Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Народная Воля" ў колеры, на 150 старонках і з гелікоптэрам


Госьця Начной Свабоды -- намесьніца галоўнага рэдактара газэты “Народная Воля” Марыя Эйсмант. Эфір 17 сьнежня


Валер Каліноўскі:
Перш чым мы пачнём гутарку, я хачу некалькі словаў сказаць нашым слухачам і вашым патэнцыйным падпісчыкам. А менавіта хачу ім нагадаць, што адноўленая паштовая падпіска на незалежныя газэты “Народная воля” і “Наша Ніва” на наступны год. Яе можна аформіць да 24 сьнежня. Падпісныя індэксы газэт -- 63222 (“Народная воля”), 63125 (“Наша Ніва”) Завітайце на пошту яшчэ да Калядаў! Марыя, скажыце, калі ласка, вяртаньне Народнай Волі ў падпіску прайшло больш менш гладка?

Марыя Эйсмант: Яно прайшло так жа імгненна, як нас выкінулі з друкарні і з падпіскі тры гады таму. Восеньню 2005-га літаральна ў адзін дзень цягам 20 хвілінаў мы атрымалі факсы з друкарні, "Белпошты" і "Белсаюздруку", што яны разрываюць з намі дамовы. А цяпер гэтак жа імгненна яны заключылі за намі новыя дамовы.

Праўда, папярэдне быў званок з Адміністрацыі прэзыдэнта, нам сказалі, што нашы праблемы з распаўсюдам будуць вырашаныя, потым запрасілі нашага галоўнага рэдактара Іосіфа Паўлавіча Сярэдзіча на размову да спадара Русакевіча, і рухавік прыйшоў у дзеяньне. Прычым, я б хацела адзначыць такі момант, што, калі раней мы друкаваліся ў друкарні "Чырвоная зорка", то зараз нас ўзялося друкаваць прадпрыемства "Беларускі дом друку", якое належыць Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта.

Каліноўскі
: Хто за ўсім гэтым стаіць? Сам прэзыдэнт ці кіраўнік адміністрацыі Уладзімер Макей?

Эйсмант: Мне цяжка адказаць, бо я не прысутнічала пры іх размове. Але я памятаю прэсавую канфэрэнцыю, на якой галоўны рэдактар "Народнай Волі" Іосіф Сярэдзіч зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі: "Калі газэта ўжо вернецца ў Беларусь?" Лукашэнка кіўнуў у бок Русакевіча, маўляў, вяртай, калі яны будуць выконваць усе дамовы. Але нас тады не вярнулі. А вось цяпер раптам, калі пачаўся дыялёг Эўропай, вяртаюць. Канечне, я думаю, што гэтае рашэньне прымаў непасрэдна кіраўнік дзяржавы.

Каліноўскі:
Як дзейнічала ваша альтэрнатыўная служба рассылкі газэты? Што зь ёю будзе? Яна захаваецца на ўсялякі выпадак?

Эйсмант:
Са сьнежня мы маем магчымасьць распашўсюджвацца праз шапікі "Белсаюздруку”. А што тычыцца падпіскі на "Белпошце", то газэта пачне распаўсюджвацца толькі ў новым годзе. Наш распаўсюд, які мы самі арганізавалі, ён дзейнічае. Газэту мы па-ранейшаму дасылаем нашым падпісчыкам у капэртах па краіне, а ў Менску яе разносяць валанцёры.

Каліноўскі: І захаваецца гэтая падпіска на наступны год?

Эйсмант: Не. Рэдакцыя ня будзе займацца падпіскай, але ў нашай рэдакцыі мы захавалі магчымасьць прадаваць газэту...

ў час выпрабаваньняў, у які трапілі незалежныя газэты, і "Народная Воля", і"Наша Ніва" змаглі захаваць папяровы варыянт газэты
Каліноўскі:
А раптам яшчэ спатрэбіцца?

Эйсмант: Мы спадзяемся, што гэтыя часы ў мінулым, але я думаю, што калі, не дай Бог, гэта ізноў здарыцца, то ў нас ёсьць такі добры вопыт, і мы гэтую сыстэму наладзім вельмі хутка.

Марыя Эйсмант нарадзілася ў Капылі Менскай вобласьці. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў шматтыражцы Беларускага таварыства інвалідаў. З 1996 года – журналістка “Народнай Волі”. Замужам, муж – хірург, мае дачку.


Каліноўскі:
Марыя, зараз вы можаце прадаваць газэту ў шапіках Саюздруку, распаўсюджваць па пошце. Ці не зьбіраецеся ў сувязі з гэтым паставіць перад сабою нейкія новыя амбітныя мэты на новы год?

Эйсмант: Амбітная мэта ў нашага галоўнага рэдактара існуе з першага выпуску "Народнай Волі". Гэта рабіць каляровую газэту, як у цывілізаваных краінах, на старонках 150-ці, мець вялікі штат супрацоўнікаў і, можа, як у Японіі, нават свой гелікоптэр. Але мы ўсе ведаем і не забываемся пра тыя ўмовы, у якіх даводзіцца нам існаваць і працаваць. І ня толькі "Народнай Волі", але і ўсёй незалежнай прэсе. Я хацела б адзначыць, што ў час выпрабаваньняў, у які трапілі незалежныя газэты, і "Народная Воля", і"Наша Ніва" змаглі захаваць папяровы варыянт газэты. І гэта ўжо вельмі добра. Таму зараз мы павінны думаць пра тое, каб папяровы варыянт рабіць яшчэ большым. Пра колер пакуль размовы не ідзе. Пакуль нам важна рабіць газэту цікавай. У першым паўгодзьдзі мы хацелі б выйсьці ў той жа рэжым працы, што і раней -- 5 разоў на тыдзень. Гэты рэарганізацыйны пэрыяд вельмі цяжкі, і калі мы яго пройдзем добра, то думаю, што ўсё ў нас атрымаецца. "Народная Воля" прызвычаілася працаваць у жорсткіх умовах.

Каліноўскі: Спэцыяльна для вас, спадарыня Эйсмант мы правялі апытаньне сярод чытачоў НВ, з сэрыі, калі б рэдактарам быў я, то якія б зьмены зьведала газэта?”

Культуроляг Вацлаў Арэшка:

Наконт “Народнай Волі” што магу сказаць, мне не хапае больш інтэлектуальнага падыходу. Я разумею, што праект гэтай газэты і прадугледжваў зацікаўленасьць так званых простых людзей, але часам хочацца артыкулаў і больш высокага ўзроўню. Што яшчэ? Магчыма, больш выразнай пазыцыі таксама. Ня тое, што каб была партыйная газэта, але больш дакладна апазыцыйная. Вось такія мае пажаданьні”.

Каліноўскі: Марыя, пагаджаецеся, што трэба больш інтэлектуальных артыкулаў і больш выразная палітычная пазыцыя газэты?

Мы арыентуемся на розныя сацыяльныя слаі насельніцтва. Але хто скажа, што матэрыялы такіх нашых мэтраў, як Сямён Букчын ці Сяргей Ваганаў, не інтэлектуальныя?
Эйсмант:
Дзякуй за меркаваньне. Што да палітычнай пазыцыі, то на гэты конт можна гаварыць з рэдактарам газэты "Товаріщ" Сяргеем Вазьняком. Бо яго выданьне -- гэта орган Партыі камуністаў Беларускай. "Народная Воля" -- газэта незалежная, і наша мэта -- інфармаваць чытача, а не выказваць нейкую пазыцыю.

Вацлаў Арэшка сам адзначыў, што мы -- масавая газэта і робім свой прадукт і для настаўнікаў, і для акадэмікаў, і для рабочых, і для даярак, і для студэнтаў. Мы арыентуемся на розныя сацыяльныя слаі насельніцтва. Але хто скажа, што матэрыялы такіх нашых мэтраў, як Сямён Букчын ці Сяргей Ваганаў, не інтэлектуальныя?

Каліноўскі: А вось музычны крытык Вітаўт Мартыненка рэкамэндуе “Народнай Волі” наблізіцца да масавай культуры.

“Тое, што газэта мае аўтарытэтны погляд і зь ёй лічацца – гэта факт і гэта прыемна. І ў канструкцыі газэты асабліва нічога мяняць ня варта. Але што мне першае кідаецца ў вочы, дык гэта тое, што ў “Народнай Волі” няма нават куточка для мас-культуры. А мас-культура, яна таму так і называецца, што яна масавая. Да прыкладу, гурт “Тэзаўрус” езьдзіў у Польшчу. І газэты “Выборча”, якая не моладзевая газэта, яна на першай старонцы зьмясьціла пра гэта паведамленьне. У гэтай газэце мас-культура займае нармалёвае месца. “Народнай Волі” гэтага не хапае – жывой музыкі, якая сапраўды жыве ў народзе. Я думаю, што газэта на правільным шляху, але трэба дадаць якіясьці стабільныя рубрыкі. Да прыкладу, чалавек набывае нумар, бо ведае, што ў першую пятніцу месяца там будзе спорт. А ў другую – музыка і гэтак далей. Гэта будзе прыцягваць пэўныя групы чытачоў. Але ў сапраўднасьці, я асаблівых праблем ня бачу”.

Каліноўскі: Марыя! Ці Пагаджаецеся з Вітаўтам Мартыненкам – трэба вам болей мас-культуры? Чаму не пішаце пра “Тэзаўрус”?

Эйсмант: Дзякуй Вітаўту. Я перадам Марыне Коктыш, Вользе Пруднікавай, Віталю Гарбузаву, якія кожны тыдзень робяць паласу "Закулісьсе". Мне здаецца, што там інфармацыі пра беларускія гурты, беларускае кіно, тэатар досыць. Але будзем улічваць і гэтае пажаданьне.

Каліноўскі: А фотамастак Георгій Ліхтаровіч мяркуе, што “Народная Воля” павінна стаць “сваёй” таксама людзям, якія яшчэ ня маюць пэўнай палітычнай пазыцыі:

Што тычыцца “Народнай Волі”, то ёй варта быць больш народнай. Бо яна падобная на такі міжсабойчык, дзе ёсьць пэўнае кола аўтараў і пэўнае кола чытачоў. Яны, фактычна, і тыя, і іншыя могуць і чытаць і пісаць. Збольшага, чытачы “Народнай Волі” і самі могуць пісаць ня горш, чым прафэсійныя супрацоўнікі. А выпісваюць таму, што – ну, нешта ж трэба выпісваць, і нешта ж трэба чытаць. Трэба, каб яна дайшла да тых людзей, якія не зьяўляюцца стоадсоткавымі прыхільнікамі тых ідэй, пра якія піша “Народная Воля”. Да тых, хто сумняваецца, каб яна нешта несла людзям, якія стаць у роспачы, стаяць на раздарожжы. Вось гэта асноўная задача “Народнай Волі”.

Каліноўскі: Марыя! Падобная Народная воля на міжсабойчык?

Эйсмант: Мне цяжка сказаць. "Народная Воля" працуе паводле прынцыпу -- рабіць інфармацыю і імкнуцца даносіць яе аб'ектыўна. Калі гэта праблемны матэрыял, то ён павінен быць прадстаўлены з усіх бакоў. Літаральна заўтра, пасьлязаўтра будзем абмяркоўваць гэтыя прапановы.


Каліноўскі: А вось думка сустаршыні аргкамітэту ў стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Віталя Рымашэўскага.

“Было б цікава, каб там падавалася больш аб’ектыўная інфармацыя, якая тычыцца палітыкі. Для мяне б гэта было больш цікава і я б яе чытаў. На жаль, сёньня нельга назваць матэрыялы нетэндынцыйнымі і ўзважанымі. Мне таксама не хапае ў гэтай газэце прафэсіяналізму. Бо вельмі мала падаць матэрыял, у якім выкладаецца пазыцыя нейкага пэўнага палітыка. Важна, каб інфармацыя была рознабаковая. І яе цікава было б чытаць, як газэту, што падае навіны, а не выкарыстоўваць яе ў якасьці агітацыйнага выданьня. Часам газэта бярэ на сябе функцыі цэнзара, што ў прафэсійнай прэсе не дазваляецца. Да прыкладу, ёсьць ацэначныя камэнтары. Мне ўвогуле падаецца, што ў Беларусі не хапае прафэсійнай прэсы, нават сярод апазыцыйнай. Каб журналісты ў ёй выступалі не ў якасьці экспэртаў, а сапраўды журналістаў. Каб яны маглі прафэсійна браць інтэрвію і прафэсійна падаваць рознабаковую інфармацыю”.

Каліноўскі: У кожнага свая думка. Віталь падазрае, што вы займаецеся агітацыяй, а не інфармацыяй...

Эйсмант: Не пагаджуся. Агітацыя гэта гучыць па-ленінску. Мы прытрымліваемся іншых прынцыпаў журналістыкі, эўрапейскай журналістыкі. Галоўны прынцып "Народнай Волі" -- прадастастаўляць старонкі для ўсіх меркаваньняў. Я ніяк не пагаджуся са спадаром Рымашэўскім. У гэтым можна папракнуць дзяржаўную газэту, на старонках якой вы ніколі не прачытаеце Казуліна ці Мілінкевіча. У нас жа наадварот. Мы і рады б друкаваць меркаваньні беларускіх чыноўнікаў па тых ці іншых праблемах, але яны не заўсёды хочуць з намі размаўляць, баяцца, зацягваюць час, калі зьвяртаесься да іх па камэнтар.

Мы і рады б друкаваць меркаваньні беларускіх чыноўнікаў па тых ці іншых праблемах, але яны не заўсёды хочуць з намі размаўляць, баяцца, зацягваюць час, калі зьвяртаесься да іх па камэнтар
Каліноўскі:
Гаворачы пра паляпшэньне сытуацыі для некаторых беларускіх незалежных газэт можа варта згадаць, якія цяжкасьці яны перажылі цягам апошніх 15 гадоў. На прыкладзе Народнай волі гэта раскажа мая калега Ганна Соўсь. Ад 1997 па 2000 гады яна працавала ў газэце “Народная воля”. Пазьней ужо працуючы на “Свабодзе” яна зрабіла шмат рэпартажаў з судовых працэсаў, праз якія давялося прайсьці незалежнай газэце, нават езьдзіла разам галоўным рэдактарам газэты Іосіфам Сярэдзічам у Дуброўна на мяжы з Расеяй, калі канфіскоўвалі наклад выданьня, які везьлі са Смаленску. Ганна, як вы мяркуеце, які пэрыяд існаваньня “Народнай волі” быў найбольш складаным?

Ганна Соўсь: Я пагаджуся з Марыяй, якая сказала, што “Народная Воля" прызвычаілася працаваць у жорсткіх умовах.
Думаю, што лёгкіх часоў у газэты не было ад самага яе заснаваньня ў 1995 годзе, калі Іосіфа Сярэдзіча зьнялі з пасады рэдактара парлямэнцкай “Народнай газэты”, і ён вырашыў заснаваць сваю газэту, так узьнікла “Народная воля”. Я тады яшчэ не працавала, але ведаю, што Марыя Эйсмант прыйшла ў “Народную волю” адной з першых. Літаральна ж адразу пачаліся праблемы з друкарняй, з распаўсюдам. У 1996-м быў пэрыяд, калі карэспандэнты самі раскідвалі газэты па паштовых скрынях. Марыя, можаце згадаць тыя часы. У вас, я так думаю, і машыны не было, грамадзкім транспартам вазілі газэту падпісчыкам.

Эйсмант:
У блякадзе "Народная Воля" за менш чым 14 гадоў існаваньня была тройчы. Тройчы мы вымушаныя былі друкавацца за мяжой. Двойчы ў Літве, апошні раз у Смаленску. Што тычыцца апошняга разу, то ўжо самі мы газэты не разнасілі. але ў некаторыя ўстановы, у Палату Прадстаўнікоў, у шпіталі мы насілі асобнікі газэты. Апошнім разам, што нам удалося зрабіць вельмі хутка -- арганізаваць свой распаўсюд. Тут, канечне, я павінна сказаць вялікі дзякуй нашым чытачам, якія ў гэтыя гады выпісвалі нашу газэту, і тым валанцёрам, якія яе дастаўлялі да чытачоў. Напрыклад, Менск падзялілі на зоны, і нашы чытачы прыходзілі і грамадзкім транспартам развозілі іх астатнім чытачам. Па краіне мы яе ўжо ў капэртах рассылалі.

Соўсь: Пры канцы 1990-х газэту пазбавілі магчымасьці друкавацца ў Беларусі, і яе друкавалі ў суседняй Літве, выданьне вымушанае было прыходзіць да чытачоў са спазьненьнем на дзень. Аднак тады наклад штодзённай “Народнай волі” быў каля 60 тысячаў асобнікаў, а па выходных да 100 тысячаў. Газэту выпісвалі ва ўсіх дзяржаўных структурах. Памятаю, як я рабіла інтэрвію з колішнім начальнікам сьледчага ізалятара на вуліцы Валадарскага Алегам Алкаевым, і ў яго на стале ляжала “Народная воля” і “Камсамолка”, яго любімыя газэты на той час. Тады ў газэце зьмяшчалася даволі шмат рэклямы, быў рэклямны адздзел, я спадзяюся, што ён адновіцца бліжэйшым часам.




У свой час суды пастанавілі выплаціць газэце 65 мільёнаў рублёў (на той момант каля 32 тысячаў даляраў) былому старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягору Рыбакову і ўладальніку газэты “Обозреватель” Сяргею Атрошчанкаму. Гэтую суму прымусілі выплаціць нават пасьля таго, як Рыбакоў трапіў за краты за фінансавыя злоўжываньні. 100 мільёнаў рублёў суд прысудзіў выплаціць”Народнай волі” лідэру Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргею Гайдукевічу, які палічыў непраўдзівай публікацыю пра запазычанасьць лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі ў памеры амаль мільён даляраў міністэрству нафты часоў Садама Хусэйна. Талы галоўны рэдактар газэты “Народная воля” Іосіф Сярэдзіч зьвярнуўся да беларускай грамадзкасьці з просьбай дапамагчы выплаціць гэтую суму. Марыя, вы памятаеце, тыя часы, калі людзі несьлі ў рэдакцыі фактычна свае грошы.... Што тады Вас найбольш уразіла?

Эйсмант: Гэта нельга забыць. Прыкладаў такіх было вельмі шмат Прыходзілі пэнсіянэры і па 5 ці 20 тысячаў аддавалі газэце, каб яе не закрылі.

У Астравец паступае 5 асобнікаў кожнага нумара “Народнай волі”. Адзін застаецца на пошце, другі купляе супрацоўнік райвыканкаму, трэці – мясцовыя спэцслужбы, чацьверты – прадпрымальнік , пяты – аматар
Дарэчы, кожны аўторак і пятніцу, ды і ў іншыя дні сакратарка “Народнай волі” прымае сотні абуральных званкоў ад чытачоў, якія не змаглі набыць газэту ў шапіках. Зьдзіўляцца няма чаму. “Белсаюздрук” прыняў на распаўсюд абмежаваныя наклады газэты. Напрыклад, Менск атрымлівае ўсяго 2,5 тысячы асобнікаў “Народнай волі”, Берасьце ўвогуле замовіла толькі 140 асобнікаў! Агульная колькасьць газэтаў, якая распаўсюджваецца па краіне 5 тысяч 715 асобнікаў кожнага нумара. Уяўляеш, якія малыя лічбы. Здавалася б, тавар рэалізоўваецца, ёсьць магчымасьць прадаваць яго болей. Але нашыя дзяржаўныя ўстановы кіруюцца нейкімі іншымі аргумэнтамі, а не эканамічнай выгадай.

Праўда, ужо днямі “Народная воля” накіравала ліст у “Белсаюздрук” з прапановай павялічыць ўдвая наклад газетаў у шапіках Мінска. Такі ж ліст рэдакцыя мае намер даслаць і ў Берасьце, у тамтэйшую абласную філію “Белсаюздруку”. Не выключана, што будзем настойваць на павялічэньні накладу для продажу і ў іншых гарадах. Напрыклад, нядаўна мне тэлефанаваў грамадзкі актывіст з Астраўца Іван Крук і распавёў, як газэта купляецца ў ягоным пасёлку.




У Астравец паступае 5 асобнікаў кожнага нумара “Народнай волі”. Адзін застаецца на пошце, другі купляе супрацоўнік райвыканкаму, трэці – мясцовыя спэцслужбы, чацьверты – прадпрымальнік , пяты – аматар. Астатнія жадаючыя толькі паціраюць рукі...

Заўтра на сайце "Свабоды" гутарка з шэф-рэдактарам "Нашай Нівы" Андрэем Дыньком

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG