Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Быкаў дбаў пра здароўе, Караткевіч – ня надта...”


Госьць “Начной Свабоды” – нэўрахірург і тэлевядучы Аляксандар Цярэшчанка.


Соўсь: Госьць “Начной Свабоды” Аляксандар Цярэшчанка ад 1976 году працаваў у аддзяленьні нэўрахірургіі 9-га клінічнага шпіталю і на катэдры мэдунівэрсытэту. Цяпер ён тэлевядучы. Спачатку была яго перадача на СТВ “Здравствуйте, доктор!”, а цяпер Аляксандар Цярэшчанка – аўтар і вядучы перадачы “Врачебные тайны” на тэлеканале “Лад”.

Аляксандар Сяргеевіч, Вы казалі неяк, што прыйшлі на тэлебачаньне са сваім праектам з мэтай аднавіць давер да лекараў. Як лічыце, атрымліваецца патроху?

Цярэшчанка: Я лічу, што атрымліваецца, таму што ўсё ж такі зараз больш адказна ставяцца нашыя шаноўныя пацыенты і да свайго здароўя, і да нашых лекараў. Для мяне гэта вельмі важна, і я лічу, што для нашых пацыентаў таксама.

Соўсь: На гэтым тыдні ў эфіры “Свабоды” мы дасьледуем тэму перасадкі органаў у Беларусі. Я ведаю, што пры Вашым непасрэдным удзеле праводзіліся першыя трансплянтацыі ў Беларусі. Раскажыце калі ласка пра гэта.

Цярэшчанка: Безумоўна, шмат гадоў таму, калі мы толькі пачыналі працаваць у 9-м шпіталі тады яшчэ пад кіраўніцтвам прафэсара Аляшкевіча і былога міністра аховы здароўя, ён таксама быў уролягам, тады пачыналася якраз гэтая эра трансплянтацыі нырак. Лябараторыя, якая была ў нас, рэанімацыя, якая была ў 9-м шпіталі, займалася якраз высьвятленьнем моманту сьмерці пацыента, у якога мажліва было браць гэтыя органы. Шмат рабілася ў той час, вельмі было ўсё прыстойна, і мне прыемна, што зараз, праз шмат гадоў, трансплянтацыя пячонкі пачынаецца таксама ў маім родным 9 шпіталі.

Соўсь: Я прапаную госьцю “Начной Свабоды” Аляксандру Цярэшчанку паслухаць сюжэт нашага менскага карэспандэнта Ігара Карнея пра людзей, якім была зробленая трансплянтацыя ныркі.



Соўсь: З маці Андрэя Тамашова, якому зрабілі перасадку ныркі, гутарыў Ігар Карней. А з намі на простай тэлефоннай сувязі нэўрахірург Аляксандар Цярэшчанка. Калі ласка, Аляксандар Сяргеевіч, пракамэнтуйце гэты сюжэт.

Цярэшчанка: На мой погляд – выйсьце толькі адно: усё рабіць тут, на радзіме, таму што, на жаль, чарга на гэтыя органы ёсьць паўсюль – і ў замежжы, і ў Эўропе, паўсюль. Гэта вельмі складаная рэч, дачакацца нават той жа ныркі. Мы рабілі 4 праграмы на гэтую тэму, і мы бачылі аднаго з былых чэмпіёнаў сьвету, які пасьля сваіх посьпехаў у спорце апынуўся ў амаль крытычным становішчы, і зараз ён адчувае сябе вельмі добра… Безумоўна, для тысячаў грамадзян адзінае выйсьце – знайсьці сабе донара. І дзякуй богу, што тыя, з кім гаварылі вашы журналісты, знайшлі, і ўсё абышлося добра.

Соўсь
: Скажыце, калі ласка, які аспэкт Вам падаецца найбольш важным у справе пашырэньня трансплянтацый – забясьпечанасьць сучаснай апаратурай, падрыхтоўка лекараў, фінансаваньне, псыхалёгія людзей?

Цярэшчанка: Ведаеце, тут няма малых акалічнасьцяў – тут усё вельмі-вельмі важна. Дзякуй богу, зараз фінансаваньне мэдыцыны пайшло ўгару, і нашы клінікі абсталяваныя вельмі прыстойна. Я як вядучы гэтай праграмы назіраю, як аднаўляецца стан нашых шпіталёў, і гэта вельмі прыемна. Безумоўна – адукацыя нашых дактароў. Паверце, што найлепшыя зь іх – яны найлепшыя на эўрапейскім і на сусьветным узроўні. Але безумоўна, трэба рыхтаваць моладзь, трэба вучыць моладзь.

Соўсь: А зараз я прапаную Вам паслухаць апытаньне, праведзенае сярод студэнтаў Гарадзенскага мэдычнага інстытуту. Яны адказалі на пытаньні: “Якое Вашае стаўленьне да трансплянтацыі? Ці падрыхтаваная беларуская мэдыцына да гэтага?”



Соўсь: Я папрашу пракамэнтаваць апытаньне сярод студэнтаў Гарадзенскага мэдінстытуту госьця “Начной Свабоды” нэўрахірурга і тэлевядучага Аляксандра Цярэшчанку.

Цярэшчанка: На жаль, гэта вельмі складанае пытаньне, але адказ нашым шаноўным маладым людзям наконт таго, што нашы хірургі не гатовыя: яны гатовыя, і даўно гатовыя. Між іншым, першая перасадка органаў, сэрца, была зробеная Хрысьціянам Бэрнарам у Паўднёваафрыканскай рэспубліцы, але ён пачынаў сваю вучобу ня недзе там у Амэрыцы ці ў Эўропе, а ў Маскве. Усё пачалося з нашых, славянскіх земляў.

Наконт дактароў – я магу назваць нашым шаноўным студэнтам мінімум дваццаць дактароў, якія сёньня могуць перасадзіць і лёгкае, і сэрца, і ныркі, і пячонку. Гэта ўжо ня дзіва, і ўзровень нашых мэдыкаў вельмі высокі. Але трэба рыхтаваць моладзь, і ў гэтай сувязі скажу, што Беларусь – як бы эпіцэнтар. За мінулы год у Беларусі пабывалі нашы шаноўныя калегі з клінікі “Шарытэ” з Бэрліна, з Оксфарда, з Канады – гэта вельмі інтэнсіўны абмен вопытам і ведамі. Тое, што моладзь ня ведае сваіх дактароў і іх дасягненьняў – запрашаю іх паглядзець нашу тэлепраграму “Врачебные тайны”, і яны будуць ведаць, які ўзровень нашых дактароў. Але межаў удасканальваньня няма, таму мы будзем удасканальвацца далей.

Соўсь: Аляксандар Сяргеевіч, а Вы самі пагадзіліся б завяшчаць свае органы, каб выратаваць жыцьці іншых?

Сустракаўся з Уладзімерам Караткевічам у 9-м шпіталі, але пры абставінах ня вельмі добрых, і мая беларуская мова пачалася з Уладзімера Караткевіча
Цярэшчанка
: Безумоўна. Гэта адна з асноўных праблем сёньня. Таму што цяпер ёсьць прыстойны закон, ёсьць спэцыялісты, якія могуць гэта рабіць... Аднак нават у адной з нашых праграм мы назіралі за пацыенткай, якой была патрэбная перасадка лёгкага – але маленькая надзея не перасаджваць у яе была, ёй пакінулі 2 долькі хірургі... Яна паглядзела, падумала і адмовілася ад перасадкі. Гэта першае пытаньне: негатоўнасьць нашага грамадзтва для гэтага працэсу.

А я сам – так, хай мае родныя гэта ведаюць, што калі, ня дай бог, што-небудзь здарыцца, безумоўна, гэта будзе на карысьць. Як казала адна з вашых слухачак: адна трагедыя дае шанец выжыць тром-чатыром-пяці чалавекам.

Соўсь: Аляксандар Сяргеевіч, адна з Вашых жыцьцёвых формул – “Здароўе залежыць ад нас саміх”. А як Вы самі яе на практыцы рэалізоўваеце? Калі апошні раз хадзілі да лекара?

Паколькі мая творчая група вельмі кансэрватыўная, то мне прыходзіцца даваць асабісты прыклад здаваць аналізы...
Цярэшчанка
: Ведаеце, у мяне цяпер ёсьць магчымасьць наведваць сваіх лекароў кожны тыдзень па некалькі разоў, паколькі мая творчая група вельмі кансэрватыўная, то мне прыходзіцца даваць асабісты прыклад здаваць аналізы і г.д., і тады яны ўжо ідуць за мной... А падтрымліваць здароўе проста: зараз асноўная рэкамэндацыя ўсясьветных вучоных – гэта есьці паўкіляграма бурачкоў, капусты, садавіны ў дзень. Другое – ведаць нейкую меру і ў ежы, і ў жыцьці ўвогуле – трэба больш рухацца. І яшчэ – агрэсію сваю асабістую забываць і больш добразычліва ставіцца да суседзяў, сяброў, сваякоў, бо гэта адна з прычынаў неспрыяльных хваробаў. Мы занадта агрэсіўныя.

Соўсь: Ведаю, што Вы былі ў сяброўскіх адносінах з Алесем Адамовічам, Васілём Быкавым, Мікалаем Селяшчуком... А як клясыкі ставіліся да свайго здароўя?

Цярэшчанка: Дзякуй за гэтае пытаньне. З аднаго боку, мне вельмі пашчасьціла, што я сустракаўся з Уладзімерам Караткевічам, нават у 9-м шпіталі, але пры абставінах ня вельмі добрых, і мая беларуская мова пачалася з Уладзімера Караткевіча і зь яго твораў. Але, на жаль, Караткевіч ня вельмі добра ставіўся да свайго здароўя, а бы ў такі час, што была такая прымаўка: хто ня курыць і ня п'е, той здаравенькім памрэ. Але на шчасьце гэтая культура адыходзіць, і вось Васіль Уладзімеравіч Быкаў быў ужо вельмі асьцярожны да свайго здароўя, таму што ён хварэў, і ён якраз быў чалавекам меры і вельмі быў добразычлівы – гэта быў безумоўна вялікі чалавек...

Больш-менш ставіўся да свайго здароўя Алесь Адамовіч – але ён быў больш эмацыйны, і на мой погляд як доктара ў яго пачуцьця меры ў адносінах да жыцьця было менш. Ён быў вельмі адданы і працы, і ўсім пытаньням, якімі займаўся – ён аддаваў усяго сябе на карысьць усіх і, на жаль, забываўся пра стан свайго здароўя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG