Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У шапікі — нельга, падпісацца — таксама нельга


Belarus -- newsstand in Minsk, 21Nov2008
Belarus -- newsstand in Minsk, 21Nov2008
Дзяржаўнае прадпрыемства “Белпошта” адмовілася распаўсюджваць па падпісцы грамадзка-палітычную газэту “Свободные новості плюс”. Беларуская асацыяцыя журналістаў заявіла, што тыя ці іншыя праблемы ў супрацоўніцтве з “Белпоштай” й “Белсаюздрукам” зазнаюць і 12 іншых недзяржаўных выданьняў.

Сёньня карэспандэнты “Свабоды” у рэгіёнах даведваліся як мясцовыя недзяржаўныя газэты спрабуюць вярнуцца ў дзяржаўную сыстэму распаўсюду, і што з гэтага атрымліваецца.

Бабруйск


У шапікі “Белсаюздруку” вярнулася газэта “Бабруйскі кур’ер”


У Бабруйску яшчэ ў ліпені ў шапіках “Белсаюздруку” зьявілася недзяржаўная газэта “Бабруйскі кур’ер”.

Анатоль Санаценка
У дзяржаўнай сетцы распаўсюду газэты “Бабруйскі кур’ер” не было два з паловай гады. Мясцовы філіял “Белсаюздруку” скасаваў дамову на распаўсюд газэты нібыта з прычыны вялікага працэнту сьпісаньня. Два з паловай гады рэдакцыя намагалася перазаключыць гэтую дамову, аднак марна. Сытуацыя зьмянілася месяц таму.

“Дамову яны з намі заключылі заднім чыслом 1 ліпеня, але першы нумар пайшоў у шапікі менавіта пятнаццатага”, — кажа рэдактар выданьня Анатоль Санаценка.

З-за надуманых забаронаў газэта страціла траціну свайго накладу.
Што страціла выданьне за час адсутнасьці ў дзяржаўнай сетцы распаўсюду?

“Мы да забароны з 1 лютага 2007 году прадавалі ў кіёсках ад 4,5 да 6 тысяч асобнікаў за месяц. Цяпер па тых выніках, якія ў нас ёсьць, зразумела: гэтыя пазыцыі нейкі час давядзецца аднаўляць”.

І хоць “Бабруйскі кур’ер” вярнулі ў сетку дзяржаўнага распаўсюду, забарона на разьмяшчэньне ў ім рэклямы не ліквідаваная:

“Забарона гэтая тычыцца тых арганізацыяў і ўстаноў, дзе ёсьць доля ўласнасьці дзяржавы. Яны, відаць, хацелі б распаўсюдзіць і на прыватныя камэрцыйныя структуры, аднак з гэтым складаней. Мы зь імі працуем, як і раней”, — зазначае Анатоль Санаценка.

Горкі


Незалежная газэта “Ўзгорак” мусіць ствараць уласную сетку распаўсюду


Заключыць дамову з “Белсаюздрукам” больш за два месяцы не ўдаецца горацкай незалежнай газэце “Ўзгорак”. Паводле рэдактара Эдуарда Брокарава, адмову адміністрацыя прадпрыемства тлумачыць адсутнасьцю месца ў шапіках:

Эдуард Брокараў
“Калі б была дамова з „Белсаюздрукам“, гэта было б нядрэнна. Прывяду прыклад: наша мясцовая недзяржаўная газэта „Рэгіянальныя ведамасьці“, паводле маіх зьвестак, прадае каля 800 асобнікаў на тыдзень у шапіках „Белсаюздруку“ І гэта істотна. Мы зараз робім захады па атрыманьні ўласнай гандлёвай ліцэнзіі, і тады будзем адчыняць у Горках некалькі пунктаў па продажы нашага выданьня”.

“Узгорак” зарэгістравалі сёлета пры канцы красавіка. Цяпер яго наклад — 1000 асобнікаў. У пэрспэктыве выдаўцы зьбіраюцца яго распаўсюджваць, акрамя Горацкага, яшчэ ў Дрыбінскім і Мсьціслаўскім раёнах.

Чаму для “Бабруйскага кур’ера” цяпер газэтныя шапікі даступныя, а для “Ўзгорка” — не? Кіраўнік “Магілёўсаюздруку” і ён жа чалец грамадзкай каардынацыйнай Рады ў сфэры СМІ Аляксандар Чачора лічыць, што горацкае выданьне пакуль не заслужыла месца там:

“Кожнай газэце, перад тым як заняць годную нішу на рынку, трэба спачатку ўвайсьці на гэты рынак і прайсьці пэўны шлях. Для гэтага трэба, каб разьвівалася творчасьць, каб яна рэклямавалася, каб была заўжды цікавасьць да гэтага выданьня чытачоў. Вось і ўсё”.

Гарадзеншчына


Чыноўнікі “Белпошты” й “Белсаюздруку” не пераймаюцца праблемамі “Газэты Слонімскай”


Праблемы з распаўсюдам на Гарадзеншчыне зазнала толькі “Газета Слонімская”. Рэдакцыі давялося абапірацца выключна на ўласныя сілы. Наклад часткова зьменшыўся, паколькі “Белсаюздрук” адмовіўся прадаваць выданьне, а пошта — распаўсюджваць. Сытуацыя трывае бязь зьменаў з пачатку 2006 году.

Галоўны рэдактар “Газеты Слонімскай” Віктар Валадашчук кажа: цягам гэтага часу рэдакцыя штогод зьвярталася ў дзяржаўныя структуры, каб аднавіць супрацоўніцтва зь “Белпоштай”, “Белсаюздрукам”, а таксама з абласной друкарняй, якая адмовілася тыражаваць выданьне. Аднак ніякіх вынікаў гэта не дало. Не дапамог і ліст, атрыманы рэдакцыяй за подпісам старшыні Рады па СМІ Паўла Якубовіча. Гэты ліст журналісты “Газеты Слонімскай” накіравалі ў “Белсаюздрук”, але ніякага адказу не атрымалі.


“Мясцовыя кіраўнікі „Белпошты“ і „Белсаюздруку“ — выканаўцы чужых загадаў”.
Валадашчук
: “Шчыра кажучы, я ўжо зразумеў, што тут галоўнае не ў суб’екце гаспадараньня. Маецца на ўвазе — не „Белсаюздрук“ і „Белпошта“ прымаюць рашэньне, а, хутчэй за ўсё, рашэньні прымае дзесьці высокае начальства, скажам так. Бо, па словах мясцовых кіраўнікоў „Белпошты“ і „Белсаюздруку“, калі дадуць загад, калі атрымаем паперку, то пагодзімся адразу. Вось і ўсё. Указаньне павінны атрымаць яны ці з аблвыканкаму, ці зь Менску. Я ня ведаю, хто тут прымае рашэньні”.

Баранавічы


Гэтымі днямі галоўны рэдактар недзяржаўнай газэты “Ганцавіцкі час” Пятро Гузаеўскі і кіраўнік прыватнага выдавецкага прадпрыемства “Інтэкс-прэс-рэгіён” Аляксей Белы на сваю спробу вярнуць выданьне да чытачоў праз падпіску атрымалі адмову за подпісам кіраўніцы Берасьцейскага філіялу “Белпошты” Валянціны Пух. Адмова паступіла й з рэгіянальнай сыстэмы “Белсаюздруку”. Аляксей Белы кажа:

“Адмаўляюць нам. „Белсаюздрук“ піша, што ў іх і без таго шмат выданьняў. А „Белпошта“ адказвае, што яны самі вызначаюць палітыку паводле заканадаўства й адмаўляюцца ўключаць газэту „Ганцавіцкі час“ у каталёг. Таму „Ганцавіцкі час“ прадаецца з рук і па дамовах куплі-продажу”.

Спадар Белы паведаміў, што й газэту “Нясьвіжскі час”, якую ён таксама рэдагуе, мясцовае прадпрыемства “Белсаюздруку” адмовілася браць у свае шапікі.


Недзяржаўная газэта “Intex-press” дасягнула 20-тысячнага накладу


У Баранавічах праз рукі й крамы распаўсюджваецца 20-тысячным накладам незалежная газэта “Intex-press”.

Андрэй Бастунец
Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, тыя ці іншыя праблемы ў супрацоўніцтве зь дзяржаўнымі сыстэмамі распаўсюду зазнаюць усе рэгіянальныя выданьні.

Намесьнік старшыні БАЖу Андрэй Бастунец заяўляе, што грамадзкая арганізацыя робіць высілкі дзеля таго, каб вярнуць незалежныя выданьні ў дзяржаўную сыстэму распаўсюду, бо іншай у Беларусі няма.

Аднаўленьне нармальнага распаўсюду недзяржаўных выданьняў — пытаньне ня права, а палітыкі.
Бастунец: “Гэта галоўнае пытаньне, якім БАЖ зараз займаецца, падымае яго на ўсіх узроўнях. Калі пры канцы мінулага году ў шапікі вярнулі „Народную волю“ й „Нашу ніву“, Беларуская асацыяцыя журналістаў вітала гэты крок. Былі спадзевы, што астатнія 13 выданьняў бліжэйшым часам змогуць распаўсюджвацца празь сетку дзяржаўных прадпрыемстваў, якія фактычна займаюць манапольнае становішча на гэтым рынку. Але з таго часу толькі адно выданьне — газэта „Бобруйскій курьер“ — змагло вярнуцца ў існуючую сыстэму распаўсюду”.

Спадар Бастунец перакананы, што аднаўленьне нармальнага распаўсюду недзяржаўных выданьняў — пытаньне ня права, а палітыкі:

“Я бачу, што рашэньне, на жаль, палягае не ў прававым, а ў палітычным рэчышчы. Гэтаму вяртаньню, як і ў выпадку з “Народнай воляй” і “Нашай нівай”, павінна папярэднічаць адпаведнае палітычнае рашэньне.

Зразумела, што ўлады спрабуюць трымаць кантроль над інфармацыйнай прасторай. Гэта тычыцца і распаўсюду зарэгістраваных у Беларусі выданьняў, і перашкодаў у працы замежных СМІ. То бок улады імкнуцца выціснуць незалежную інфармацыю ў нейкую рэзэрвацыю, дзе ёю не змагла б карыстацца нават абмежаваная колькасьць грамадзянаў”.

Недзяржаўныя газеты грамадска-палітычнага накірунку, якія зазнаюць тыя ці іншыя праблемы ў супрацоўніцтве з дзяржаўнымі сістэмамі распаўсюду «Белпошта» і «Саюздрук»:

Паводле дадзеных БАЖ. Клікнуць, каб павялічыць






Зьвесткі пра сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі

Агулам
Дзяржаўныя
Недзяржаўныя
Газэты663218445
Часопісы594179415
Бюлетэні421626
Каталёгі 606
Інфармацыйныя агенцтвы
918
Агулам1314414900

Дадзеныя Міністэрства інфармацыі на 8 лютага 2009 г.


Даведка “Свабоды”
У канцы 2008 году недзяржаўным газэтам “Народная воля” і “Наша Ніва” дазволілі вярнуцца ў дзяржаўныя сыстэмы распаўсюду, а “Народнай волі” — друкавацца ўнутры краіны. Тым ня менш да сёньня пазбаўленыя магчымасьці распаўсюджвацца празь сеткі “Белпошта” і “Саюздрук” 13 недзяржаўных грамадзка-палітычных выданьняў, зь якімі прадпрыемствы-манапалісты адмовіліся супрацоўнічаць у канцы 2005- пачатку 2006 гадоў.

З восені 2008 году ў Беларусі дзейнічае грамадзкая каардынацыйная Рада ў сфэры СМІ. У студзені 2009 году ў яе склад прапанавалі ўвайсьці некалькім прадстаўнікам недзяржаўных СМІ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG