Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце Свабоды ў перадачы «Пакуль ляціць страла».



Скажыце, калі ласка, ці любіце Вы анэкдоты, альбо, па-беларуску, показкі? Можа, раскажыце нешта з сваіх улюбёных?


Ёсьць такое выслоўе: раскажы мне свой анэкдот, і я скажу, хто ты…

Мне найбольш даспадобы анэкдоты ў першапачатковым сэнcе гэтага слова. Маю на ўвазе кароткае дасьціпнае апавяданьне пра незвычайны, адметны выпадак з жыцьця вядомай гістарычнай асобы.

Такі анэкдот, у аснове якога часта ляжыць канкрэтная падзея, можа сказаць пра свой час ня менш за цэлую манаграфію.

Вось вам красамоўны прыклад. Як вядома, вайна 1812 году для Беларусі, адрозна ад Расеі, не была Айчыннай. Патрыёты Вялікага Княства Літоўскага зьвязвалі з Напалеонам надзеі на аднаўленьне дзяржавы. У войсках францускага імпэратара служыла болей за 25 тысяч нашых суайчыньнікаў. Французаў з энтузіязмам сустракалі ня толькі шляхцічы, але і сяляне, што спадзяваліся вызваліцца ад прыгону.

Але Банапарт вёў сваю гульню. Пачаліся бясконцыя рэквізыцыі, і рабункі… Шляхцічы былі глыбока расчараваныя. Сяляне браліся за косы і сякеры.

Аднаго разу, сустрэўшы на дарозе бабулю-сялянку, Напалеон саскочыў з каня і запытаўся, каму яна зычыць перамогі: французам
Хачу, каб вы загналі маскалёў так далёка, каб не вярнуліся ні яны, ні вы.
ці расейцам. Старая мудрая беларуска адказала: «Хачу, каб вы загналі маскалёў так далёка, каб не вярнуліся ні яны, ні вы».

Калісьці, расказваючы мне гэты анэкдот, славуты ангельскі беларусіст сьветлай памяці Гай Пікарда бажыўся, што згаданая размова сапраўды адбылася дзесьці пад Бешанковічамі.

А зараз показка на тэму спрадвечнай расейскай неталерантнасьці, а дакладней, ксэнафобіі.

Пачалася расейска-японская вайна. Фэльдфэбэль зьбірае салдатаў і выступае перад імі з прамовай: «Ну, братцы, дождались! Государь объявил войну японцу. Значит, пойдем бить жидов и поляков!»

Яшчэ адну показку я пачуў ад знаёмае дзяўчыны з Ваўкавыску. Справа адбывалася ўвосень 1939 году пасьля гэтак званага вызваленчага паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь. Дзядуля маёй знаёмай, мясцовы інтэлігент, сустрэў на вуліцы прысланага Саветамі начальніка-камуніста. Паводле мясцовага звычаю, беларус прыўзьняў капялюш і пакланіўся. Расеец зьдзіўлена кажа: «Привет!» Цяпер зьдзівіўся дзядуля: «Ад каго?» Начальніку пытаньне не спадабалася, і неўзабаве па дзядулю прыехаў «чорны воран».

Героямі анэкдотаў часта рабіліся і мае калегі-пісьменьнікі.

Неяк да Якуба Коласа паслалі па інтэрвію маладога газэтчыка. Народны паэт якраз калоў каля дому дровы. «Над чым цяпер працуеце, Канстанцін Міхайлавіч?» — сьмела пацікавіўся візытант. «Дровы калю», — адказаў мэтар.

А расейскі пісьменьнік Аляксандар Купрын аднаго разу добра прыклаўся да пляшкі і паслаў з рэстарацыі «Славянскі базар» тэлеграму імпэратару Мікалаю ІІ: «Долой самодержавие! А. Куприн». Празь нейкі час афіцыянт прынёс тэлеграфны адказ: «Выпил — закуси. Николай ІІ».

У вольны час Купрын ня толькі рассылаў тэлеграмы аўгусьцейшым асобам, але і даваў каштоўныя парады малодшым калегам. Вядомы сатырык і гумарыст Аркадзь Аверчанка аднойчы пахваліўся, што царская сям’я запрашала яго пачытаць новыя творы, а ён адмовіўся — «сказался больным». «Это хорошо, батенька, что отказался, — заўважыў Купрын. — Однако надобно сябя так поставить, чтоб и не звали».

Нешта я ня чуў, каб Лукашэнка запрашаў да сябе нашых пісьменьнікаў чытаць новыя творы. І, тым ня менш, гэтая показка гучыць сёньня ў нашых шыротах чамусьці даволі актуальна.

Зычу вам таксама зрабіцца героямі анэкдотаў. Найлепей — станоўчымі.
XS
SM
MD
LG