Прэмія традыцыйна будзе ўручаная ў трох намінацыях: праваабаронца году, журналіст году і найлепшая праваабарончая ініцыятыва.
У намінацыі «Журналіст году» прэмію атрымала аўтарка Свабоды Галіна Абакунчык. Прэмія дадзеная за «абарону каштоўнасьцяў правоў чалавека».
Ляўрэатка Праваабарончай прэміі 2017 году — аўтарка Свабоды Галіна Абакунчык
Праваабаронца Тацяна Равяка (зьлева) і «Журналіст году-2017» Галіна Абакунчык
Праваабаронцай году стала Раіса Міхайлоўская, дырэктарка Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру, якая зьяўляецца стваральніцай фільма «Банда», апякуецца сем’ямі зьніклых палітыкаў.
Тацяна Равяка (зьлева), Раіса Міхайлоўская (у цэнтры) і Сяргей Драздоўскі падчас уручэньня прэміяў
Раіса Міхайлоўская пасьля атрыманьня дыплёму сказала, што ёй заўседы падавалася, што мы жывём у нялёгкі час, але ён вельмі цікавы:
«Я таксама магу распавесьці многае пра наш час, бо я ўжо 20 гадоў займаюся праваабарончай дзейнасьцю. Для мяне знакавымі фігурамі зьяўляюцца польскі праваабаронца Марэк Навіцкі, Ірына Казуліна, Барыс Звоскаў. Я вельмі ўдзячная, што мая праца так высока ацэненая калегамі. Я толькі што прыехала з Чэхіі з прэзэнтацыі фільма „Банда“ і вельмі кранутая тым, як былі ўзрушаныя праблемай зьніклых у Беларусі чэхі».
Праваабарончай прэміяй узнагароджаная ініцыятыва «By Help» — актывісты Юлія Дарашкевіч, Андрэй Стрыжак, Аляксей Лявончык ды іншыя. Прэмію ім уручыла адвакатка Тамара Сідарэнка.
Тамара Сідарэнка ўручае прэмію Юліі Дарашкевіч
Юлія Дарашкевіч кажа, што дзеліць гэтую прэмію з тысячамі людзей, якія падхапілі хвалю салідарнасьці, уклалі сваю цаглінку ў падмурак дэмакратычнай супольнасьці.
У аргкамітэт прэміі ўваходзяць Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар, Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звоскава, Беларускі Хэльсынскі камітэт, Грамадзкая ініцыятыва супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры, Камітэт «Салідарнасьць», Праваабарончы альянс, Праваабарончы цэнтар «Вясна», Прававая ініцыятыва і Цэнтар прававой трансфармацыі.
Летась праваабаронцам году назвалі Сяргея Драздоўскага з Офісу па правах людзей з інваліднасьцю, журналістамі году — Адар’ю Гуштын ды Зьмітра Дразда, праваабарончай ініцыятывай году — інтэрнэт-часопіс «Имена». У 2009 годзе журналістам году назвалі журналіста Свабоды Алега Грузьдзіловіча.