Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Больш за тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце Свабоды ў перадачы «Пакуль ляціць страла».

Займаючыся гісторыяй, ці не даводзілася Вам сутыкацца зь нечым невытлумачальным і загадкавым, як, напрыклад, эгіптолягам з «помстаю фараонаў»? Ці былі такія выпадкі ў Вашым жыцьці?

Хочаце — верце, хочаце — не, але былі.

Існуе безьліч азначэньняў гісторыі. Мне найбольш даспадобы афарызм французкага гісторыка-рамантыка ХІХ стагодзьдзя Жуля Мішле: «Гісторыя — гэта ўваскрашэньне».

Сапраўды, і навуковец і літаратар, якія твораць пад пільным позіркам музы Кліё, спрабуюць зноў надаць жыцьцё асобам даўно прамінулых дзён. Тут, вядома, можна згадаць яшчэ і выслоўе суайчыньніка Мішле гісторыка і філёзафа Алексіса Таквіля: «Гісторыя — гэта карцінная галерэя, дзе мала арыгіналаў і мноства копіяў». І ўсё ж меў рацыю Стэфан Цвэйг, які заўважыў, што гістарычны чын завяршаецца не тады, калі зьдзяйсьніўся, а тады, калі зрабіўся здабыткам нашчадкаў.

Але хопіць афарызмаў.

Падчас працы над кнігаю «Таямніцы полацкай гісторыі» мне спатрэбілася зьняць копію аднаго дакумэнта ХУІІІ стагодзьдзя. Першы ксэракс выдаў з сваіх нетраў старонку зь вялізнай і непрагляднай чорнай плямаю пасярэдзіне. Тое самае прычынілася і з другім, трэцім, чацьвертым апаратамі. Пасьля дзясятае спробы я мусіў проста перапісаць старонку. Застаецца дадаць, што дакумэнт датычыўся судовага працэсу над кабетаю, абвінавачанай у вядзьмарстве.

Другі прыклад зьвязаны з аповесьцю «Сны імпэратара», у якой дзея адбываецца ў 1812 годзе ў Беларусі і ў 1820-м на высьпе сьвятой Алены. Там галоўны герой апынуўся, як Вы памятаеце, пасьля паразы ў бітве пад Ватэрлёо.
Я зусім не зьбіраўся пісаць тую аповесьць. Але аднойчы на полацкай вуліцы сустрэў незнаёмую маладую жанчыну…


Я зусім не зьбіраўся пісаць тую аповесьць. Але аднойчы на полацкай вуліцы сустрэў незнаёмую маладую жанчыну. Сустрэў — гэта недакладна. Мы проста разьмінуліся ў дзённай плыні. Нават не пасьпеў запомніць нічога зь ейнага аблічча — толькі незвычайны вытанчаны пах парфумы. Але ягонага ледзь улоўнага павеву хапіла, каб за некалькі хвілінаў перада мною раскруцілася стужка сюжэту.

А потым пачалі адбывацца значна больш неверагодныя рэчы. Трапляю ў госьці да новага знаёмага, падыходжу да кніжных шафаў. Рука раптам беспамылкова здымае з паліцы рэдкую старую кнігу з усімі вэрсіямі пра сьмерць Напалеона альбо пра ягоныя верагодныя ўцёкі з выгнаньня пры дапамозе свайго двайніка Франсуа Рабо. Яшчэ адно вельмі патрэбнае выданьне атрымліваю па пошце на дзень нараджэньня ад калегі, зь якім ані не дзяліўся плянамі. Тэлефануе — зноў жа без усякіх просьбаў з майго боку — супрацоўніца Полацкага гістарычна-культурнага запаведніка, Пытаецца, ці не спатрэбяцца мне для чаго-небудзь успаміны пра побыт Банапарта ў Віцебску. А мне акурат яны ў той момант і патрэбныя, бо ў Віцебску імпэратар адзначаў свой 43-ці дзень нараджэньня і прыняў фатальнае рашэньне ісьці на Маскву…

Урэшце ўся гэтая містыка нарадзіла вар’яцкаю думку, што той струменьчык парфумы пакінула мне сама… Ну, гісторыкі зразумеюць, хто.

Трэцяя загадкавая гісторыя датычыць маіх генэалягічных росшукаў. Яна падрабязна выкладзеная ў эсэ «Мой радавод да пятага калена, або Спроба пазьбегнуць выгнаньня».

Карацей кажучы, кожнаму, хто займаецца мінулым, нельга забываць, што ён дакранаецца да сфэраў таямнічых і непрадказальных. Бо гісторыя ня толькі вучыць (ці, наадварот, не вучыць), ня толькі захапляе ці забаўляе. Яна сама забаўляецца, сама вывучае вас, выпрабоўвае, узнагароджвае, помсьціць… А таму будзьце гатовыя да самых розных неспадзяванак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG