Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ножка першай каханай


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Больш за тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце Свабоды ў перадачы «Пакуль ляціць страла».


Мне і майму каханаму на дваіх 33 гады. У нас нечаканае пытаньне. Згадайце, калі ласка, сваё першае эратычнае перажываньне. Цікава, як гэта адбывалася ў Ваш час?

Паводле Зыгмунда Фройда, у большасьці з нас — незалежна ад часу — першыя перажываньні гэткага кшталту зьвязаныя з мамінай цыцай. Мяне мама карміла больш за год. Часам здаецца, што тыя пругкія ружовыя паўкулі з смочкамі-сунічкамі, якія мне, бывае, мрояцца на мяжы явы і сну, належалі якраз маме…

Але вас, асабліва ў вашыя 33 гады на дваіх, відавочна цікавіць іншае.

Напэўна, я быў раньнім хлопчыкам, бо мне і маёй каханай на дваіх было ўсяго 26. Праўда, Людачка Цімафеева пра гэта ня ведала. Ну, пра тое, што яна — каханая.

Няхай вашае ўяўленьне паспрабуе намаляваць нашу тагачасную шостую клясу.

Дошка, кавалкі крэйды. Грувасткія нехлямяжыя парты. Натуральна, ніякіх кампутараў. Толькі летась нам дазволілі пісаць шарыкавымі асадкамі. На сьцяне — партрэт Чарльза Дарвіна. Побач — табліцы, што дэманструюць, як малпа ператвараецца ў чалавека. У дзьвюх шафах пры сьцяне — парачка шкілетаў, бо наш клясны кіраўнік выкладае біялёгію. Я чамусьці не даю веры, што з малпы — нават пры самых спрыяльных акалічнасьцях — можа атрымацца Людачка. І ўжо зусім ня верыцца, што Людачка ды і сам я некалі ператворымся ў шкілеты. Мы яшчэ неўміручыя.

За вокнамі тагачасная зіма — з сумётамі, размаляванымі шыбамі. Мароз пад 20 градусаў. Мы, полацкія школьнікі, ходзім на заняткі ў валёнках і носім зьменны абутак.
Я чамусьці не даю веры, што з малпы — нават пры самых спрыяльных акалічнасьцях — можа атрымацца Людачка.


Ідзе урок геаграфіі. І раптам мая нага, блукаючы пад партаю, знаходзіць ножку каханай. Прычым гэтая ножка — якое шчасьце! — не ўцякае ад мяне, а даверліва застаецца на месцы. Сьпярша я проста заміраю ў асьцярожлівым дотыку. Напэўна так замірае на лязе аеру, жывая, як міркіль, смарагдавая стрэлка.

Гэта доўжыцца некалькі бясконцых імгненьняў асалоды. Але юны мужчына ўва мне падказвае, што, калі жанчына дазваляе адзін крок, трэба рабіць наступны. Я далікатна накрываю Людаччыну ножку зьверху і зусім зьлёгку прыціскаю яе. Яна не ўцякае! Маё сэрца вырастае і пачынае біцца ў самых нечаканых месцах.

Я з трэцяе клясы ведаю сталіцы ўсіх краінаў сьвету. Я ведаю, што сталіца карлікавай Андоры — Андора-ля-Вэля, а сталіца Нідэрляндзкай Гвіяны — Парамарыба. Але цяпер я, відаць, ня здолеў бы нават назваць сталіцу Францыі. Недзе на задворках сьвядомасьці мільгае сусед-дзесяціклясьнік Вова Бундзель, які днямі ў дэталях расказваў, што рабіў пасьля рэпэтыцыі з практыканткаю-піянэрважатай. Бедны Вова! Хіба ён ведае, што насамрэч можна рабіць зь дзівоснымі істотамі, якіх называюць дзяўчынкамі…

Мае перажываньні здаюцца мне вяршыняю блізкасьці. І ня толькі здаюцца. Яшчэ хвіля, і здарыцца тое, чаго я так баюся і прагну…

Але, як казаў Ліс з «Маленькага прынца», няма ў сьвеце дасканаласьці. Якраз тут зьвініць ненавісны званок! Праўда, ножка маёй каханай не ўцякае, яна па-ранейшаму са мной. Я непрыкметна апускаю павекі. Усё яшчэ магчыма…

І зьнячэўку, нейкім бакавым зрокам заўважаю абсалютна неверагоднае: мая Людачка весела бяжыць па праходзе між партаў! І бяжыць дакладна на дзьвюх сваіх поўненькіх ножках-бутэлечках. Апусьціўшы позірк долу, я з жахам і невыказным сорамам разумею, што цэлы ўрок лашчыў ейны засунуты пад парту валёначак…

Колькі потым было розных эратычных перажываньняў! А згаданае дагэтуль застаецца ня проста першым, але, відаць, і наймацнейшым.

Шкада, што закаханых у валёнках цяпер у нашых краях ужо не сустрэнеш. Не падабаецца мне гэтае глябальнае пацяпленьне!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG