Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Арлоў. Пакуль ляціць страла


На здымку: сустрэча Уладзімера Арлова з чытачамі ў Горадні.

На здымку: сустрэча Уладзімера Арлова з чытачамі ў Горадні.

«Дзень, калі ўпала страла» — назоў адной з кніг Уладзімера Арлова. Больш за тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў ён за апошнія дзесяць год. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце Свабоды ў перадачы «Пакуль ляціць страла».

У інтэрвію Радыё Свабода з нагоды пачатку новага цыклю Уладзімер Арлоў сказаў:

Арлоў:
Калі мяне пытаюцца, чаму я так шмат вандрую, шукаючы адказу, я думаю, што тут шчасьліва зьбеглася некалькі акалічнасьцяў. Ну, напэўна, трэба пачаць з таго, што у маіх жылах ёсьць кропля цыганскай крыві. Я памятаю, у школьным дзяцінстве аднойчы выйшаў на шашу, махнуў рукой, і заехаў з Полацку за блізкі сьвет аж да пад Лепель, вельмі напалохаўшы маму.

А цяпер, натуральна, паездкі больш асэнсаваныя. Гэта могуць быць падарожжы ў мясьціны, якія мяне цікавяць як пісьменьніка альбо як выпускніка гістарычнага факультэту. А калі я выпраўляюся некуды на сустрэчы з чытачамі, то безумоўна, для мяне вельмі важна тое, што называецца «зваротнай сувязьзю».

Гогаль, калісьці атрымаўшы з друкарні сігнальны асобнік сваёй новай кніжкі, з надзеяй прамовіў: «Гэтая кніжачка выйшла, значыць, сядзіць жа недзе і чытач яе». Можна сказаць, што я вандрую, каб убачыць, дзе сядзіць гэты чытач і дзе ён.

Яшчэ я падарожнічаю, каб пераконвацца зноў і зноў, што тая Беларусь, якую мы любім і дзеля якой імкнемся нешта зрабіць, сапраўды існуе, і ня проста існуе, я б сказаў — жыве.

Я ведаю, што ў Браславе жывуць дзьве цудоўныя сям’і — Шыдлоўскіх і Селіхаў, беларускія сем’і, носьбіты спраўды беларускага нацыянальнага характару, а ў Паставах — сям’я Юрася Фурса, дарэчы, сына сяброў «Саюзу беларускіх патрыётаў». Я ведаю, што ў Оршы жыве Гена Шэпелеў, які штогод ладзіць у верасьні сьвяткаваньне Дня беларускай вайсковай славы на Крапівінскім полі. Я ведаю, што ў Зэльве ёсьць ня толькі дзяржыморды, якія нядаўна на 100-годзьдзе Ларысы Геніюш сачылі за намі і запалохвалі мясцовых жыхароў, каб не сустракаліся з нацыяналістамі і апазыцыянэрамі. Я ведаю, што ў той самай Зэльве жыве спадарыня Яніна, якая не пабаялася прыйсьці на сустрэчу з намі і атрымала ў падарунак маю кніжку «Імёны Свабоды» ды іншыя свабодаўскія выданьні. Дарэчы, калі я спрабаваў уручыць гэтыя кнігі міліцыянтам, насуплены маёр сказаў мне сакрамэнтальную фразу: «Нам это знать не надо».

Аднак паўсюль ёсьць людзі, якім гэта ведаць трэба. Паўсюль ёсьць людзі, якія імкнуцца ведаць нашую гісторыю. літаратуру, мову.Бязь іх не было б ні маіх вандровак, ні, напэўна, самога пісьменьніка Ўладзімера Арлова.

Сёньня — першая перадача з цыклю «Пакуль ляціць страла». Уладзімер Арлоў адказвае на пытаньне — чым запомніцца гэтае лета?
  • 16x9 Image

    Алена Радкевіч

    Журналістка. Працавала вядучай радыёстанцыі «Беларуская Маладзёжная», карэспандэнткай Бі-Бі-Сі, расейскай незалежнай прэсы, удзельнічала ў самвыдаце. З Радыё Свабода ад 1991.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG