Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Венядзіктаў разгледзеў у Лукашэнку «хітрага, спрытнага і жорсткага палітыка»


Аляксандар Лукашэнка і Алексей Венядзіктаў
Аляксандар Лукашэнка і Алексей Венядзіктаў

Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў прызнаўся ў сваім відэаблогу, што перад інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам, якое ён запісаў у Менску 24 сьнежня, сустракаўся з расейскімі чыноўнікамі, у тым ліку з былым расейскім амбасадарам у Беларусі Міхаілам Бабічам.

«Я зайшоў у МЗС, у Міністэрства абароны, пагаварыў зь міністрам эканомікі, зь яго першым намесьнікам — былым амбасадарам у Беларусі, — расказваў Венядзіктаў. — Атрымаў інфармацыю з адміністрацыі прэзыдэнта, пагаварыў зь міністрам замежных спраў Беларусі, пагаварыў з расейскім паслом. Я рыхтаваўся».

Як адзначыў Венядзіктаў, слухачы і чытачы ягонай радыёстанцыі даслалі больш за 2 тысячы пытаньняў. Прыблізна пятую частку ён адразу адкінуў, паколькі гэта «унутрыбеларуская палітыка».

«Мне кажуць: „А вы ведаеце, ён вам локшыну вешаў“. Справа ж не ў гэтым. Гэта ж не дыскусія на базары. Задача ў тым, каб вы атрымалі пазыцыю лідэра, якую ён хоча да вас данесьці. І каб гэтая пазыцыя падвяргалася такім вось разваротам, паваротам», — падкрэсьліў Венядзіктаў.

Галоўны рэдактар «Эхо Москвы» расказаў, што ў Менску сустрэўся зь вялікай колькасьцю беларускіх, а таксама акрэдатаваных расейскіх і замежных журналістаў. І практычна ўсе першай справай цікавіліся: «Ты запытаеш пра абвінавачваньне ў забойствах апанэнтаў?»

«Я кажу: хлопцы, вы задаеце такія пытаньні... Зразумела, што першая тэма — інтэграцыя. За другую, сапраўды, дзякуй калегам з Deutsche Welle, якія мне асобна напісалі гэта. Я Лукашэнку сказаў, вы ўсе чулі гэтае пытаньне», — сказаў Венядзіктаў, маючы на ўвазе нядаўняе інтэрвію экс-спэцназаўца Юрыя Гараўскага аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Лукашэнка — вельмі хітры, спрытны і жорсткі палітык, падзяліўся ўражаньнямі Аляксей Венядзіктаў.

«На самай справе цяжка зь ім размаўляць, бо ў яго ж таксама „нарыхтоўкі“. Ён „сыходзіць“! І таму тут трэба было тоненькай іголкай калоць пятку з тым, каб паварочваўся. Але, трэба сказаць, рэагаваў добра, мне спадабалася. Груба, але адказваў. Выразана ўсяго чатыры сэкунды. Мне ўжо сталі з Масквы віскатаць, што ніякае інтэрвію нікуды ня ўлазіць, вы ахранелі, Аляксей Аляксеевіч, 114 хвілін!».

Таксама Аляксей Венядзіктаў паведаміў, што Аляксандар Лукашэнка падарыў яму «нейкую самагонку», якую давялося здаваць у багаж, а таксама кошык з каўбасамі.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG