Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўганскі прэм’ер-міністар пракаціўся на беларускім трактары


Прэм'ер-міністар Аўганістану Абдула Абдула

Менскі трактарны завод мае намер пашырыць мадэльны шэраг трактароў для Аўганістану. Пра гэта сказаў выканаўца абавязкаў маркетынг-дырэктара прадпрыемства Юры Пататурка падчас агляднай экскурсіі для аўганскага прэм’ер-міністра Абдулы Абдулы.

Цяпер МТЗ пастаўляе ў Аўганістан у асноўным BELARUS-510, прызначаны для сельскагаспадарчых працаў, транспартных і дапаможных апэрацыяў.

«Гэта тэнтаваная, максымальна спрошчаная тэхніка, запатрабаваная ў Паўднёва-Ўсходняй і Цэнтральнай Азіі. Але паколькі завод выпускае каля 200 мадэляў, мы можам падабраць мадэльны шэраг пад любыя патрабаваньні», — сказаў Юры Пататурка.

Мы можам падабраць мадэльны шэраг пад любыя патрабаваньні

Менскі трактарны завод і кампаніі Аўганістану супрацоўнічаюць ад 1956 году, за гэты час у краіну адгружана больш за 20 тысяч адзінак тэхнікі. Сёньня ў Аўганістане функцыянуе дылерская сетка МТЗ, па выніках году плянуецца адправіць больш за паўтысячы трактароў.

Дзеля паўнаты ўражаньня Абдула Абдула пракаціўся на трактары BELARUS-4522 — адной з самых магутных машын, якія выпускаюцца на прадпрыемстве.​

12 фактаў пра Аўганістан

Прэм’ер-міністар Аўганістану будзе знаходзіцца з афіцыйным візытам у Беларусі 15–17 жніўня.

Ён правядзе перамовы з прэм’ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым у вузкім і пашыраным складзе. Па выніках сустрэчы будуць падпісаныя міждзяржаўныя пагадненьні.

Абдула Абдула наведае шэраг прамысловых і аграрных прадпрыемстваў краіны — МТЗ, МАЗ, «Амкадор», «БелОМА», камбінат «Дзяржынскі».

У якасьці культурнай праграмы беларускі бок прапанаваў госьцю наведаць музэй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

З улікам нестабільнай сытуацыі ў Аўганістане аб’ём таваразвароту Беларусі з гэтай краінай зусім невялікі. Калі меркаваць па апошніх гадах, у сярэднім гэты паказьнік вагаецца ў межах 15–20 мільёнаў даляраў.

Аснову беларускага экспарту складаюць нафтапрадукты, трактары, грузавыя аўтамабілі, шыны, запчасткі. Амаль на 1 мільён даляраў пастаўляецца гумовы абутак.

З Аўганістану завозіцца пераважна сьвежая і сушаная садавіна.

XS
SM
MD
LG