Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі чытач ня мае рацыі


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Больш за тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».


У Вашым апавяданьні «Ордэн Белай Мышы» дзеяньне адбываецца ў каралеўстве, дзе ёсьць адзін-аднюткі пісьменьнік, але няма ніводнага чытача. На шчасьце, у нашай краіне і пісьменьнік не адзін, і чытачы пакуль яшчэ ёсьць. Скажыце, ці здараліся выпадкі, калі чытачы ўспрымалі напісанае Вамі абсалютна нечакана і неадэкватна? Можа, згадаеце нешта вясёлае ці, наадварот, сумнае…



У маім уяўленьні пісьменьнік ня можа існаваць без чытача. Я ня веру тым сваім калегам, якія часам заяўляюць, што ім абыякава, прачытае хтосьці іхні тэкст ці не. Магчыма, яны лічаць, што сучасьнікі проста не дарасьлі, але ў глыбіні душы ўсё ж спадзяюцца на чытача ў будучыні.

Калі тваю кнігу бяруць у рукі тут і цяпер, ты непазьбежна ўступаеш з чытачом у складаныя стасункі, дзе можа прысутнічаць як разуменьне, так і поўная яго адсутнасьць. Чамусьці зараз выплыла з памяці нечае выслоўе аб тым, што чытачы падзяляюцца на садыстаў і мазахістаў; садысты чытаюць Захера Мазоха, а мазахісты — маркіза дэ Сада.

Ёсьць таксама людзі, якія бяруць у рукі кнігу толькі для таго, каб знайсьці ў пісьменьніка памылкі.

Калісьці я напісаў апавяданьне, у якім дзейнічалі два пэрсанажы — цяжка паранены ваяр і крумкач, які чакаў, пакуль чалавек памрэ, а ён зможа павячэраць. Тэкст быў, безумоўна, не пра гэта. Чалавек пракручваў у памяці жыцьцё, шукаў паратунку. Птушка таксама мела іншыя праблемы, апрача набіваньня страўніка сьвежай мярцьвячынай.

Не пасьпела апавяданьне зьявіцца ў друку, як рэдакцыя пераслала мне ліст абуранага чытача. Называючы сябе біёлягам і нават кандыдатам навук, ён на пяці старонках «размазваў» мяне за няведаньне асаблівасьцяў жыцьця і дзейнасьці крумкачоў. Як выявілася, і жыве гэтая паважаная птушка зусім ня сто гадоў, і мярцьвячынай грэбуе (хоць «Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі» сьцьвярджае адваротнае), і гняздуецца ня так…

Я мусіў напісаць грунтоўны адказ, дзе, у прыватнасьці, паабяцаў заўсёды змагацца за добрае імя крумкачоў. Памятаю, што дакляраваў яшчэ і прысьвяціць крумкачу адмысловае апавяданьне. Праўда, твор урэшце атрымаўся пра грака, у якога раз-пораз перакідаўся галоўны герой. Біёляг не адгукнуўся, відаць, палічыў, што я ўжо безнадзейны.

Яшчэ адзін хутчэй сумны, чым забаўны выпадак здарыўся з гістарычнай навэляй «Рандэву на манэўрах». У ёй сустракаюцца беларуская шляхцянка і расейскі афіцэр. Яна — маладая прывабная ўдава, ён — адукаваны, дасьціпны, нежанаты Яны хутка робяцца блізкімі, пачынаюць будаваць пляны на сямейнае жыцьцё. І тут высьвятляецца, што яна — удава паўстанца 1863 году, а яе каханак дзесяць гадоў таму меў дачыненьне да сьмерці мужа. З ініцыятывы жанчыны адбываецца рашучы і жорсткі разрыў…

Ідзе прэзэнтацыя кнігі. Слова бярэ чытачка, якая нахвальвае аўтара за псыхалягізм. Аказваецца, ён асабліва моцна гучыць у апавяданьні «Рандэву на манэўрах», дзе створаны вобраз бяздушнай і жорсткай жанчыны-эгаісткі, якая абражае найлепшыя пачуцьці закаханага ў яе афіцэра…

Цяпер больш вясёлая гісторыя. Лета. Сьпёка. Дзівосны літоўскі курорт Ніда на Куршаўскай касе. Міжнародныя паэтычныя чытаньні ў Доме-музэі Томаса Мана. У такую пару ў такой дзівоснай мясьціне на падобныя імпрэзы ходзяць толькі ненармальныя. Гэтым разам, здаецца, ня знойдзецца і ненармальных. Але арганізатарам удаецца недзе злавіць і прывесьці групу вельмі немаладых нямецкіх турыстаў. Чытаю з калегамі вершы ў арыгінале і перакладзе на нямецкую мову. Сярод іх вось гэты:

Падобны да мужчыны

беднае дзяцінства ў расейскай вёсцы
(ці можа быць дзяцінства бедным
нават у расейскай вёсцы?)
бабуля-немка зьберагла мову
падараваўшы ўнучцы вяртаньне
заместа сябе самой у Vaterland
(расейская ў яе таксама добрая)
заможнае юнацтва дзякуючы
багаценькім сваякам з Брэмэну
(ці можа быць юнацтва заможным
нават у сваячкі мільянэраў з Брэмэну?)
імкненьне пражываць адначасова
некалькі жыцьцяў
(ці не зарана ў дваццаць восем
калі здаецца хапае і аднаго?)
бабуля памерла ў мінулы панядзелак
на помніку ўнучка загадала
напісаць па-нямецку
(калі не паслухаюцца
не атрымаюць больш ні эўра)
на Каляды муж-расеец
парэзаў на шматкі
падараваную знаёмым мастаком
карціну з рэмінісцэнцыямі з Брэйгеля
за адным разам папісаў і мастака
(добра што не яе самую
зрэшты потым высьветліцца
што перапала і ёй
іначай адкуль тыя шнары
над жывым гузікам пупка)
глухая прыморская вёска
на поўначы Італіі
куды двойчы ўцякала ад мужа
(ці не з парэзаным аўтарам
парэзанай карціны?)
тры месяцы ў намёце
на Лазуркавым беразе
з грашыма толькі на віно і ежу
(цяпер ужо з мужам)
нязводная завядзёнка
раз-пораз раздаваць маёмасьць
знаёмым і не
п’янаваты румын
хацеў яшчэ і трахнуць дабрадзейку
на атрыманай задарма канапе
(можа і трахнуў
пасьля звычайна не застаецца шнараў)

навошта ты апавядаеш усё гэта
мне незнаёмаму
па дарозе дахаты да мужа да немцаў
у купэ міжнароднага цягніка
за дзьве гадзіны да Берасьця?

проста ты падобны да мужчыны

ну што застаецца рабіць
пасьля такога прызнаньня?

Здаецца, усе «аматары паэзіі» шчасьліва дрэмлюць. Але адзін дзядуля- немец неспадзеўкі пачынае радасна пляскаць у далоні і празь перакладчыка кажа, што верш гера Арлова яму вельмі спадабаўся. Ён, немец, цалкам згодны з аўтарам. Усіх эмігрантаў з Усходу трэба неадкладна выселіць назад.

Карацей, цяжкавата нам, літаратарам, прадбачыць, як слова наша адгукнецца.

Але, адрозна ад кліента, чытач не заўсёды мае радыю. Зрэшты, пісьменьнік — таксама.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG