Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце "Свабоды" ў перадачы "Пакуль ляціць страла".


Спадар Арлоў, хацелася б пачуць, як складваліся Вашы стасункі з цэнзурай у мінулым, і як выглядае справа цяпер. Напэўна, даводзіцца неяк абыходзіць "падводныя камяні", ісьці на хітрыкі etc.

Калі казаць пра падзеі ўжо прамінулага стагодзьдзя, дык знаёмства з цэнзураю адбылося, калі мне было гадоў пяць.

Да майго таты, полацкага пракурора, прыехаў правяральшчык з вобласьці. Падчас вечаровай пачосткі ў нас дома мяне выпусьцілі з культурнай праграмаю — пачытаць госьцю вывучаныя ў дзіцячым садку вершыкі. Стаўшы пад фікусам, я прадэклямаваў:

Сала, мяса і пшаніцу —

Ўсё аддалі за граніцу,

А гнілую кукурузу —

Для Савецкага Саюзу!

Мама разгублена прамовіла: "Сынок, я ж прасіла пра коціка і лісічку..." Правяральшчык зарагатаў, і тата застаўся пракурорам.

Стасункі з цэнзурай ужо ў якасьці літаратара пачаліся на пачатку 1980-х. Тады няпроста было разабрацца, дзе па тваім тэксьце пахадзіла рука цэнзара з адпаведнай установы, а дзе — пільнага рэдактара, які кіраваўся вядомым прынцыпам, здаецца, некага з герояў расейскага клясыка Салтыкова-Шчадрына: "Лучше перебдеть, чем недобдеть".

Адно зь першых маіх апавяданьняў называлася "Маналёг сьвятога Пётры". На старонках газэты "Літаратура і мастацтва" яно ператварылася ў "Маўклівы маналёг". Мне патлумачылі, што ніякіх сьвятых не павінна быць ні ўвогуле, ні, пагатоў, у літаратурных творах.

Як неўзабаве высьветлілася, у літаратурных творах не павінна было быць і міліцыянтаў. Прынамсі такіх, як у маёй дэбютнай аповесьці "І вярталіся мы", дзе міліцыя на гарадзкой вуліцы пакавала ў “варанок” маладых калядоўшчыкаў-"нацыяналістаў". Трэба аддаць належнае супрацоўнікам часопісу "Маладосьць": саму гэтую сцэну яны абаранілі, трансфармаваўшы міліцыянтаў у народных дружыньнікаў.

Я мог суцешыцца хіба тым, што ў эстонскім перакладзе аповесьці, зробленым сьветлай памяці Олевам Йыгі для знакамітага тады на інтэлектуальных абшарах СССР часопісу "Vikerkaar" ("Радуга"), дзейнічалі ўсё ж не дружыньнікі, а доблесныя беларускія міліцыянты. У Эстоніі цэнзарскія нажніцы былі значна лагаднейшыя. Маленькі раман майго ўлюбёнага Яана Кроса называўся "Чатыры маналёгі з нагоды сьвятога Георгія", а не якія-небудзь "Чатыры маўклівыя маналёгі".

Цяперашняя ўлада сьцьвярджае, што ў Беларусі цэнзуры не існуе.

Праілюструю гэта на прыкладзе сваёй кніжкі прозы "Ордэн Белай Мышы", што некалі выйшла ў сьвет — як ні дзіўна — у выдавецтве "Мастацкая літаратура". Кажу "як ні дзіўна", бо ў 1997-м у часе аздараўленьня выдавецкіх шэрагаў, даверанага тагачаснаму старшыні Дзяржаўнага камітэту па друку палкоўніку Замяталіну, мяне "зачысьцілі" зь дзівоснай фармулёўкаю: "за выпуск исторической и другой сомнительной литературы". Дарэчы, вельмі эфэктыўнае вырашэньне цэлага комплексу праблемаў, у тым ліку і цэнзурных.

Напэўна, недабітыя ў колішнім родным выдавецтве нездаровыя сілы вырашылі зрабіць мне той кніжкаю такі сабе падарунак-кампэнсацыю. Але рэдактарка адразу паведаміла, што ў Міністэрстве інфармацыі ў будучай кнігі ўжо ёсьць куратар. Неўзабаве гэтая засакрэчаная асоба падала праз рэдактарку свой голас.

У апавяданьні, што дало кніжцы назоў, быў эпізод, дзе кароль і запрошаны ім пісьменьнік падчас вячэры ядуць барановую смажанку з чарнасьлівам. Манарх тлумачыць, што гэта традыцыйная страва іхняй дынастыі. Яна, маўляў, упершыню зьявілася ў XVI стагодзьдзі пасьля разгрому войскам ягонага далёкага продка "арды нашага заклятага суседа і сябра вялікага князя Івана". Куратару не спадабалася імя вялікага князя, якое магло прычыніць шкоду сучасным інтэграцыйным працэсам. Тады я, ужо ня верачы ў выхад кнігі, з дулінай у кішэні прапанаваў суседа і заклятага сябра Івана замяніць на Вавана. Вы ўжо здагадаліся, хто меўся на ўвазе. Куратар, тым ня менш, застаўся задаволены. Падобным чынам удалося разьвязаць і іншыя вузельчыкі, якія шкодзілі інтэграцыі. У куратара відавочна было пачуцьцё гумару і, па гамбурскім рахунку, ён відавочна быў за нас.

Нарэшце кніга зьявілася. Раней чым да мяне яна трапіла ў рукі нашага славутага мастака Аляксея Марачкіна, малюнкамі якога была аздобленая. У тэлефонных размовах Аляксей рагатаў і лаяўся. У вусатага пэрсанажа на першым шмуцтытуле вусікі ў некалькі разоў вырасьлі і закруціліся накшталт дон-кіхотаўскіх. Яшчэ на адным малюнку ў фантасмагарычнай істоты з мужчынскімі полавымі прыкметамі гэтыя самыя прыкметы былі роўна напалову абрэзаныя... Потым высьветлілася, што перад самым падпісаньнем кнігі ў друк у мастацкую рэдакцыю ўварваўся чалавек зь міністэрства. "Нам і так за Арлова яйцы адкруцяць! — Крычаў ён. — А тут яшчэ Марачкін мужыка зь яйцамі намаляваў і Лукашэнку ў дадатак!" Самае цікавае, што ў афармленьні мы выкарыстоўвалі малюнкі, зробленыя гадоў дваццаць пяць таму. Насамрэч прататыпам чалавека з вусамі быў старшына, які даўся Марачкіну ў знакі, калі мастак служыў у войску.

Потым было маё маленькае інтэрвію газэце "Известия", якое абсалютна блізка да рэальнасьці называлася "Цэнзура адрэзала органы". У выніку дырэктар "Мастацкай літаратуры" Мачульскі паабяцаў, што ня будзе мяне друкаваць дзесяць гадоў. Сем ужо прайшло. Можа, дырэктар нешта ведае...

Паколькі ўжо даўно друкуюся ў выдавецтвах недзяржаўных, цяпер мяне больш займае праблема самацэнзуры. Год таму музыка Зьміцер Вайцюшкевіч даў мне сяброўскую параду не карыстацца ненарматыўнай лексыкай. І паабяцаў, што, калі я выпраўлюся, абавязкова напіша на мой верш песьню. Я выправіўся, і ён сапраўды паклаў верш "Пасьля тваіх званкоў" на музыку. Як бачыце, цэнзура таксама бывае карыснай.
XS
SM
MD
LG