Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць год. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце Свабоды ў перадачы «Пакуль ляціць страла».


Спадар Арлоў! Пачынаецца новы навучальны год. Ці памятаеце Вы свае школьныя 1-я верасьні?

Вядома, памятаю. Праўда, мае ўспаміны, напэўна, пададуцца вам не зусім тыповымі.

Штогод на ўрачыстай лінейцы 1 верасьня наша дырэктарка добра пастаўленым голасам казала адну і тую ж калісьці завучаную прамову. У ёй нязьменна фігуравала адмысловая фраза: «Год ад года харашэет мацерыальна-цехнічаская база нашай школы».

У малодшых клясах гэтыя словы гучалі для мяне абсалютна загадкава. Яны былі падобныя да магічных формулаў з нашых дзіцячых гульняў. Ну, нешта кшталту: «Ёрыкі-морыкі, пікапу-трыкапу, ахалай-махалай, налівай-вылівай…»

З гадамі сэнс сакрамэнтальнае фразы рабіўся больш зразумелым і разам з тым набываў сьвежыя нечаканыя адценьні. Як сказалі б філёзафы, узнікалі дадатковыя канатацыі. Урэшце, гэта аздобіла першаверасьнёўскую лінейку вясёлым інцыдэнтам.

Здаецца, тады я перайшоў у сёмую клясу. У нашым сьвяточным шыхце стаяў новы вучань — другагоднік-рэцыдывіст Вася Шуйскі. Памятаецца, што ён быў вышэйшы за ўсіх нас на цэлую сваю рудую галаву.
Цяпер вокны школаў майго роднага гораду глядзяць на зусім іншыя помнікі.


Дык вось, калі дырэктарка зычна прамовіла: «Год ад года харашэет мацерыальна-цехнічаская база нашай школы«, Вася ня менш зычна й жыцьцярадасна выгукнуў: «Асобенна ў Нінкі Марозавай!» Дырэктарцы заняло мову. Старшаклясьнікі зарагаталі. Настаўнік фізкультуры закруціў Шуйскаму вуха і пацягнуў хулігана кудысьці за школу.

Відаць, у глыбіні душы я таксама быў хуліганам, бо гэтае 1-е верасьня запомнілася найбольш.

Што яшчэ памятаецца?

Я вучыўся ў 1-й полацкай сярэдняй школе. Напачатку яна называлася яшчэ і сталінскай. У вокны нашага 1-га, а потым 2-га «А» зазіраў помнік найлепшаму сябру савецкіх дзяцей. Але аднойчы на пачатку 1960-х якраз у першыя верасьнёўскія дні да помніка пад’ехаў трактар. На вачах у нас на шыю правадыру накінулі пятлю са сталёвага тросу…

Цяпер вокны школаў майго роднага гораду глядзяць на зусім іншыя помнікі. І сёньня я ціха зайздрошчу хлопчыку, які ідзе з букетам хрызантэмаў каля бронзавых Усяслава Чарадзея, Еўфрасіньні і Сімяона і выходзіць на праспэкт Францішка Скарыны…

Віншую ўсіх слухачоў «Свабоды» з пачаткам новага навучальнага году! Вучыцца ніколі ня позна.

XS
SM
MD
LG