Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Рудэнка: Беларусы любяць герояў, якія прыехалі з-за мяжы


Госьць “Начной Свабоды” саліст гурту “Dali” Віктар Рудэнка. Эфір 28 студзеня.


Ганна Соўсь: Беларускамоўны гурт “Dali” ўвайшоў у фінал польскага «Эўрафэсту» і мае шанец трапіць на конкурс “Эўрабачаньне” ад Польшчы. Вы тройчы спрабавалі трапіць на “Эўрабачаньне” ад Беларусі, і не атрымлівалася. Вось цяпер трапілі ў тузін фіналістаў польскага “Эўрафэсту” са 120 ахвочых. У свой час ня здолела трапіць ад Беларусі Натальля Падольская, а праз год яна пасьпяхова выступіла на “Эўрабачаньні” ад Расеі. Як мяркуеце, чаму вам не пашанцавала на беларускім конкурсе?

Віктар Рудэнка:
Проста беларусы звычайна любяць герояў, якія прыехалі з-за мяжы. Мы проста вельмі любім усё імпартнае, і людзі, якія бралі ўдзел у розных конкурсах ці шоў за мяжой, яны як сапраўдныя рыцары, якія прыехалі да сваёй дамы сэрца пасьля ўсіх подзьвігаў. Таму як сапраўдная дама сэрца ставіцца наша публіка да сваіх выканаўцаў.

Соўсь: А палякі, сыходзячы з вашага прыкладу, таксама любяць тых, хто прыехаў з-за мяжы?

Рудэнка: Магчыма. Пакуль цяжка сказаць, але калі пераможам, то скажам гэта ўпэўнена. А пакуль што пачакаем.

Соўсь:
Сёлета ў беларускім адборачным туры перамогу атрымаў Пётар Ялфімаў. Сёлета аргкамітэт “Эўрафэсту” заявіў пра кардынальную зьмену ў правілах конкурсу. Пераможцу вызначалі паводле вынікаў тэлефоннага галасаваньня гледачоў. Дагэтуль гледачы выбіралі толькі паўфіналістаў, а лідэра вызначала журы. Я прапаную паслухаць званок нашага слухача, які спрабаваў прагаласаваць праз тэлефон.

Ільля Копыл, Менск:19 студзеня адбыўся фінал музычнага праекту “Эўрафэст”. Вырашыў аддаць свой голас сьпявачцы Дакоце. Тройчы пазваніў і тройчы пачуў у адказ: “Напрамак перагружаны”. Тое самае з Дамінікай і з Гюнэш. На экране бачу, што наперадзе Ялфімаў, і менавіта на яго напрамку павінна быць перагрузка. Пацікавіўся і ў адказ пачуў: “Ваш голас залічаны”. Няўжо і тут такое ж махлярства, як і на выбарах у так званую палату? Незразумела, якая можа быць перагрузка, калі для такога галасаваньня прымяняюцца шматканальныя тэлефоны, ідзе аўтаматычная рэгістрацыя сыгналаў і іх падсумаваньне. Ніякіх галасавых адказаў быць не павінна. Гэта фізычна немагчыма пры такой колькасьці званкоў”.

Соўсь: Як бы вы пракамэнтавалі гэты званок? Чым адрозьніваецца польскі “Эўрафэст” ад беларускага адбору удзельнікаў?

гэтая сыстэма робіць толькі вялікі мінус для шоў-бізнэсу ў Беларусі. Пакуль што, на жаль, менавіта з-за гэтага Беларусь невысокія пазыцыі займала на Эўрабачаньні
Рудэнка
: Калі казаць пра махлярства, то яно прысутнічае і ў Польшчы, наколькі я ведаю. Падчас конкурсу выходзілі тэлефоны са строю, але я ня ведаю, ці заўжды такое бывае ў Польшчы. Вельмі спадзяюся, што не заўжды. А што тычыцца Пятра, то я магу сказаць, што ён шмат у чым ахвяра. Ён вельмі добры хлопец, станоўчы, і быў час, калі ён дапамагаў мне з вакалам. Я ведаю яго асабіста і магу сказаць, што ён файны чалавек. Але тут іншая справа, што так ці інакш, калі чалавек уваходзіць у нейкую сыстэму, ён мусіць прыняць правілы гэтай сыстэмы, і я лічу, што Пеця мог перамагчы і самастойна.

Супраць самога Пятра нічога казаць ня буду, але скажу, што гэтая сыстэма робіць толькі вялікі мінус для шоў-бізнэсу ў Беларусі. Пакуль што, на жаль, менавіта з-за гэтага Беларусь невысокія пазыцыі займала на "Эўрабачаньні".

Соўсь: Каб беларускаму гурту трапіць на польскі адборачны конкурс, што патрэбна апроч жаданьня?

Рудэнка:
Любы можа прапанаваць. На польскі конкурс прапанавалі сябе шмат гуртоў з розных краінаў. Я ведаю, што прайшлі ў фінал выканаўцы з Нарвэгіі і Швэцыі.

Соўсь: А зараз пра пэрспэктывы "Dali" ў фінале польскага адборачнага туру на міжнародны конкурс эстрады "Эўрабачаньне -- 2009" скажа музыказнаўца Вітаўт Мартыненка.

Ужо рады, што хаця б нейкі талент трапіў у абойму. Рэальны беларускі талент -- Пятро Ялфімаў. У чалавека ёсьць біяграфія, але праблема ў тым, што там няма ніякага беларускага духу. І вось у зьмесьце песень гурту "Dali" ёсьць нейкая беларуская прысутнасьць. Мяне турбуе менавіта гэтае пытаньне, што на фэстывалі ніколі не гучала беларуская песьня, а гучаў ад Беларусі агульнаэўрапейскі стандарт 1980-х гадоў. Гэта была праблема. І ўсе нашыя выканаўцы, нягледзячы на іх здольнасьці, не ўлічваюць актуальнасьць музычнай мовы і нацыянальнай асэнсаваньне гэтага. Артысты, якія не ўяўляюць беларускага жыцьця, прадстаўляюць Беларусь і натуральныя вынікі...


І музычны аглядальнік Зьміцер Падбярэскі: Тое, што “Dali” спрабуюць трапіць на "Эўрабачаньне" праз Польшчу, дай Бог. Я лідэра гэтага калектыву ведаю даволі даўно. Віктар Рудэнка, безумоўна, таленавіты чалавек. І калі будзе там падтрымка з боку прадусара. які займаецца зараз у Польшчы справамі “Dali”, магчыма, і будзе пэўны плён, хоць я даволі скептычна стаўлюся да "Эўрабачаньня" як фэсту, як б адпавядаў нейкім высокім крытэрам музычнага мастацтва. Гэта ўсё ж тэлевізійнае шоў, і як там выступіць, калі патрапіць “Dali”, мяне, шчыра кажучы, вельмі хваляваць ня будзе. Мяне будзе хваляваць, напрыклад, наступны альбом, які яны запішуць. Я яшчэ некалькі гадоў таму глядзеў гэтыя конкурсы. Ад Польшчы некалькі разоў выступалі выканаўцы, якіх, шчыра кажучы, ў Польшчы не надта і ведалі. Таму ў мяне было ўражаньне, што польскі музычны шоў-бізнэс ставіцца да "Эўрабачаньня" вельмі скептычна і ня робіць на яго нейкі магутны акцэнт. Таму нават у той жа Польшчы, я ўпэўнены, такія фэстывалі песьні, як Нацыянальны фэстываль песьні ці фэстываль у Сопаце, маюць значна большую ўвагу з боку грамадзкасьці і прэсы.

Соўсь:
Музычны аглядальнік Зьміцер Падбярэскі, як вы чулі. даволі скептычна ставіцца да конкурсу “Эўрабачаньне”. Ці падзяляеце ягоны скептыцызм?

Рудэнка: Мы таксама са скепсісам ставімся да гэтага конкурсу. "Эўрабачаньне" ў Польшчы не атрымлівае такой аўдыторыі, як у Беларусі, магчыма таму, што ёсьць шматлікія альтэрнатывы, пра што і казаў Зьміцер. Сапраўды, калі ты маеш выбар, ты можаш паглядзець нешта яшчэ. Таму зразумела, калі 50 працэнтаў глядзіць іншы конкурс, то яны ня будуць глядзець "Эўрабачаньне". Я лічу, што гэта вельмі добра, што ёсьць розныя праекты і ёсьць выбар, што глядзець і ў чым удзельнічаць.



Госьць Начной Свабоды – саліст гурту "Dali" Віктар Рудэнка. Ён нарадзіўся ў 1982 годзе ў Віцебску. Вучыўся ў першай нацыянальнай гімназіі. Там быў музычны клюб “Пад шчасьлівай зоркай”, у якім займацца бардаўскай песьняй, пісаў музыку і вершы. На пачатку 90-х стварыў рок-гурт. Вучыўся два гады ў Віцебскім дзяржаўным пэдунівэрсытэце на філялягічным факультэце, кінуў з-за таго, што новаствораны гурт быў у Менску. Паступіў у Лінгвістычны ўнівэрсытэт, спэцыялізацыя – PR-тэхналёгіі, перакладчык з ангельскай і швэдзкай моваў). Пасьпяхова скончыў унівэрсытэт, папрацаваў у рэклямнай кампаніі, але зразумеў, што гэта не яго. Цяпер займаецца выключна музыкай. Быў фанатам усіх рокавых напрамкаў, джазу, але зараз спыніўся на фанк-року. Захапляецца праграмаваньнем. Працаваў ва няўрадавай арганізацыі “Эўрапейскі моладзевы парлямэнт”, прайшоў шлях ад шараговага сябра да прэзыдэнта беларускай філіі. Але зразумеў, што паэт вышэй за палітыка...

Соўсь: Віктар, а як далёка распаўсюджваюцца вашыя амбіцыі? Наколькі працэнтаў вы сябе рэалізавалі? Кім бачыце сябе гадоў праз 10?

Рудэнка:
Калі казаць пра амбіцыі, то здаецца, на 1 працэнт. Заўжды, калі глядзіш на тое, што зрабіў, здаецца, што зрабіў вельмі мала. Хаця зь іншага боку, калі б я паглядзеў на сябе, які я зараз, магчыма я быў бы проста вельмі зьдзіўлены, што прайшоў гэты вялікі шлях. Але спадзяюся, што давядзецца прайсьці значна больш...


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG