Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Адмовіўся ад “радыёкропкі” — каб ня слухаць афіцыйную хлусьню”


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 30 верасьня 2009 году

Значная частка пошты Свабоды — пра лёс беларускай мовы, пра яе будучыню, якая з кожным годам выклікае ў многіх людзей усё большую трывогу. Нягледзячы на фармальны дзяржаўны статус, беларуская мова на працягу апошніх пятнаццаці гадоў пасьлядоўна выціскаецца з усіх сфэраў грамадзкага жыцьця — са справаводзтва, адукацыі, нават культуры. А ці толькі дзяржава прыклала руку да вынішчэньня мовы?

Вось які ліст на гэтую тэму даслала нам Раіса Катлярова з Магілёва. Слухачка піша:

“Што турбуе, дык гэта стаўленьне ў грамадзтве да нашай роднай беларускай мовы. Адкажыце сумленна самі сабе: ці чытаеце вы ў дадзены момант беларускія кнігі? А вашыя знаёмыя, сябры?

Уявіце сытуацыю: на бібліятэчнай паліцы побач стаяць дзьве кнігі —адзін і той жа добры раман, але на дзьвюх розных мовах — рускай і беларускай. Якую з кніг Вы выбераце?

А хто прачытае тую велізарную літаратурную спадчыну, якую пакінулі нашы вялікія пісьменьнікі? Няўжо толькі літаратуразнаўцы? А многія ж пісьменьнікі аддавалі за родную мову і здароўе, і дабрабыт, і нават жыцьці свае (як правіла — маладыя)”


Пытаньні Вашы, спадарыня Катлярова, збольшага рытарычныя: адказы на іх загадзя вядомыя. Многія людзі ў Беларусі сваё грэблівае стаўленьне да мовы тлумачаць палітыкай дзяржавы, якая спрыяе русіфікацыі, канчаткова выціскае беларускую мову з грамадзкага ўжытку. А зь іншага боку, чыноўнікі ў моўнай палітыцы апэлююць да грамадзкай думкі: маўляў, беларусы сваіх дзяцей у беларускія школы аддаваць ня хочуць, па-беларуску між сабой не гавораць... Зачараванае беларускае кола, у якім мова, як у жорнах, пакутуе ўжо каторае дзесяцігодзьдзе...

Будучыня беларускай мовы і нацыянальнай гістарычнай сымболікі непокіць і нашага слухача Андруся Анцуха зь Менску. У сваім лісьце на Свабоду ён піша:

“Я люблю ўсё беларускае: музыку, літаратуру, культуру. Хацелася б большай папулярызацыі роднай мне беларускай мовы. Толькі клясычнай, не “наркамаўкі”. Яшчэ больш хацелася б слухаць пра нацыянальныя беларускія сымбалі. Бел-чырвона-белы сьцяг, герб “Пагоня” — гэта для мяне сьвятое. Я нават тату зрабіў на целе з выявай Пагоні і сьцяга. На жаль, наш народ да гэтага ставіцца абыякава, бо нічога пра гэта ня ведае. Для яго гэта — чужое. На жаль...”.

У нацыянальных гістарычных сымбаляў вельмі глыбокія карані. Як ні імкнулася камуністычная ўлада зьнішчыць іх — за 70 гадоў зрабіць гэта ёй не ўдалося. Тым больш ня ўдасца цяпер, пасьля таго, як пад Пагоняй і бел-чырвона-белым сьцягам Беларусь у ’91-м годзе стала незалежнай дзяржавай і жыла пад гэтымі сымбалямі наступныя тры гады, калі ў краіне існаваў параўнальна дэмакратычны лад. Пытаньне дзяржаўных сымбаляў у Беларусі немінуча паўстане зноў — як толькі зьменіцца ўлада.

Аўтар наступнага ліста — Мікола Корбут зь вёскі Міхалёва Бабруйскага раёну — паведамляе пра тое, зь якімі нязручнасьцямі сутыкаюцца людзі ў сувязі з разгорнутай у краіне кампаніяй эканоміі рэсурсаў. Слухач піша:

“На чыгунцы ў накірунку Асіповічы — Магілёў ёсьць невялікая станцыя Вонічы (правільна: Войнічы). Там засталіся чатыры хаты, у якіх людзі жывуць у “каменным веку”. Ліхтары на слупах каля станцыі запальваюцца ўначы столькі разоў, колькі праходзіць цягнікоў. І праз хвіліну ўсё выключаецца. У хаце да выключальніка ўначы дабіраесься вобмацкам. Каму патрэбна такая эканомія, калі ў нас у Бабруйскім раёне ёсьць фэрмы, дзе тыя ж ліхтары на слупах часта зьзяюць цэлымі днямі, спаборнічаючы з сонцам?”.

Тое, што чыгунка намагаецца ашчаджаць электраэнэргію, зусім зразумела, спадар Мікола. Можа, і няма патрэбы ў тым, каб бязьлюдная станцыя зьзяла ўсю ноч? Ня дзеля таго ж гараць на вуліцы ліхтары, каб было сьветла ў хатах і вы маглі лёгка знаходзіць выключальнік. Зрэшты, калі гэта стварае нязручнасьці жыхарам тых чатырох хат, — можа, варта праз сельсавет знайсьці нейкі разумны кампраміс? Галоўнае ж для гэтых людзей, відаць, ня тое, каб станцыя асьвятлялася, а — каб было сьветла ля ўласнай хаты. А для чатырох сядзібаў хопіць на вуліцы і аднаго сьціплага ліхтара.

Дарэчы, наўрад ці здолеюць доўга існаваць пры ўключаным круглыя суткі асьвятленьні і тыя бабруйскія фэрмы, пра якія Вы, спадар Мікола, пішаце. Час, калі любыя страты калгасаў кампэнсавала са свайго бюджэту дзяржава, мінае.

Наш колішні слухач Мікола Канаховіч з Пружанаў у сваім новым лісьце наракае на тое, што больш ня мае магчымасьці слухаць Свабоду. Ён піша:

“Дзе я толькі ні шукаў новы кароткахвалевы прыймач — ад Берасьця да Віцебска. Усе крамы завалены магнітоламі і радыёпрыймачамі, якія ня маюць дыяпазону кароткіх хваляў. Адзінае, што яны ловяць — ФМ-станцыі Менска і Берасьця, у якіх з раніцы да ночы — адно толькі завываньне расейскай папсы, якую я нязношу. У сваёй кватэры я ўвогуле адмовіўся ад радыёкропкі — каб ня слухаць афіцыйную хлусьню пра наша “шчасьлівае” жыцьцё і дзікунскія сьпевы на расейскай мове. Цікава, чаму з продажу зьніклі сапраўды добрыя прыймачы — “Акіян”, ВЭФ, іншыя?.. Можа, вы параілі б, дзе можна набыць кароткахвалевы прыймач”.

З падобнымі пытаньнямі зьвяртаюцца да нас многія слухачы (пераважна — сталага веку). На жаль, тыя прыймачы, да якіх яны прывыклі, якія ў 70-80-ыя гады былі ледзь ня ў кожнай савецкай сям’і, спакваля ператварыліся ў антыкварыят. Рыскі электратэхнічны завод ВЭФ у сярэдзіне 90-х гадоў фактычна спыніў сваё існаваньне: на яго месцы зьявіўся вялізны гандлёвы комплекс. А менскі “Гарызонт” адмовіўся ад выпуску новых мадэляў такіх прыймачоў, спасылаючыся на нерэнтабэльнасьць і нізкі попыт. (Хоць апошні аргумэнт, мяркуючы па пошце Свабоды, выглядае сумнеўным).

