Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».


Скажыце, калі ласка, ці праўда, што на тэрыторыі Беларусі калісьці месьцілася карлікавая дзяржава накшталт Манака, Сан-Марына ці Андоры?

Аматар вандровак у прасторы й часе


Гучыць крыху фантастычна, але такая краіна ў нашай мінуўшчыне напраўду існавала. Прычым гэта была не якая-небудзь бутафорская аднадзёнка, а дзяржава з усімі ейнымі атрыбутамі. Гісторыя адмерала ёй больш за паўстагодзьдзя. Мне не хацелася б карыстацца эпітэтам «карлікавая». У нечым тая дзяржава была для свайго часу нават значнай.

Паколькі гаворка ідзе пра рэспубліку, больш карэктна будзе параўноўваць яе не з канстытуцыйнай манархіяй — княствам Манака, а якраз з Андорай і Сан-Марына зь іхнімі рэспубліканскімі традыцыямі.

Гісторыя нашай міні-дзяржавы непарыўна зьвязаная зь імем графа Паўла Ксавэра Бжастоўскага (Берастоўскага), які займаў у Вялікім Княстве Літоўскім не абы-якія пасады вялікага пісара і духоўнага рэфэрэндарыя.

Здавалася, жыў бы сабе граф, як належыць асобам такога стану, і не шманаў. Аж не. Нехта загадваў пасыпаць у сваіх уладаньнях дарогі сольлю і катаўся па іх з каханкамі на запрэжаных мядзьведзямі санях. А Павел Ксавэр штудыяваў сумнеўныя творы Жан-Жака Русо, утопіі ягоных суайчыньнікаў Анры Сэн-Сімона ды Шарля Фур’е, а на дадатак яшчэ й ангельца Томаса Мора. Усё скончылася тым, што ў 1767 годзе Бжастоўскі ўзяўся за стварэньне справядлівага грамадзтва. Сьпярша — у сваім асобна ўзятым маёнтку Мерач на Віленшчыне.

Маёнтак быў абвешчаны рэспублікай. Пакуль заможныя суседзі, згадаўшы Бжастоўскага, круцілі пальцамі ля скроняў, той вызваліў сялянаў ад прыгону і перадаў заканадаўчую ўладу дзьвюхпалатнаму сялянскаму сойму, а выканаўчую — «міністэрствам», на чале якіх таксама стаялі сяляне. Усе пытаньні сойм дэмакратычна вырашаў большасьцю галасоў. Дзеля пачатку аднадушна прагаласавалі за перайменаваньне Мерачы ў Паўлава. Такім жа чынам і сама толькі што народжаная рэспубліка атрымала ў гонар «бацькі» назоў — Паўлаўская.

Нягледзячы на абвінавачваньні ў вар’яцтве, граф дамогся ад Сойму Рэчы Паспалітай прызнаньня канстытуцыі (статуту) сваёй рэспублікі. Кожны яе грамадзянін атрымаў зямлю і роўныя правы, у тым ліку і права быць абраным на любую пасаду, ажно да прэзыдэнцкай. Праўда, апошняя магчымасьць у паўлаўцаў было чыста намінальнай, бо ўдзячныя дэпутаты зацьвердзілі Бжастоўскага пажыцьцёвым прэзыдэнтам.

Краіна (афіцыйна яна менавалася Паўлаўскай Рэччу Паспалітай) мела школу, шпіталь і банк, ня кажучы ўжо пра ўласныя сьцяг, герб і грошы. На варце сувэрэнітэту стаяла сваё войска з адметнай формай. У выпадку небясьпекі склікалася паспалітае рушэньне. Побач зь вёскай-рэспублікай збудавалі фартэцу з арсэналам і гарматамі на абарончых валах.
Мелі сваю Андору, ды не зьбераглі.


Калі грымнула паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі, збройныя сілы дзяржавы праінспэктаваў сам палкоўнік Якуб Ясінскі, камандзір інсургентаў у Вялікім Княстве Літоўскім. (Ці трэба казаць, што Паўлаўская рэспубліка адразу падтрымала касьцюшкаўцаў?) Інспэктар высока ацаніў узбраеньне і баявы дух маленькага войска.

Гэта былі ня гульні ў жаўнерыкаў. Праз колькі дзён Паўлава ўжо штурмавалі расейскія карнікі. Два прыступы былі адбітыя, і акупаваць рэспубліку ўдалося адно празь месяц.

У 1795-м Літва-Беларусь канчаткова сталася часткаю Расейскай імпэрыі, дзе панаваў неабмежаваны абсалютызм. Зацяты рэспубліканец Павал Ксавэр Бжастоўскі мусіў прадаць маёнтак, аднак абумовіў з новым гаспадаром захаваньне паўлаўскай канстытуцыі. Неверагодна, але факт: Пецярбург глядзеў на існаваньне рэспублікі скрозь пальцы. Гэта тым больш дзіўна, калі ўлічыць, што Кацярыну ІІ пачынала калаціць ад аднаго слова «канстытуцыя». Відаць, матухну-імпэратрыцу, а потым яе сына Паўла і ўнука Аляксандра ІІ проста не насьмельваліся турбаваць такой «драбніцаю».

Што б там ні было, Паўлаўская рэспубліка дажыла да 1824 году, калі ў Пецярбургу запатрабавалі выкараніць крамолу ды забыцца пра ўсякія вольнасьці й «канстытуцыі».

Карацей, мелі сваю Андору, ды не зьбераглі.

А калі ўявіць, што Паўлаўская рэспубліка праіснавала б да 1994-га? Як бы ёй жылося ў Рэспубліцы Беларусь? Ці выкопвалі б памежныя слупы, ці адбываліся б газавыя ды малочныя войны? Ці шпурлялі б паўлаўцы бутэлькі з «кактэйлямі Молатава» ў амбасаду братняй краіны?

XS
SM
MD
LG