Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Беларусі кіруюць падман, хлусьня ды абяцаньні”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 8 ліпеня 2009 году

Значную частку нашай пошты апошніх тыдняў складаюць лісты-развагі пра сёньняшні стан беларускага грамадзтва, пра тое, ці гатова яно да пераменаў і ці магчымыя гэтыя перамены ў блізкай будучыні.

З аднаго такога допісу і пачну сёньняшнюю размову. Наш слухач Пётар Сьцепановіч са Слуцку лічыць, што сёньня ў Беларусі пануе сыстэма татальнага кантролю і сачэньня за выказваньнямі людзей. Ён піша:

“Большасьці народу хочацца зьмяніць становішча, пры якім у Беларусі кіруюць падман, хлусьня ды беспадстаўныя абяцаньні — кшталту таго, што цэны расьці ня будуць. Іншая справа, што народ у нас замбаваны, верыць словам Лукашэнкі нават больш, чым калісьці словам Сталіна. І публічна гаварыць пра Лукашэнку цяпер гэтак жа небясьпечна, як некалі пра вусатага генэралісімуса. Скажа прадпрымальнік кепскае слова пра Лукашэнку — праз два-тры дні ў яго зьявіцца падатковы інспэктар. Рабочыя за чаркай утрох пагавораць — а праз два тыдні таго, хто крытыкаваў уладу, звольняць.

Сам я кажу сьмела, я пэнсіянэр. Але слухаюць мяне з апаскай: а раптам я правакатар? Калі наведаю офіс прадпрымальніка — у таго прадпрымальніка неўзабаве пачнуцца праблемы з падаткавікамі.

Весьці палітычную барацьбу супраць Лукашэнкі практычна немагчыма. СМІ друкуюць толькі той матэрыял, які праверыць цэнзура. Апазыцыя публікуе такую крытыку, якая прыносіць Лукашэнку толькі дывідэнды. Сам я належу да Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). Але мне ні разу не далі выступіць на мітынгу з трыбуны. Мае прапановы, выказаныя на зьездах, ня ставіліся на галасаваньне. Гэта сьведчыць пра тое, што і вярхушка партыі дзейнічае так, каб Лукашэнка заставаўся пры ўладзе вечна”
.

Цяжка пагадзіцца з вашымі, спадар Сьцепановіч, сьцьвярджэньнямі пра тое, што кантроль дзяржавы над думкамі і выказваньнямі грамадзянаў набыў у Беларусі настолькі татальныя маштабы. У асабістых зносінах людзі даволі разьняволеныя. Крытычныя ацэнкі і выказваньні на адрас улады ў Беларусі нярэдка пачуеш і на вуліцы, і ў грамадзкім транспарце. Параўноўваць сёньняшнюю сытуацыю са сталінскімі часамі, калі за такія выказваньні траплялі ў ГУЛАГ, не выпадае.

Што да крытыкі, якая гучыць на адрас прэзыдэнта Лукашэнкі са старонак “Народнай Волі” ці з трыбунаў апазыцыйных партыяў, то яна наўрад ці прыносіць яму палітычныя дывідэнды. Нягледзячы нават на тое, што вы падазраяце кіраўніцтва сваёй “Грамады” ў нядобрых намерах. Магчыма, варта проста шчыра паразмаўляць з аднапартыйцамі, каб высьветліць сапраўдныя прычыны таго, чаму яны не даюць вам слова на мітынгах.

На працягу апошніх месяцаў у апазыцыйнай прэсе гучала нямала крытычных выпадаў на адрас лідэра руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча. Некаторыя былыя паплечнікі абвінавачваюць яго ў супрацоўніцтве з уладай і кажуць пра здраду дэмакратычным ідэалам. Ліст на гэтую тэму даслаў нам Мікалай Куксо з пасёлку Івянец Валожынскага раёну. Слухач піша:

“Лічу сваім абавязкам стаць на абарону сумленнага і таленавітага палітыка, які бязь лішняга шуму правёў вялізную работу дзеля эўрапеізацыі Беларусі і наданьня новага імпульсу дачыненьням Беларусі з Эўропай і Расеяй.

Мілінкевіча дакараюць: маўляў, прэзыдэнцкую кампанію праводзіў млява, не павёў народ на барыкады. Але ж быў і другі апазыцыйны кандыдат, які павёў людзей да турмы на Акрэсьціна. І чым усё скончылася?

Справа не ў асобах Мілінкевіча і Казуліна. Проста на той час грамадзтва было не гатова да пераменаў і баявыя лёзунгі не падтрымала б — нават калі б яны і былі.

Цяпер адна частка апазыцыі трымаецца лёзунгу “Усё альбо нічога!” Яна патрабуе адразу памяняць рэжым на дэмакратычны — выканаць 12 патрабаваньняў Эўразьвязу. На што рэжым ніколі не пагодзіцца. А другі накірунак — гэта тактыка Мілінкевіча, якую цяпер падтрымлівае і Эўропа. Сэнс яе — у тым, каб паступова, крок за крокам вымагаць ад рэжыму саступкі ў абмен на эканамічную і палітычную падтрымку ў супрацьстаяньні з імпэрскімі памкненьнямі Расеі. І некаторы плён ад гэтай палітыкі ўжо ёсьць. “Народная Воля” і “Наша Ніва” прадаюцца ў шапіках, большасьць палітвязьняў вызвалена, Беларусь атрымлівае заходнія крэдыты... Крытыкам раю не шукаць ворага ў асобе Мілінкевіча, а рабіць нашу агульную справу — змагацца за незалежнасьць і дэмакратызацыю Бацькаўшчыны”
.

Дыскусіі, палеміка, сутыкненьне палітычных праграмаў у дэмакратычным асяродзьдзі — нармальная зьява, якая дапамагае аб’ектыўна ацаніць рэальны стан рэчаў і адшукаць аптымальны шлях да агульнай мэты. Іншая справа, калі падчас гэтых дыскусіяў нехта з удзельнікаў у палемічным запале пераступае межы прыстойнасьці і пачынае бачыць у партнэры не саюзьніка, а ворага, шпіёна і перараджэнца. І, адпаведна, абвінавачваць яго ў амаральных паводзінах і цяжкіх злачынствах. Хоць у якасьці падставаў для такіх абвінавачаньняў часта — толькі нічым не падмацаваныя здагадкі ды падазрэньні.

Аўтар наступнага ліста — літаратар Сяргей Шаміёнка зь Менску — задумаўся над прычынамі нацыянальнага бяспамяцтва многіх беларусаў. Слухач піша:

“Часта ў Беларусі людзі задаюць пытаньне: “Чаму міліцыя з такой жорсткасьцю зьбівае ўдзельнікаў вулічных дэманстрацый?” Я таксама задумаўся над гэтым пытаньнем. І ўспомніў, як падчас навучаньня ў Беларускім політэхнічным інстытуце адзін выкладчык з катэдры нам казаў: “Гэта ў Вялікабрытаніі адны кажуць: мы — англічане, а другія: мы — шатляндцы. А ў нас на гэта пытаньне ўсе адказваюць аднолькава: мы — расейцы!” Прыкладна так нас вучыў выкладчык.

Нездарма ў Беларускім народным фронце, сябрам якога я зьяўляюся, я не знайшоў ніводнага свайго аднагрупніка.

Выракацца свайго нас вучылі са студэнцкай лавы. Разьлік быў правільны і спрацаваў. Хочацца спадзявацца — часова!”


З таго часу, як політэхнічная акадэмія называлася інстытутам, шмат часу мінула, спадар Шаміёнка. І многае ў гэтай справе зьмянілася. Пра тое, што мы — беларусы, што трэба ганарыцца сваёй краінай, сёньня мінаку на вуліцах Менску нагадваюць ледзь не на кожным скрыжаваньні вялізнымі рэклямнымі шчытамі зь лёзунгам: “За Беларусь!” Уначы 3-га ліпеня дзясяткі тысяч змабілізаваных грамадзянаў хорам сьпявалі: “Мы — беларусы, мірныя людзі...” Праўда, усё гэта не замінае ўладзе працягваць палітыку татальнай русыфікацыі, а прэзыдэнту Лукашэнку — час ад часу паўтараць свой стары тэзіс, што беларусы і расейцы — гэта нібыта адзін народ.

Аўтар наступнага кароткага ліста — краязнаўца Алесь Шустоўскі з Барысава. Ён зьвяртаецца на “Свабоду” з наступным пытаньнем:

“Неяк у мінулым чэрвені пачуў па Беларускай Свабодзе ад старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава зьвесткі пра тое, што Беларусь дала сьвету больш як 60 адміралаў. Гэта пры тым, што наша краіна выхаду да мора ня мае і сваіх адміралаў не рыхтуе. Карціць мець у сваім нататніку пералік прозьвішчаў гэтых адміралаў-беларусаў. У якіх гадах яны служылі ў марскім флёце, чым вызначыліся?”

Поўную інфармацыю на гэтую тэму можна знайсьці ў кнізе Барыса Далгатовіча пад назвай “Адміралы зямлі беларускай”, найноўшае перавыданьне якой убачыла сьвет у 2009 годзе ў выдавецтве “Беларусь”. Увогуле, сярод расейскага генэралітэту нямала беларускіх ураджэнцаў. Напрыклад, намесьнік камандуючага расейскім Балтыйскім флётам — віцэ-адмірал Васіль Апановіч, які нарадзіўся і вырас у Беларусі.

На заканчэньне кароткі ліст ад Рамана Зіноўева са Смаргоні — на тэму зьнешнепалітычных прыярытэтаў Беларусі, ейнага месца ў сьвеце. Слухач піша:

“Нядаўна пачуў па “Свабодзе” развагі нейкага палітыка: маўляў, няблага было б, каб Беларусь стала гэткай усходнеэўрапейскай Фінляндыяй, паўтарыла яе шлях, выкарыстала досьвед. Выбачайце, але Фінляндыя ніколі не жыла “па паняцьцях”, не была запаведнікам прамаскоўскіх адстаўнікоў. Я тут размаўляў нядаўна з адным такім... Дык ён кажа: калі да ўлады прыйдзе БНФ, дык яны, адстаўнікі, дэстабілізуюць сытуацыю за тыдзень. І Лукашэнка пра гэта ведае”.

Фінляндыя ўваходзіла ў склад Расейскай імпэрыі на працягу больш як ста гадоў — амаль усё 19-е стагодзьдзе і пачатак 20-га — аж да распаду імпэрыі ў выніку бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 году. Так што фіны, спадар Зіноўеў, на сабе зазналі ўсе адметнасьці расейскай бюракратычнай сыстэмы.

Зрэшты, звычайна, калі гавораць пра “фінляндызацыю”, маюць на ўвазе іншы пэрыяд гісторыі — эпоху “халоднай вайны”. Тады Фінляндыя, якая належала да заходняга дэмакратычнага сьвету, мела вельмі блізкія стасункі з СССР. Многія лічаць, што Беларусь магла б стаць такой жа нэўтральнай краінай паміж Расеяй і Эўразьвязам і мець з гэтага неблагія палітычныя і эканамічныя дывідэнды.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.


Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG