Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да “Товарища” лібэралізацыя не дайшла


На пачатку сьнежня “Народнай волі” і “Нашай Ніве” пасьля трохгадовага перапынку дазволілі распаўсюджвацца праз шапікі Белсаюздруку і па падпісцы. Як закранула лібэралізацыя іншыя выданьні, якія таксама былі выключаныя з каталёгаў Белпошты і не прадаюцца празь сетку Белсаюздруку?

Рэдакцыя часопіса “ARCHE-Пачатак” перад Новым годам атрымала зь Белпошты ліст з просьбай даслаць пэўны шэраг дакумэнтаў “для вырашэньня пытаньня аб заключэньні дамовы на 2009 год”. З падпісных каталёгаў часопіс не зьнікаў. А вось Белсаюздрук даў чарговую адмову.

Што да лёсу іншых недзяржаўных грамадзка-палітычных выданьняў, супрацоўніца прэсавай службы Беларускай асацыяцыі журналістаў Вольга Бабак распавяла:

“Ня ўключаныя ў падпісны каталёг Белпошты газэты “Товарищ”, “СН плюс. Свободные новости плюс”, “Новы час”. З рэгіянальных — “Витебский курьер М”, “Вольнае Глыбокае”, “Газэта Слонімская”, “Ганцавіцкі час”, “Інтэкс-прэс” (Баранавічы). Не распаўсюджваюцца праз гандлёвую сетку Белсаюздруку “Товарищ”,“Новы час”, “Бобруйский курьер”, “Борисовские новости”, “Витебский курьер М”, “Газэта Слонімская” “Ганцавіцкі час”, “Вольнае Глыбокае”, “Газета для Вас” (Івацэвічы), “Інтэкс-прэс” (Баранавічы), “Нясьвіскі час” і “ARCHE-Пачатак”.

Такім чынам, атрымліваецца, што Белпошта не ўключыла ў каталёгі 9 грамадзка-палітычных выданьняў, і 12 не распаўсюджваюцца празь Белсаюздрук. Зь некаторымі выданьнямі, да прыкладу, з часопісам “ARCHE-Пачатак”, газэтамі “Бобруйский курьер”, “Нясьвіскі час” Белпошта супрацоўнічае, а Белсаюздрук — не. Ёсьць і адваротная сытуацыя. Прычым ніякай заканамернасьці няма, перакананы дырэктар выдавецкага Дому “Інтэкс-прэс”, у які ўваходзіць сетка выданьняў, Уладзімер Янукевіч:

“Нам адзін раз адмовілі. На другі раз, калі зьвярнуліся, кажуць, што гэта ня іх кампэтэнцыя. Абласныя спасылаюцца на рэспубліканскія, таму што, маўляў, газэты ўваходзяць у рэспубліканскі падпісны каталёг. Белсаюздрук ужо больш за месяц нам не адказвае на наш зварот. Зараз наш юрыст прапрацоўвае пытаньне, што рабіць далей. Будзем абскарджваць іх дзеяньні. А па рэгіянальных газэтах таксама адмовы ці маўчаньне. Ад Менскага аблсаюздруку адмову атрымалі па “Нясьвіскім часе”. Па “Ганцавіцкім часе” таксама няма ніякіх адказаў зь Берасьцейскага аблсаюздруку і з аблпошты. Прычым лёгікі ніякай не заўважана, дзейнічаюць паводле прынцыпу “падабаецца выданьне ці не падабаецца”.
Белпошта не ўключыла ў каталёгі 9 грамадзка-палітычных выданьняў, 12 не распаўсюджваюцца празь Белсаюздрук.


Незразумела, чаму некаторыя выданьні, якія зарэгістраваныя як рэспубліканскія, у адных рэгіёнах можна выпісаць, а ў другіх — не. Тым больш што яны асьвятляюць жыцьцё некалькіх раёнаў, кажа супрацоўніца прэс-службы БАЖ Вольга Бабак:

“Ёсьць некаторыя нюансы з “Рэгіянальнай газэтай”, якая выдаецца ў Маладэчне. Яна ёсьць у Менскім абласным каталёгу, хаця газэта імкнецца трапіць і ў рэспубліканскі каталёг. На “Газэту для Вас” падпісваюць у Івацэвічах, хаця яна таксама імкнецца пашырыць аўдыторыю”.

Да прыкладу, маладэчанская “Рэгіянальная газэта” ахоплівае Вялейскі, Мядзелскі раёны Менскай вобласьці, а таксама Смаргонскі, Ашмянскі, Астравецкі раёны Гарадзенскай вобласьці. Івацэвіцкая “Газэта для Вас” піша і пра суседнія Бярозаўскі і Драгічынскі раёны.

Такім чынам, у дачыненьні да распаўсюду недзяржаўнай прэсы так званая лібэралізацыя тычыцца толькі асобных выданьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG