычным нормам. А як гэты ўлік грамадзкай думкі выглядае ў іншых краінах? Ніжэй — прыклады з Чэхіі.

Грамадзкія актывісты з Чэхіі лічаць, што думка ўлічваецца пры прыняцьці рашэньняў мала. Але станоўчыя прыклады — ёсьць.

Прыкладам, грамадзкія актывісты дамагліся, каб скасавалі плян будоўлі бібліятэкі на тэрыторыі парку, распавёў Онджэй Міроўскі, старшыня Партыі зялёных у раёне Прага-7.

Калі стала вядома, што на тэрыторыі грамадзкага парку плянуецца збудаваць бібліятэку, прадстаўнікі партыі паставілі ў горадзе намёты, дзе зьбіралі подпісы супраць будаўніцтва. З дапамогай чэскага Закону аб пэтыцыях можна ўплываць на некаторыя падзеі, — кажа сп. Міроўскі. Разьлічвалі на тое, што гэта зойме тры месяцы, але справа расьцягнулася амаль на паўтара года. Але і плён аказаўся значна большы, чым меркавалася напачатку. Пэтыцыю “За захаваньне грамадзкай прасторы” цягам паловы году падпісалі 8 тысяч чалавек.

Апроч таго, у раёне Прага-7 у паштовыя скрыні раскідалі фармуляры з тэкстам пратэсту супраць будаўніцтва. Кожны ахвотны мог
падпісаць гэты ліст і адправіць поштаю ў мясцовы ўрад. Паводле заканадаўства, урад мусіць адказаць на кожны такі ліст. “Урад папросту закідалі гэтымі лістамі, і справа не магла застацца незаўважанай”, — кажа сп. Міроўскі.

У выніку ад ідэі збудаваць у парку бібліятэку адмовіліся. На погляд сп. Міроўскага, посьпех гэтай справы залежаў ад комплексу чыньнікаў.

Па-першае, пра будаўніцтва бібліятэкі пашчасьціла дазнацца загадзя.

Па-другое, была добра зладжаная PR-кампанія. На адмысловую канфэрэнцыю запрасілі 7 журналістаў, у тым ліку з Чэскай тэлевізіі, а таксама прадстаўнікоў усіх арганізацый, якія маглі выказаць свае меркаваньні за і супраць будаўніцтва. Рассылка навін на тэму, як прасоўваецца справа з падачай пэтыцыі, уключала каля 300 адрасоў. Такім чынам удалося прыцягнуць увагу ня толькі да будаўніцтва бібліятэкі, але і наагул да стану грамадзкіх паркаў, тэрыторыя якіх паступова скарачаецца, — падкрэсьлівае маштабнасьць вынікаў кампаніі Онджэй Міроўскі.

На сёньня задача, актуальная для зялёных актывістаў, — уплыў на зьмест 10-гадовага пляну забудовы Прагі. Наўпрост сябры партыі не маглі браць удзел у абмеркаваньні пляну, але яны знайшлі агульную мову з прыхільнікамі “зялёных” поглядаў у органах мясцовага самакіраваньня. “Праблема працы з гэтым плянам у тым, што гэта непапулярная ў людзей тэма. 10 год — гучыць неяк аддалена, а людзі мысьляць бліжэйшым, заўтрашнім днём. Таму мы стараемся, працуючы зь людзьмі, акцэнтаваць увагу на буйных праектах і галоўнай мэтай называем захаваньне грамадзкіх паркаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG