Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці быў на рыцарскіх турнірах допінг-кантроль?


Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў

Больш за тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце Свабоды ў перадачы «Пакуль ляціць страла».

Спадар, Уладзімер, перапрашаю за, магчыма, наіўнае пытаньне. Але ўсё ж, ці можна казаць, што нашы далёкія продкі, да прыкладу, у часы Вялікага Княства Літоўскага, займаліся спортам ці нечым падобным? І колькі магло быць такіх “спартоўцаў”?

А як Вы думаеце, шаноўны, чаму беларусы традыцыйна ўдала выступаюць на спаборніцтвах у веславаньні, біятлёне альбо фэхтаваньні?

Яшчэ невядома ці абагнаў бы наш алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч на сваёй байдарцы човен якога-небудзь зухаватага ліцьвіна часоў князя Вітаўта. І ці не перамог бы ўляўраных беларускіх фэхтавальнікаў знакаміты ува ўсёй тагачаснай Эўропе дуэлянт Багуслаў Радзівіл. Дарэчы, за “саfртовыя” посьпехі ён нават патрапіў на колькі дзён у камэру парыскай Бастыліі, дзе, трэба спадзявацца, уволю папіў турэмнага віна ды паеў камамбэраў з кумпякамі. (Гэта не мая фантазія, а пацьверджаны дакумэнтамі рацыён вязьняў). Ну а стваральнік “Песьні пра зубра” Мікола Гусоўскі ў юнацтве быў ня кім-небудзь іншым, а, кажучы сучаснай моваю, біятляністам. Толькі атрымліваў ад свайго занятку значна больш адрэналіну, бо страляў па жывых мішэнях і пакараньне мог заробіць істотнейшае, чым некалькі штрафных колаў.
Яшчэ невядома ці абагнаў бы наш алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч на сваёй байдарцы човен якога-небудзь зухаватага ліцьвіна часоў князя Вітаўта ...

Калі ж казаць сур’ёзна, то найбольшае падабенства з сучаснымі спартовымі спаборніцтвамі мелі рыцарскія турніры, якія зьбіралі ўдзельнікаў з розных эўрапейскіх краінаў.

Уявіце, што вы – удзельнік турніру. Зьявіцца на яго трэба было за чатыры дні да пачатку. Невядома, як тады адбываўся допінг-кантроль, але праводзілі яго, відаць, ужо на другі дзень, бо першы прысьвячаўся сьвяточнай вячэры і танцам. Назаўтра судзьдзі абмярковалі кандыдатуры спаборнікаў. Дзеля гэтага на ўсеагульны агляд выстаўляліся іхнія баявыя шаломы й сьцягі. Пасьля таго, як гучна абвяшчалася імя рыцара, кожны з прысутных меў права сказаць сваё слова. Калі б пра вас даведаліся нешта благое, шалом скінулі б на зямлю, і заставалася б толькі з пахіленай галавою ехаць дадому.

На трэці дзень рыцары ўрачыста прысягалі выконваць турнірныя правілы, якія для ўсёй Эўропы былі прыкладна аднолькавыя. Тым часам уздоўж рысталішча ладзіліся трыбуны для гледачоў. За паядынкамі, што адбываліся на гарадзкіх пляцах, можна было за плату назіраць з вокнаў блізкіх дамоў. Часам турнірныя гульні праходзілі і на закрытых арэнах -- у вялікіх залях палацаў і замкаў.

Непасрэдна перад спаборніцтвамі судзьдзі правяралі якасьць і даўжыню зброі, найперш дзідаў. Яны павінна былі мець прыкладна аднолькавыя парамэтры. Коні таксама падбіраліся аднаго росту, каб праціўнікі мелі роўныя ўмовы і перамога залежала толькі ад майстэрства. Спаборнікі выпрабоўвалі сілу і ваярскае ўмельства і камандамі, і, як цяпер кажуць, у індывідуальным заліку.

Самым доўгачаканым момантам, натуральна было ўзнагароджаньне пераможцаў. Спачатку яны проста забіралі сабе каня і зброю суперніка. Потым зьявіліся іншыя ўзнагароды -- срэбны панцыр, меч з залатой рукавяткай, залаты рыцарскі пас і такія самыя астрогі-шпоры.

Прызы прысуджаліся і тым рыцарам, якія найдаўжэй пратрымаліся на рысталішчы і захавалі некранутымі аздобы на шаломах. Ушаноўвалі за самы трапны ўдар і самую вялікую колькасьць скрышаных дзідаў праціўніка. Адмысловы прыз чакаў рыцара, які прыехаў на спаборніцтвы з найбольш далёкай краіны.

Узнагароды ўручаліся на сьвяточнай застоліцы, дзе спаборніцтвы яшчэ працягваліся ў выглядзе ўзаемных жартаў – часам бяскрыўдных, а, здаралася, і не.

Неяк на турніры ў Вене немцы ўзяліся пацяшацца над тым, што ў рыцараў зь Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы горшае ўзбраеньне. Хтосьці з нашых запытаўся, чаму ж тады вы, маўляў, з выдатнай зброяй прайгралі бітву пад Грунвальдам. Слова за словам, і ў паветры запахла навальніцаю. Для большай крыўды немцы прапанавалі апанэнтам купіць за сто злотых свайго самага старога і маларослага каня. Ліцьвіны з палякамі, каб разрадзіць атмасфэру, пагадзіліся. Наступнага дня яны запрасілі крыўдзіцеляў на абед, каб пачастваць сьвежай алянінаю. Пры канцы абеду нямецкім рыцарам прынесьлі на вялікім падносе галаву і ногі з капытамі ад іхняга каня. Зразумеўшы, якога “аленя” зьелі, немцы схапіліся за мячы, але турнірныя правілы змусілі іх сесьці на месца і ўгамавацца.

Замежныя турнірныя кнігі мелі асобныя разьдзелы, прысьвечаныя Вялікаму Княству Літоўскаму. Там зьмяшчаліся гербы рыцараў-ліцьвінаў і кароткія аповеды пра іх перамогі.

У сваю чаргу ваяры з Францыі, Ангельшчыны, Італіі, Нямеччыны, Чэхіі, Вугоршчыны прыяжджалі на турніры ў нашую сталіцу Вільню. Асабліва часта рыцарскія гульні адбываліся ў нас у ХУІ стагодзьдзі за часамі вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. Колькасьць тагачасных заўзятараў можна суаднесьці зь сёньняшняй. Некалькі тысяч гледачоў назіралі ў 1546 годзе ў Вільні за паядынкам, у якім сышліся ліцьвін Габрыэль Тарла і прускі рыцар Лягендорф. Доўгае і зацятае адзінаборства выйграў, хоць і быў паранены, наш суайчыньнік.

Гісторыя маўчыць пра тое, ці ставіў вялікі князь перад сваімі рыцарамі задачу-- што б там ні было-- заваяваць пэўную колькасьць узнагародаў. А вось якой цаною яны здабываюцца, Жыгімонт Аўгуст ведаў, бо сам шмат разоў выходзіў у турнірным узбраеньні на рысталішча.

Дарэчы, усім аматарам гісторыі, а найперш – сябрам нашых сучасных рыцарскіх клюбаў хачу параіць нядаўна выдадзеную кніжку беларускага гісторыка Юрыя Бохана “Турнірныя традыцыі ў Вялікім Княстве Літоўскім ў ХІУ—ХУІ стагодздзях”.

На пытаньне, колькі налічвалася ў тыя часы такіх спартоўцаў, дакладна адказаць немагчыма. Але можна сыходзіць з таго, што ў Вялікім Княстве Літоўскім да шляхецкага стану належала да 15% насельніцтва (у Масковіі – для параўнаньня – дваранства складала толькі 1%). Уся шляхта лічыла сябе рыцарамі, і браць удзел у турнірах фармальна мог кожны. Вядома, маёмаснае становішча дазваляла гэта ня ўсім. Але кожны рыцар-ліцьвін і на турнірах, і наогул кіраваўся дэвізам:”Славу – Айчыне, гонар – нікому!” Па-мойму, даўні дэвіз падыходзіць і нашым сучасным спартоўцам.

Ну а заўзятарам, якім ня трэба захоўваць спартовы рэжым, хачу нагадаць стары ліцьвінскі тост: “Каб дзеўка кахала, куля мінала, і шабля ня брала!” Можна адрэдагаваць яго ў сучасным духу. Адзін мой знаёмы апазыцыянэр, напрыклад, шаблю замяняе на дубінку. Але гэта ўжо іншая гісторыя ...

XS
SM
MD
LG