Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна давяраць сучасным школьным падручнікам нацыянальнай гісторыі?


Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў

Больш за тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць год. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце Свабоды ў перадачы «Пакуль ляціць страла».


Ці можна давяраць сучасным школьным падручнікам нацыянальнай гісторыі?

Давайце паспрабуем адказаць на пытаньне разам і дзеля гэтага возьмем у рукі навучальны дапаможнік «Гісторыя Беларусі. Канец ХVІІІ ст. — 1999 г.» пад рэдакцыяй прафэсара Яўгена Новіка. Па ім сёлета будуць вучыцца нашы адзінаццаціклясьнікі.

Разгортваем разьдзел пра рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух у 1-й палове ХІХ стагодзьдзя. Гэта час, калі на захопленых Расеяй беларускіх землях узьнікаюць шматлікія таемныя таварыствы. Апавядаючы пра самыя значныя зь іх, філяматаў і філярэтаў, аўтары падручніка адразу вырашаюць не называць імёнаў. Відаць, каб не было панадна.

Вучні не даведаюцца імёнаў Яна Чачота, Тамаша Зана, Ігната Дамейкі, ідэйнага натхняльніка патрыётаў Яўхіма Лялевеля… Затое старанна пералічваюцца дзекабрысты, якія служылі ў Беларусі. Паколькі аўтары навучальнага дапаможніка пра гэта маўчаць, заўважым, што лёс нашага народу расейскіх дваранскіх рэвалюцыянэраў альбо зусім не цікавіў, альбо выклікаў у іх шавіністычную адрыжку. Павел Пэстэль, да прыкладу, лічыў, што беларусы «должны отказаться от права особой народности». Назвы ўсіх народаў імпэрыі, апрача расейцаў, ён наогул прапаноўваў проста скасаваць.

Але для Новіка і кампаніі такія дзеячы, відавочна, значна больш каштоўныя, чым нейкія дамарослыя філяматы.

Падобнымі рэцыдывамі расейскацэнтрычнага мысьленьня падручнік Новіка нашпігаваны, як гусь яблыкамі. Вось толькі яблыкі гэтыя выклікаюць, далікатна кажучы, нястраўнасьць.

Роўна 25 радкоў адшкадавалі аўтары вызвольнаму паўстаньню 1830 — 1831 гадоў, калі на землях былога Вялікага Княства Літоўскага за зброю ўзяліся 30 тысяч нашых продкаў. У трох куртатых абзацах няма ані згадкі пра графіню Эмілію Плятэр, якую сучасьнікі называлі ліцьвінскай Жаннаю д’Арк. Альбо пра Міхала Валовіча, што вярнуўся з парыскай эміграцыі на радзіму і ўзначаліў партызанскі аддзел. Альбо пра яшчэ аднаго інсургента — Генрыка Дмахоўскага, які стаў вядомым у сьвеце скульптарам і стварыў для Кангрэсу ЗША бюсты Тадэвуша Касьцюшкі і Томаса Джэфэрсана.

Калісьці Сэрвантэс сказаў, што хлусьлівых гісторыкаў трэба караць, як фальшыва­манэтчыкаў.
Навошта сучаснаму беларускаму адзінаццаціклясьніку ведаць такія малацікавыя факты? Навошта забіваць ім галаву сумнеўнымі імёнамі паўстанцкіх правадыроў? Камусьці яшчэ — крый Божа! — заманецца павесіць партрэты змагароў у сябе на сьцяне!

Новік з памагатымі прапануе сваіх герояў, Ня нейкіх там бунтаўшчыкоў, а людзей адданых «государю и Отечеству». З старонак «Гісторыі Беларусі» на нас па-бацькоўску строга глядзяць царскія міністры і генэрал-губэрнатары Кісялёў, Назімаў, Мураўёў… Так-так, той самы Мураўёў-вешальнік, што тапіў у крыві паўстаньне Кастуся Каліноўскага. У падручніку ён, натуральна, ніякі ня вешальнік, а «энэргічны дзяржаўны дзеяч, які зь веданьнем справы рабіў тое, да чаго быў закліканы». Як вядома, мураўёўская энэргія выявілася ў 128 павешаных і расстраляных, 853 прысуджаных да катаргі, 12 тысячах адпраўленых у высылку і арыштанцкія роты. Не выключаю, што сярод іх былі і продкі самога прафэсара Новіка і ягоных суаўтараў.

Жыве, жыве справа яго сіяцельства, які загадваў заліваць магілы нашых паўстанцаў экскрэмэнтамі і казаў, што ў Беларусі рускі чалавек павінен пачувацца лепей, чым дома.

Зазірнуўшы ў разьдзелы пра падзеі 20-30-х гадоў мінулага стагодзьдзя, дапытлівы вучань крыху супакоіцца. З уласьцівым ім лёгкім, амаль грацыёзным стылем Новік і кампанія пішуць, што, аказваецца, «фантастычных памераў лічбы ахвяр палітычных рэпрэсій, якія ўтрымліваюцца ў публікацыях апошніх дзесяцігодзьдзяў, — ня што іншае, як міт, запушчаны ў грамадзкую сьвядомасьць для дыскрэдытацыі сацыялістычнай сыстэмы».

Шляху Беларусі да незалежнасьці ў найноўшы пэрыяд нашай гісторыі падручнік адводзіць ажно цэлую старонку. Прафэсар Новік паклапаціўся, каб вучні 11-х клясаў анічога ня ведалі ні пра Курапаты і «Мартыралёг Беларусі», ні пра БНФ, ні пра яго тагачаснага лідэра Зянона Пазьняка. Станіславу Шушкевічу пашанцавала болей. Не, сьціплы партрэт ён, у адрозьненьні ад Аляксандра ІІ і Мікалая ІІ, безумоўна, не заслужыў. Затое цяпер, пачуўшы імя першага кіраўніка сувэрэннае Беларусі, выпускнікі школаў будуць ведаць, што гэты страшны чалавек, а таксама ягоныя хаўрусьнікі Барыс Ельцын і Леанід Краўчук «зьдзейсьнілі дзяржаўны пераварот» і «разбурылі вялікую і магутную дзяржаву».

Калісьці Сэрвантэс сказаў, што хлусьлівых гісторыкаў трэба караць, як фальшываманэтчыкаў. Я, канечне, не заклікаю карыстацца мэтадамі энэргічнага дзяржаўнага вешальніка, перапрашаю, «дзеяча», мілага душы прафэсара Новіка. Але сваім сынам вывучаць родную гісторыю па такіх падручніках ніколі б не дазволіў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG