Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вашынгтон і Масква абмяняліся крытыкай у сувязі з аўганскай праблемай


Ілюстрацыйнае фота. Салдаты аўганскай нацыянальнай арміі ў Лашкаргаху, 23 жніўня 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Салдаты аўганскай нацыянальнай арміі ў Лашкаргаху, 23 жніўня 2017 году

Бакі ўскладаюць адзін на аднаго адказнасьць за сытуацыю ў Аўганістане.

Улады Расеі і ЗША ў чацьвер абмяняліся абвінавачаньнямі з нагоды палітыкі ў Аўганістане, усклаўшы віну за існую сытуацыю адзін на аднаго.

Расейскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў выказаў шкадаваньне, што асноўны ўпор новай стратэгіі прэзыдэнта Дональда Трампа зроблены на «сілавых мэтадах урэгуляваньня».

«Мы перакананыя, што гэта беспэрспэктыўны шлях», — сказаў ён.

Высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі ЗША, адказваючы на пытаньне «Голасу Амэрыкі», адзначыў, што стратэгія, якую прэзыдэнт прадставіў у панядзелак у тэлезвароце, ня ёсьць «выключна ваеннай»:

«У гэтай стратэгіі ёсьць прыкметныя дыпляматычныя, палітычныя і нават эканамічныя элемэнты. Так што гэта фактычная недакладнасьць называць гэтую стратэгію занадта мілітарысцкай».

Расея, дадала крыніца, «распаўсюджвае вельмі некарысную прапаганду з нагоды ўласнай ролі ў Аўганістане».

Расея таксама спрабуе сьцьвярджаць, што ЗША падтрымліваюць так званую «Ісламскую дзяржаву» ў Аўганістане, што «не адпавядае рэчаіснасьці».

«Яны спрабуюць падарваць нашу рэпутацыю ў рэгіёне і сеюць ілжывую інфармацыю пра задачы ЗША, — дадала крыніца. — Гэта мяне не зьдзіўляе, паколькі я думаю, што Расея лічыць сябе канкурэнтам за ўплыў у рэгіёне».

Паводле ўладаў ЗША, неспакой Масквы наконт «Ісламская дзяржава» наводзіць на думкі аб падтрымцы Талібану.

«Тое, у якой ступені Расея забясьпечвае „Талібан“ зброяй, відавочна, зьяўляецца парушэньнем міжнародных нормаў», — заявіў у аўторак дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан.

Як заявіў у чацьвер Лаўроў, Расею ўжо ня першы раз абвінавачваюць у падтрымцы «Талібану» і нават забесьпячэньні яго зброяй, аднак у пацьверджаньне гэтага не было прыведзена ніводнага факту.

Трамп на гэтым тыдні абвясьціў, што ў Аўганістан будзе накіравана яшчэ 4 тысячы вайскоўцаў, хоць раней абяцаў скончыць гэтую самую працяглую ў гісторыі ЗША вайну. Зрэшты, астатнія дэталі пляну пакуль няясныя.

Раней у чацьвер у Кабуле вайскавод сілаў ЗША і NATO ў Аўганістане генэрал Джон Нікалсан зьвярнуўся з прамым заклікам да «Талібану»:

«Перад вамі просты выбар: спыніце змагацца супраць сваіх суграмадзянаў. Перастаньце забіваць ні ў чым не вінаватых мірных грамадзян. Перастаньце прычыняць пакуты аўганскаму народу. Складзіце зброю і далучыцеся да аўганскага грамадзтва. Дапамажыце пабудаваць лепшую будучыню для гэтай краіны і вашых уласных дзяцей».

Паводле генэрала, пасьля абвяшчэньня новай стратэгіі Трампа ясна, што «Талібан» ня зможа атрымаць перамогу на полі бою. «Час ім уключыцца ў мірны працэс», — дадаў генэрал, назваўшы «Талібан» злачыннай арганізацыяй, якую больш цікавяць прыбыткі ад наркотыкаў, выкраданьняў і наёмных забойстваў, чым лепшая будучыня аўганскага народу.

Нікалсан дадаў, што «Ісламская дзяржава» церпіць «разгромныя страты» ў Нангархары (правінцыя на ўсходзе краіны), і ЗША маюць намер перасьледаваць групоўку паўсюль і зьнішчаць яе.

Канфлікт у Аўганістане на фоне раздробненага ўраду і сыстэматычнай карупцыі стаў самым доўгім у гісторыі ЗША, расьцягнуўшыся на 16 гадоў. Ён пачаўся пасьля тэрактаў «Аль-Каіды» 11 верасьня 2001 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG