Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць год. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Цяпер вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце "Свабоды" ў перадачы «Пакуль ляціць страла».

Ці знаходзіцца ў Вашым літарацкім жыцьці месца футболу?

Уявіце, што некалі я ледзьве не фанатычна хварэў за менскае “Дынама”. Дакладней, за “Дынама” першай паловы 1980-х. За каманду “залатой пробы”. За тую каманду, дзе гулялі Сяргей Алейнікаў, Андрэй Зыгмантовіч, Сяргей Гоцманаў, Аляксандар Пракапенка, што наводзілі жах на абаронцаў і варатароў кіеўскіх аднаклюбнікаў і маскоўскага “Спартака”. Кожная гульня тады была падзеяй. Думаю, нашы тагачасныя “дынамаўцы” маюць заслугі і перад новай хваляю беларускага адраджэньня, што якраз тады пачынала свой разьбег.

А памятаеце, колькі нашых сьцягоў было над стадыёнам, калі ўжо нацыянальная зборная выйграла ў галяндцаў? Такога бел-чырвона-белага “дзявятага валу” я ня бачыў ні на водным самым шматлюдным мітынгу. Гэта да праблемы “футбол і нацыянальныя пачуцьці”.

Цяпер, прызнаюся, здрадзіў “дынамаўцам” і хварэю за БАТЭ (нават часам ежджу на гульні ў Барысаў). Мяркую, што ў посьпехаў гэтае каманды ёсьць і нацыянальны складнік. Нездарма ж у свой час лідэр БАТЭ Сяргей Крывец вёў блог па-беларуску і ўтлумачваў заўзятарам расейскага “Зениту”, што нашая краіна завецца не Белоруссия, а – Беларусь.

А ўвогуле, футбол – цэлы космас, які здольны самым парадаксальным чынам уплываць на чалавечую экзыстэнцыю. Да прыкладу, падчас чэмпіянату сьвету ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы я пачаў складаць легкадумную рыфмаванку пра футбол і зулусаў. І неспадзявана нарадзіўся верш, які рызыкну прапанаваць вашай увазе :


Сэкс прыдумалі зулусы

сэкс прыдумалі зулусы
у саваньне
ваньне
раньнем
з выляжанкаю на стайні
з жонкаю у роднай спальні
на ліянах і абрусах
на сваім стракатым сьцязе
на гарышчы ў Златай Празе

сэкс прыдумалі зулусы
ў кабінэце
на касэце
у Валеце
пад трыбунамі ў клязэце
на чаўнах і ў інтэрнэце
ў сельсавеце і улусе
між гібонаў на сафары
у футболцы з Чэ Геварам

сэкс прыдумалі зулусы
вечны
спрэчны
небясьпечны
як пэнальці бессардэчны
пад кустом і Шляхам Млечным
з уругвайкай ды індусам
на сьняданак і ў сіесту
перад тым як цябе зьесьці

сэкс прыдумалі зулусы
з твістам
сьвістам
і расістам
з рэфэры і футбалістам
за більярдам і за вістам
з украінкаю й тунгусам
кожны вечар канібалы
набіраюць сабе балы

сэкс прыдумалі зулусы
хай сабе і беларусы
і з хет-трыкам і квартэтам
з асырыйкаю і хетам
але я хачу каханьня
хоць глыток на адвітаньне
з гэтым летам-прайдзісьветам
з форвардаў кардэбалетам
зь недаробленым мінэтам
на ўзьбярэжжы пад Лярэтам
дзе у каталёнскім моры
мы з табой тапілі сорам

сэкс прыдумалі зулусы
хай сабе і беларусы
з пляшкай віскі й трыялетам
у аўтобусе і ў гета
але я хачу каханьня
хоць глыток на адвітаньне
з гэтым летам-пустацьветам
з выйграным адзіным сэтам
з праязным чужым білетам
з падарожжам кругасьветным
між Кейптаўнам і Менскам
на тваім фатэлі венскім

сэкс прыдумалі зулусы
хай сабе і беларусы
зь фінкаю і пісталетам
зь карсыканкай і вэндэтай
але я хачу каханьня
хоць глыток на адвітаньне
з гэтым ліпенем што ў Лету
адплывае ў сандалетах
з гэтым жніўнем і з кабетай
што даўно ня мной сагрэта
ды прысьнілася ў нядзелю
ў вувузэлы мы дудзелі!

Божа дай глыток каханьня
хоць адзін на адвітаньне
з расфутбольным скварным летам
не хачу казаць: са сьветам
бо прыкінуўся паэтам
а ты ведаеш: пры гэтым
нельга аддавацца ловам
рызыкоўных рыфмасловаў

Божа дай глыток каханьня
хоць адзін на адвітаньне
і ў сваёй нябеснай высі
не ў афсайдзе
ў райскім садзе
ты мяне каханым высьні!



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG