Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горкі: паўтары тысячы подпісаў супраць будаўніцтва АЭС


Актывісты горацкай Антыядзернай групы сабралі 1517 подпісаў супраць будаўніцтва ў Горацкім раёне атамнай электрастанцыі. Актывісты заяўляюць, што маюць намер сабраць пяць тысяч подпісаў.


Адзін з ініцыятараў збору подпісаў Эдуард Брокараў называе тысячу пяцьсот галасоў пераадоленьнем псыхалягічнай мяжы. Актывіст падкрэсьлівае, што падчас выбарчых кампаніяў у Горках гэтулькі галасоў у падтрымку кандыдата ад дэмакратычных сілаў сабраць не ўдавалася:

“Гэтая праблема ў нас вядомая. Да нас перасялялі людзей з забруджаных раёнаў. Тут шмат людзей, якія ўжо пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, таму, шчыра кажучы, яны баяцца й ня хочуць паўтарэньня гэтага. Людзі ўсхваляваныя, і гэтая праблема іх чапляе, таму яны так актыўна падпісваюцца”, — зазначыў “Свабодзе” Эдуард Брокараў.

Спадар Брокараў упэўнены, што ўлады зьвернуць увагу на пратэсты людзей супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі толькі тады, калі паўстане агульнанацыянальны антыядзерны рух. Горацкую ініцыятыву падтрымалі ў суседняй Воршы і ў Чэрыкаўскім раёне. Неўзабаве далучыцца й Мсьціслаўшчына.

Подпісы супраць будаўніцтва АЭС пачалі зьбіраць у Горацкім раёне летась у сьнежні.

Адна зь меркаваных пляцовак для будаўніцтва АЭС знаходзіцца ў Горацкім раёне паблізу вёскі Кукшынава, за 15 кілямэтраў ад Горак, за 50 — ад Магілёва і за 30 кілямэтраў ад беларуска-расейскай мяжы.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG