Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вітаньне ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы



Дарагія Суродзічы!

Вітаю Вас зь вялікім Юбілеем у жыцьці беларускага народу: дзевяностымі ўгодкамі абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пасьля стагодзьдзя жудаснай няволі і этнацыду, пасьля чатырох гадоў голаду і мукаў спрычыненых чужой вайной на беларускай зямлі, народ наш знайшоў у сабе сілу і годнасьць абвесьціць сьвету, што ён таксама хоча жыць вольным на гэтай зямлі, што ён таксама мае права быць гаспадаром у сваёй хаце.

III Устаўная Грамата БНР – ці Акт 25-га Сакавіка, – найважнейшы дакумэнт у нашай сучаснай гісторыі. Вось першыя яго словы:

«Год таму назад народы Беларусі разам з народамі Расеі скінулі ярмо расейскага царызму, які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь. Ня пытаючыся народу, ён кінуў наш край у пажар вайны, якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу, Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю і вольнаю дзяржавай. Самі народы Белараусі, у асобе Устаноўчага Сойму, пастановяць аб будучых зьвязях Беларусі».

Нам усім ведама, дарагія суродзічы, што без Акту 25-га Сакавіка, без Беларускай Народнай Рэспублікі, ня было-б сёньня беларускага народу на гэтай зямлі...

Беларуская Народная Рэспубліка ня ўсьпела аднак замацаваць новаабвешчаную дзяржаву. Хаця суседзі яе прызналі, нашым паслом у Вэрсалі не ўдалося абараніць права беларускага народу на самавызначэньне. Ворагі нашыя былі мацнейшымі. I Беларусь у тыя часы ня мела ў Вашынгтоне, Лёндане і Парыжы сяброў, якія лябіравалі-б на яе карысьць, такіх якіх мелі Палякі і Балты. Абвешчаньне Беларускай Народнай Рэспублікі змусіла аднак захопнікаў стварыць БССР. Рэшту гісторыі Вы ведаеце.

Савецкі пэрыяд нашай гісторыі я назвала-б пэрыядам ВЯЛІКАЙ ХЛУСЬНІ. БССР была васалам дзяржавы, якой кіравалі адны з найбольш дзікіх злачынцаў у гісторыі чалавецтва. Дасюль ніхто не пабіў ліку – сто мільёнаў – ахвяраў камунізму.

Нішчыла Масква наш народ і адначасна пераконвала нашых паняволеных людзей, якія ня мелі доступу да праўды, што яна ёсьць тым «братнім народам», без апекі якога яны ня могуць абыйсьціся.

Рада БНР у міжчасе, хаця ў экзылі, прадаўжала змаганьне за незалежнасьць. Яе прадстаўнікі ўва усім сьвеце былі тымі абаронцамі правоў беларускага народу, якіх ён ня меў у 1918-м годзе.

Па крысе, ня гледзячы на дзікую прапаганду супраць нас Масквы і яе тагачаснага васала - Менску, мы інфармавалі вольны сьвет пра паняволены народ, пра нашую гісторыю, нашую культуру, нашае права быць гаспадарамі на сваёй зямлі.

Каб пра нас ведалі, мы стараліся, каб слова Беларусь гучала падчас усіх мерапрыемстваў, у якіх бралі ўдзел іншыя народы. Мы былі тым агенчыкам, які даваў надзею на ажыцьцяўленьне ідэалаў выказаных у акце 25-га Сакавіка.

Сёньня мы ведаем, што ідэалы гэтыя стануцца рэчаіснасьцю, што наш народ зойме пачэснае месца між іншымі вольнымі народамі сьвету. Так як развалілася савецкая турма народаў, разваліцца і сёньняшняя дыктатура, якая пануе ў Беларусі. Разваліцца, бо расьце новае пакаленьне Дашкевічаў, Фінкевічаў і Севярынцаў, якія жывуць верай у лепшую будучыню Беларусі, і якія пероймуць нашае змаганьне за ажыцьцяўленьне ідэалаў 25-га Сакавіка.

Беларускі народ зразумее, што няма будучыні без вольнай і незалежнай беларускай дзяржаву. Прыпомніць словы Кастуся Каліноўскага, які з-пад шыбеніцы папяраджаў нас, што зажывём мы спакойна і шчасьліва толькі калі Маскалёў ня будзе над намі, і адмовіць права халуём на службе чужакоў вырашаць наш лёс.

Хаця я ўжо не маладая, веру, што пабачу яшчэ вольную і незалежную Беларусь, такую, якой яна сёньня была-б, калі-б бальшавіцкія агрэсары не напалі на Беларускую Народную Рэспубліку і не зьняможылі яе.

Адродзім наш цудоўны край. Народ наш пераможа страх і ўваскрэсьне, так як Уваскрос Наш Госпад Ісус Хрыстос!

Дык памажы нам Божа! Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла, Старшыня Рады БНР

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG