Міністар абароны ЗША Джым Мэтыс заявіў у чацьвер, што падпісаў распараджэньне аб адпраўцы дадатковых вайсковых частак у Аўганістан, аднак не стаў удавацца ў дэталі наконт колькасьці гэтага кантынгенту, паведамляе «Голас Амэрыкі».
«Так, я падпісаў загад, але (працэс) не завершаны. Іншымі словамі, я падпісаў некаторыя распараджэньні наконт адпраўкі войскаў, але цяпер мы вырашаем, якія менавіта падразьдзяленьні будуць адпраўленыя”, — сказаў Мэтыс журналістам.
Кіраўнік Пэнтагону адмовіўся назваць канкрэтную колькасьць вайскоўцаў, уключаных у распараджэньні, аднак раней афіцыйныя асобы ЗША расказалі агенцтву Reuters, што прэзыдэнт Дональд Трамп дазволіў Мэтысу адправіць у Аўганістан каля 4 тысяч вайскоўцаў дадаткова.
«Гэта, напрыклад, больш кансультантаў, больш дапаможных сілаў, агнявая падтрымка», — сказаў Мэтыс, дадаўшы, што ніякіх дадатковых войскаў пакуль на месца не прыбыло, і гэта можа заняць «некалькі дзён».
Перагледзеўшы сваю стратэгію наконт Аўганістану, Трамп заявіў на мінулым тыдні, што ЗША захаваюць сваю вайсковую прысутнасьць у гэтай краіне на няпэўны тэрмін і будуць больш актыўна змагацца з талібамі.
Сытуацыя ў сфэры бясьпекі ў Аўганістане пагоршылася ў апошнія некалькі гадоў.
Паводле ацэнак амэрыканскіх вайскоўцаў, сёньня ўлады Аўганістану кантралююць толькі каля 60 адсоткаў тэрыторыі краіны.
У Аўганістане праходзяць службу прыблізна 11 тысяч вайскоўцаў ЗША.