Некаторыя нашы слухачы паведамляюць, што кароткахвалевыя прыймачы кітайскай вытворчасьці можна знайсьці на рынках — у прадпрымальнікаў, якія гандлююць радётэхнікай. Аўтар аднаго зь лістоў падзяліўся ўласным досьведам — як знайшоў неблагі прыймач савецкай вытворчасьці. Ён даў абвестку ў газэту бясплатных аб’яваў — і атрымаў нямала прапаноў. Ну, і найбольш сучаснае выйсьце з сытуацыі — падключэньне да інтэрнэту альбо набыцьцё спадарожнікавай тэлеантэны.

На заканчэньне — кароткія лісты-прапановы і пажаданьні ад нашых сяброў — даўніх слухачоў Свабоды. Вось што піша Вольга Адамейка зь вёскі Беразінская Маладэчанскага раёну:

“Хацелася б, каб Свабода больш глыбока асьвятляла эканамічныя падзеі, па магчымасьці — з прыцягненьнем шырэйшага кола экспэртаў, у тым ліку і праўладных. Бо эканамічныя агляды атрымліваюцца ў вас часам троху аднабаковымі”.

Слушная заўвага, спадарыня Вольга. Вось толькі, на жаль, і чыноўнікаў, і праўладных экспэртаў надзвычай складана прыцягнуць да дыскусіі перад мікрафонам. Рабіць гэта без санкцыі вышэйшага начальства большасьць іх катэгарычна адмаўляецца.

Аўтар наступнага ліста — Натальля Бордак зь Нясьвіжа. Яна піша:

“У Беларусі столькі разбураных храмаў, касьцёлаў… Як навучыць новае пакаленьне памятаць пра гісторыю саміх сябе, пра сваіх продкаў? Увогуле — не забыцца, адкуль мы. Паглядзіце на Нясьвіскія могілкі — жудасная карціна...”.

І яшчэ адзін ліст-прапанова, які даслаў Анатоль Чачотка зь Менску. Слухач піша:

“Хацелася б, каб у вашых перадачах было больш шчырасьці. Іншы раз стараесься для “Званкоў Свабоды” як мага больш коратка выказаць сваё меркаваньне, а ў эфіры і гэта скарачаюць — пакідаюць толькі сказ ці два. Разумею важнасьць і адказнасьць рэдагаваньня, але ці не занадта іншы раз страхуюцца рэдактары?

Яшчэ адна прапанова. У Беларусі заўсёды былі весьнікі свабоды. Пачынаючы ад слуцкіх змагароў і пазьней. На жаль, пра іх мала расказваецца. А то і ўвогуле нічога ня пішуць. Часта пра гэта гучыць у перадачах Міхася Скоблы. Але ж людзі ў яго асаблівыя — пісьменьнікі, мастакі… А былі ж і ёсьць звычайныя, шэраговыя людзі — ці не ў кожнай вёсцы або гарадку. Вось пра іх хацелася б пачуць: пра іх маўклівае ўпартае змаганьне за свабоду і дэмакратыю. Тут вялікія даўгія матэрыялы не патрэбны — гэта не для радыё. Галоўнае — праўда, шчырасьць, душа”
.

Уласна кажучы, спадар Анатоль, менавіта пра такіх людзей — нашых сучасьнікаў — мы і расказваем штодня ў эфіры Свабоды. Іх хапаюць і зьбіваюць на вуліцы за нацыянальны сьцяг, выключаюць з ўнівэрсытэта за ўдзел у апазыцыйным мітынгу, звальняюць з працы за тое, што адмовіліся ўдзельнічаць у датэрміновым галасаваньні. Здавалася б, дробныя, ня надта значныя факты. Але гэта і ёсьць тое асабістае змаганьне за свабоду і дэмакратыю, пра якое Вы, спадар Анатоль, пішаце.

Рыхтуючы перадачы на гэту тэму, мы разьлічваем і на Вашу дапамогу, шаноўныя слухачы. Бо хто лепш за вас ведае пра гэтых людзей, пра тое цікавае і адметнае, што адбываецца ў вашых вёсках, мястэчках і гарадах.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG