Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ланцужок хатняга гвалту без мужчын не разарваць


Генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Пан Гі Мун прыняў рашэньне аб правядзеньні ў 2008—2015 гадах усясьветнай кампаніі па спыненьні гвалту ў адносінах да жанчын і дзяцей. Цяпер змагаюцца з гэтым злом пераважна жанчыны і грамадзкія арганізацыі.

Барацьба з гвалтам ніколі ня будзе плённай без удзелу мужчын. Таму сёлета кампанія праходзіць пад дэвізам “Мужчыны ў рашэньні праблем хатняга гвалту”.

Хатні гвалт у дачыненьні да жанчын і дзяцей — праблема агульная, ён існуе ва ўсіх краінах, кажа кіраўнік Дэпартамэнту грамадзкай інфармацыі Прадстаўніцтва ААН у Беларусі Віктар Радзівіноўскі:

“Паводле ацэнкі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, кожная трэцяя жанчына ў сьвеце зазнае тую ці іншую форму гвалту: фізычнага, псыхалягічнага, эканамічнага альбо сэксуальнага”.

Мужчыны і хлопчыкі, на жаль, не асэнсоўваюць, што праблемы, зьвязаныя з гендэрнай роўнасьцю, знаходзяцца ў сфэры адказнасьці мужчын, працягвае Віктар Радзівіноўскі:

“У межах цяперашняй кампаніі плянуецца прыцягнуць да рашэньня праблемы гвалту мужчын і хлопчыкаў: мужчын, якія працуюць у органах кіраваньня, мужчын-прадпрымальнікаў, вядомых спартоўцаў, мужчын, вядомых у сфэры мастацтва, рэлігійных дзеячаў, якія прадстаўляюць усе слаі і прафэсіі”.

У Вялікай Брытаніі працуе “гарачая лінія” для агрэсараў, дзе яны могуць падзяліцца сваімі праблемамі, перажываньнямі.
На думку сямейнага псыхоляга Андрэя Тураўца, працаваць і дапамагаць трэба ня толькі пацярпелым, жанчынам, дзецям, а і самім, так бы мовіць, гвалтаўнікам. У Вялікай Брытаніі, да прыкладу, працуе “гарачая лінія” для агрэсараў, гвалтаўнікоў, дзе яны могуць падзяліцца сваімі праблемамі, перажываньнямі:

“Пазнаёміўшыся з замежным досьведам, мы разумеем, што без прыцягненьня да гэтай працы саміх мужчын — як іх называюць умоўна, саміх гвалтаўнікоў — мы ня можам разарваць ланцужок гвалту. Менавіта на гэта накіраваная праца ў Эўропе: яны працуюць ня толькі з ахвярамі гвалту, але і з ініцыятарамі гвалту”.

У Беларусі пачалася праца над стварэньнем мабільнай групы, якая будзе навучаць так званых мадэратараў. Мадэратары — гэта мужчыны, якія будуць працаваць зь іншымі мужчынамі па трох кірунках, распавядае дырэктар Менскага гарадзкога цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня сям’і і дзяцей, каардынатар праграмы “Men Еngage” па ўцягваньні мужчын у захаваньне гендэрнай роўнасьці Андрэй Туравец:

“Першае — гэта стварэньне так званых «бацька-школ», дзе выхоўваецца вобраз бацькі, фармуюцца якасьці клапатлівага бацькі, у тым ліку і недапушчальнасьць сямейнага гвалту. У Беларусі гэта вялікая праблема. Другі кірунак — клопат пра псыхалягічнае і рэпрадуктыўнае здароўе хлопчыкаў. І трэці — стварэньне мэханізму ізаляцыі не ахвяры, як гэта звычайна робіцца: у крызісны цэнтар трапляе маці зь дзецьмі. А ізаляцыя самога гвалтаўніка, але не ва ўмовах міліцыі, а ва ўмовах адмысловага цэнтру, дзе з гвалтаўніком будзе праводзіцца адпаведная праца”.

Самае небясьпечнае месца, дзе адбываецца гвалт, — гэта ўласны дом.
Самае небясьпечнае месца, дзе адбываецца гвалт, — гэта ўласны дом. Менавіта ў сям’і, з боку блізкіх людзей гвалт учыняецца найчасьцей. Кожны дзень у міліцыю паступае да 200 выклікаў на сямейныя скандалы. Але гэта толькі вяршыня айсбэргу, лічыць начальнік Галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС, палкоўнік міліцыі Яўген Палудзень:

“Мы разумеем, што ня ўсе жанчыны зьвяртаюцца па дапамогу, а цярпяць пабоі, стараюцца не выносіць сьмецьця з хаты. Вось мы і хочам дамагчыся, каб усе праблемы ў сям’і рабіліся вядомыя нам, сацыяльным работнікам”.

На думку палкоўніка Яўгена Палудзеня, уцягваючы мужчын і хлопчыкаў у барацьбу з хатнім гвалтам, мы шырэй ахопім у грамадзтве людзей, якія згодныя з тым, што праблема існуе і сытуацыю трэба мяняць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG