Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад пачаткам акцыі 25 сакавіка <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сёньня ў Менску павінна адбыцца вулічная акцыя, прымеркаваная да 90-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Сачыце за абнаўленьнямі.


16:55 Спэцназаўцы намагаліся ўварвацца ў кватэру №59 па вуліцы Сухараўскай, 5, дзе начавалі маладафронтаўцы з Горадні, якія прыехалі ў сталіцу на сьвяткаваньне 90-годзьдзя БНР. У той час у кватэры нікога не было. Прадстаўнікі спэцслужбаў тлумачылі, што іх быццам бы выклікалі суседзі, які паскардзіліся на шум у кватэры.

15.40
Пасьля 15-й гадзіны на выезьдзе са Слоніму ДАІ затрымала машыну, у якой знаходзіліся чацьвёра дэмакратычных актывістаў. Яны ехалі ў бок Баранавічаў. Як паведаміў нам адзін зь іх, Алесь Масюк, напачатку міліцыянты не прад’яўлялі да затрыманых ніякіх канкрэтных прэтэнзіяў.

У Горках невядомыя адзначылі гадавіну незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі вывешваньнем бел-чырвона-белых сьцяжкоў.

Горацкі журналіст Эдуард Брокараў паведаміў “Свабодзе”, што ён налічыў тры дзясяткі сьцяжкоў, прымацаваных да кронаў дрэў. Паводле ягоных слоў, найболей сьцяжкоў — у студэнцкім гарадку. Журналіст кажа, што раней гэтулькі нацыянальных сьцяжкоў у Горках не вывешвалі.

15.20 Міліцыя затрымала Франака Вячорку. Вячорку адвезьлі ў Сьледчы камітэт для допыту па справе аб акцыі прадпрымальнікаў 10 студзен. Яго затрымалі, калі ён выйшаў з управы Партыі БНФ па дарозе ў сталовую. Разам зь ім была Кацярына Маркоўская. Тэлефоны Кацярыны і Франака не адказваюць.

15.00
Віцебскага сябра КХП БНФ Сяргея Каваленку арыштавалі на 10 сутак. Cудзьдзя Кастрычніцкага райсуду Віцебска Ірына Смалякова прызанала яго вінаватым у правядзеньні несанкцыянаванай акцыі. Сяргей Каваленка арыштаваны за тое, што выйшаў зь бел-чырвоным сьцягам на вуліцу Леніна і прайшоў па ёй ўсяго некалькі мэтраў.

14:45
Лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Вольная Моладзь” Мікіта Красноў паведаміў, што каля пад’езду яго дому стаіць міліцэйскі варанок. Мікіта пазнаў міліцыянтаў, якія затрымлівалі яго летась напярэдадні сьвяткаваньня Дня волі. Мікіта лічыць, што калі ён выйдзе з дому, яго затрымаюць, каб ізаляваць на час правядзеньня вулічнай акцыі.

14:25
Магілёў. Затрымалі трох непаўналетніх хлопцаў. Адзін зь іх, Кастусь Лашчынскі, паведаміў, што міліцыянты вінавацяць затрыманых у вывешваньні бел-чырвона-белага сьцягу.

“Дзе сьцяг вывешаны, міліцыянты ня кажуць, але запэўніваюць, што ў іх ёсьць сьведкі”, — кажа Кастусь.

Хлопцаў затрымалі на мосьце, што на вуліцы Дзімітрава. Па затрыманьні іх даставілі ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі.


14:15
Віцебск. Міліцыянты ў цывільным і супрацоўнікі ДПС затрымалі сябраў КХП-БНФ Яна Таўптыгу і Алеся Пазьняка. Актывісты выйшлі на пляц Волі ў Віцебску зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Зараз Таўптыга і Пазьняк знаходзяцца ў Кастрычніцкім РАУС Віцебску.


13:45
Магілёў. Выйшлі на волю моладзевыя актывісты Аляксандар Анісімаў і Фёдар Цынін. Яны прабылі ў Ленінскім аддзеле міліцыі блізу дзьвюх гадзінаў.

Хлопцы спрабавалі разгарнуць расьцяжку “Сёньня — 90 год незалежнасьці БНР” на чыгуначным мосьце, што па-над вуліцай Першамайскай, непадалёк ад чыгуначнага вакзалу. Расьцяжку ў актывістаў канфіскавалі.

Аляксандар Анісімаў паведаміў, што міліцыянтаў цікавіла, зь якой нагоды хлопцы зьбіраліся вывесіць расьцяжку.

Паводле А.Анісімава, Дзень Волі супрацоўнікі МУС назвалі фашысцкім сьвятам.


13:10 Незарэгістраванае выданьне “Мастоўская праўда” распаўсюджана сёньня ў раённым цэнтры. Амаль цалкам яно прысьвечана гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Мастоўскія актывісты такім чынам вырашылі павіншаваць сваіх землякоў з 90-мі ўгодкамі Беларускай Народнай Рэспублікі. У газэце зьмешчаны тэкст ІІІ Устаўной граматы, а таксама гістарычныя матэрыялы пра лёс лідэраў БНР Пётры Крачэўскага, Васіля Захаркі ды іншых.


12:50
Віцебск. Кіраўніка філіі Моладзі БНФ Аляксандара Кузьцянова аштрафавалі 6 базавых велічыняў – 210 тысячаў.

Судзьдзя Ірына Смалякова прызнала яго вінаватым у прывядзеньні несанкцыянавай акцыі.

24 сакавіка Кузьняцоў прайшоў па вуліцах Віцебску з бел-чырвона-белым сьцягам на плячах.

12:30 Вітаньне ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы


12:10 Віцебскага кіраўніка “Моладзі БНФ” Аляксандра Кузьняцова судзяць за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі. 24 сакавіка ён, накрыўшы плечы бел-чырвона-белым сьцягам, ішоў па вуліцы Леніна.

У якасьці сьведкаў у суд выкліканыя затрыманыя разам з А.Кузьняцовым непаўнагадовыя Юлія Міхайлава і сёстры Вікторыя ды Крысьціна Чыж. Дзяўчат учора зь міліцыі адпусьцілі, узяўшы ў іх вусныя тлумачэньні адносна таго, чаму яны апынуліся побач з хлопцам.

Міліцыянты сказалі дзяўчатам, што іхныя паводзіны будуць разьбіраць на бліжэйшай раённай адміністрацыйнай камісіі.


12:15 Сябра арганізацыйнага камітэту ў справе стварэньня Сацыял-дэмакратычнай партыі Народная грамада Мікола Статкевіч паведаміў, што яму патэлефанавалі з Упраўленьня ўнутраных справаў Менску і прапанавалі прыйсьці тужы а 15-й. Міліцыянт патлумачыў, што Статкевіч мусіць азнаёміцца зь лістом, які прйшоў з пракуратуры. М.Статкевіч адмовіўся прыйсьці ў ГУУС без позвы. Ён спаслаўся на дзейнае заканадаўства.


11:57 Віцебск. Міліцыя затрымала сябра КХП-БНФ Сяргея Каваленку. Спадар Каваленка вырашыў адсьвяткаваць 90-я ўгодкі БНР, прайшоўшыся пад бел-чырвона-белым сьцягам па горадзе.

Цяпер ён знаходзіцца ў Кастрычніцкім РАУСе. На яго складаюць пратакол за парушэньне грамадзкага парадку. Ня выключана, што пасьля гэтага адразу з пастарунку яго завязуць у суд.


11:55 Грамадзкіх актывістаў зь Берасьця Міхаіла Ільіна і Андрэя Шарэнду ўтрымліваюць у Кобрынскім РАУС. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў праваабаронца Ўладзімер Вялічкін.

Са словаў суразмоўцы, намесьнік начальніка Кобрынскага РАУС Анатоль Кананчук адмаўляўся паведаміць інфармацыю: “Ад іншых супрацоўнікаў я даведаўся, што Міхаіла Ільіна і Андрэя Шарэнду вінавацяць у тым, нібыта яны спрабавалі ўцячы ад перасьледу міліцыянтаў”.


11:53 Прэсавая служба былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі, лідэра незарэгістраванага Руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча распаўсюдзіла тэкст выступ перад удзельнікамі сьвяточнага шэсьця ў гонар 90-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР:

«Гісторыя ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі дае нам тры важныя ўрокі. Першы ўрок -- БНР выкарыстала свой шанец адбыцца, стварыцца, хоць магчымасьцяў для дзеяньня было мінімум. Другі ўрок -- гэтае аб’яднаньне не было адзінствам без прынцыпаў, не было адзінствам дзеля адзінства. Задача была — абвясьціць незалежнасьць. І калі трэба, лідэры цьвёрда ішлі наперад без тых, хто баяўся адарвацца ад расійскай падушкі, хто быў і нашым і вашым. Трэці ўрок -- драматычны. Розьніцай БНР ад яе польскіх ці чэскіх аднагодкаў было тое, што не ўдалося ў час зацікавіць у яе стварэньні беларускі бізнэс — краіна была ў руінах, абязьлюдзелая пасьля Першай усясьветнай вайны, і не ўдалося загадзя наладзіць сувязь з сілавымі структурамі. Гэта было гістарычна абумоўлена запозьненасьцю беларускага адраджэння, але таксама дае нам навуку ў нашай дзейнасьці”.


11:35 Магілёў. Дваіх моладзевых актывістаў — Аляксандра Анісімава і ягонага сябра, прозьвішча якога невядомае, — затрымалі, калі яны зьбіраліся разгарнуць расьцяжку зь віншаваньнямі да Дня Волі.

Міліцыянты затрымалі хлопцаў на чыгуначным мосьце, што па-над вуліцай Першамайскай, непадалёк ад чыгуначнага вакзалу.

Даведацца пра падрабязнасьці затрыманьня пакуль не ўдалося. Тэлефон Аляксандра Анісімава не адказвае.


11:25 Бабруйск. Актывістка руху “За свабоднае прадпрымальніцтва” Алена Мядзьведзева атрымала позву ў Бабруйскую міжраённую ўправу Камітэту дзяржбясьпекі. У позву пазначана, што яна павінна зьявіцца ў КДБ сёньня а палове на шостую.

Паводле Мядзьведзевай, ўчора ёй патэлефанавалі й спрабавалі высьветліць, ці паедзе яна 25 сакавіка ў Менск. Неўзабаве пасьля тэлефанаваньня да яе прыйшоў участковы, які схіляў яе падпісаць афіцыйнае папярэджаньне пра ня ўдзел у несанкцыянаваных публічных акцыях. Дакумэнт яна не падпісала.


11:20 Асіповічы. На мясцовым вакзале супрацоўнікі транспартнай міліцыі затрымалі грамадзкага актывіста Ігара Сімбірова. Ён зьбіраўся ехаць у Менск.

Паводле актывіста, міліцыянты запатрабавалі на праверку ягоныя дакумэнты, а потым загадалі прайсьці ў пастарунак вакзалу. У пастарунку міліцыянты правялі надгляд асабістых рэчаў, у якіх не знайшлі крамолы.

У тэлефоннай гутарцы Ігар Сімбіроў паведаміў “Свабодзе”, што участковы Аляксандар Зіноўенка суправадзіў яго дамоў.


11:15 Суд Кастрычніцкага раёну Горадні аштрафаваў сябра АГП Зьмітра Бандарэнку на тры базавыя велічыні (105 тысяч рублёў). Судзьдзя Тацяна Гергель прызнала спадара Бандарэнку вінаватым у брыдкаслоўі.

Яго затрымалі 24 сакавіка на аўтавакзале.




На пяць базавых велічынь аштрафаваны лідэр абласной арганізацыі АГП Юры Істомін.
Юры Істомін заявіў, што супраць яго і Зьмітра Бандарэнкі ўчынена правакацыя. Мэта — перашкодзіць выезду актывістаў на Дзень Волі ў Менск.


11:00 Віцебск. Барыс Хамайда і Алена Залеская трапілі ў Чыгуначны РАУС за тое, што выйшлі ў цэнтар гораду зь бел-чырвона-белымі шалікамі. Антаніну Піванос затрымалі з уласнаручна вышытай на ручніку ў нацыянальных колерах малітвай “Ойча наш”.




Незалежнаму журналісту Вадзіму Баршчэўскаму, які фатаграфаваў затрыманьне, міліцыянты загадалі таксама паехаць у пастарунак.

Паводле кіраўніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Чыгуначнага раёну Андрэя Шастова, Залеская, Піванос і Хамайда абвінавачваюцца ў правядзеньні несанкцыянаванай акцыі.

У Вадзіма Баршчэўскага ў міліцыі таксама маюць узяць тлумачэньні.

Вадзім Баршчэўскі паведаміў, што ў Кастрычніцкім РАУСе цяпер бяруць тлумачэньні і ў Эльвіры Сафіулінай, якая здымала акцыю для калекцыі хатняга відэа.


10:55 Ад самай раніцы ля дому мастака Алеся Пушкіна ў мястэчку Бобр Крупскага раёну дзяжурыць міліцэйская аўтамашына. Тут знаходзяцца намесьнік начальніка крымінальнага вышуку Крупскага РАУС падпалкоўнік Андрэй Рабовіч, опэрупаўнаважаны Валеры Костачка, старшы лейтэнант Андрэй Бярозка і яшчэ два міліцыянты.







“Яны ўжо заходзілі ў хату, пагражалі даставіць мяне ў райадзьдзел, але я ім заявіў: “Калі будзеце выкарыстоўваць сілу, то мяне давядзецца выносіць. Гэта пабачаць мае дзеці і, паверце, яны ніколі не даруюць такую зьнявагу", – расказвае Алесь Пушкін.

Раней Алесь Пушкін абяцаў зладзіць пэрформанс на Дзень Волі 25 сакавіка.


10:40 Магілёў. Актывіст незарэгістраванага руху “Рушэньне” Валадар Цурпанаў вывесіў на гаўбец два сьцягі: бел-чырвона-белы ды афіцыйны дзяржаўны.

Паводле Валадара Цурпанава, да яго ў кватэру пасьля гэтага ўварваліся чацьвёра міліцыянтаў на чале з падпалкоўнікам. Першае, што яны зрабілі, гэта зьдзерлі з гаўбца абодва сьцягі.

“Калі сьцягі зь гаўбца былі сарваныя, сяржант паказаў падпалкоўніку бел-чырвона-белы сьцяг на сьцяне. Падпалкоўнік загадаў зьдзерці і яго. Усе тры сьцягі міліцыянты скамячылі й забралі з сабою. На разьвітаньне міліцыянты прыстрашылі мяне, што прыйдуць яшчэ раз, калі я вывешу сьцягі паўторна”, -- зазначыў “Свабодзе” Валадар Цурпанаў.

Сьцягі правіселі на бальконе каля чатырох гадзінаў.


10:30 Праваабаронцы зь Берасьця Раман Кісьляк і Ўладзімер Вялічкін паведамляюць пра затрыманьне грамадзкіх актывістаў, якія накіроўваюцца ў Менск.

Уладзімер Вялічкін кажа, што першай затрымалі аўтамашыну Дзяніса Турчанюка ля Кобрына на аўтамагістралі Берасьце-Менск. Міліцыянты заявілі, што такі самы легкавік нібыта знаходзіцца ва ўгоне і трэба спраўдзіць нумары рухавіка і кузава.

Міхаіла Ільіна і Андрэя Шарэнду, якія былі разам зь Дзянісам Турчанюком, міліцыянты, праверыўшы дакумэнты, адпусьцілі. Але пасьля тэлефанаваньня свайму начальству ўчынілі за юнакамі пагоню і затрымалі іх.

Паводле Рамана Кісьляка, а 9-й гадзіне ў Берасьці міліцыянты затрымалі аўтамабіль грамадзкага актывіста Канстанціна Балагура. У 10.30 яго яшчэ ўтрымлівалі ў РАУС Ленінскага раёну Берасьця.

“Міліцыянты правяраюць аўтамабіль і дапытваюць затрыманага", – удакладніў Раман Кісьляк.


10:00 Кіраўніка гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Юрыя Істоміна ў першай палове дня павінны даставіць у суд. Істоміна затрымалі ўчора ўвечары.

Пра гэта паведаміў праваабаронца Віктар Сазонаў.


9:45 Аляксея Марачкіна арыштавалі на 5 сутак.

“Прэвэнтыўным і цалкам незаконным затрыманьнем” назваў праваабаронца Валянцін Стэфановіч прысуд Аляксеюж Марачкіну. “Абвінавачаньне ў нецэнзурная лаянцы цалкам сфальшаванае. Ёсьць сьведкі, якія бачылі, што Алеся Марачкіна затрымлівалі ў іншым месцы іт пры іншых абставінах, чым сьведчылі міліцыянты. У Цэнтральным судзе Менскам пра гэта было добра вядома, але ўсё роўна там прынялі незаконнае рашэньне. Яно будзе абавязкова аспрэчана ў Менскім гарадзкім судзе”.

Кіраўніка суполкі “Пагоня” затрымалі 24 сакавіка позьнім вечарам. У ягонай майстэрні зрабілі ператрус. Міліцыянты сканфіскавалі плякаты, сьцягі, расьцяжкі, прысьвечаныя сьвяткаваньню Дня Волі 25 сакавіка.

Паводле міліцыянтаў, мастак нібыта стаяў 24 сакавіка ў 22.00 на ганку будынку міліцыі Цэнтральнага раёну і нецэнзурна лаяўся.

Да суду Аляксея Марачкіна адвезьлі ў турму на вуліцу Акрэсьціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG