Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея пастаўляе зброю талібам», — дзяржсакратар ЗША Тылерсан


Дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан
Дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан

Дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан 22 жніўня заявіў, што Крэмль пастаўляе зброю прадстаўнікам руху «Талібан» — прызнанаму ААН тэрарыстычным руху, які кантралюе частку Аўганістану.

«Расея пастаўляе зброю талібам. Відавочна, што гэта парушэньне міжнародных нормаў і парушэньне нормаў Рады Бясьпекі ААН. Мы, безумоўна, будзем пярэчыць гэтаму і зьвяртацьмем увагу Расеі на гэта. Калі нехта мае намер пастаўляць зброю, то гэта павінна рабіцца праз аўганскі ўрад», — заявіў Тылерсан.

Разам з тым Тылерсан заяўляў, што ЗША падтрымаюць перамовы Кабула з талібамі, каб спыніць вайну ў рэгіёне. Перамагчы талібам ня ўдасца, але ў іх ёсьць шлях да палітычнай легітымнасьці і міру, мяркуе ён.

Рашэньне наконт колькасьці амэрыканскіх войскаў у Аўганістане пакуль не прынятае, дадаў Тылерсан. Ён адзначыў, што ў вырашэньні праблемаў Аўганістану маюць узяць удзел Пакістан і Індыя, але Пакістану варта перагледзець падыход да барацьбы з тэрарызмам, і гэта будзе ўмовай дапамогі Пакістану з боку ЗША.

«Мае месца некаторая эрозія даверу, паколькі мы сталі сьведкамі таго, што тэрарыстычным арганізацыям даецца прыстанішча на тэрыторыі Пакістану, адкуль яны плянуюць і робяць напады на амэрыканскіх вайскоўцаў, амэрыканскіх афіцыйных асобаў, падрываючы намаганьні ў дасягненьні міру ў Аўганістане», — растлумачыў Тылерсан.

МЗС Расеі пакуль не публікавала рэакцыяў на абвінавачаньне Тылерсана ў пастаўках зброі талібам. Але раней, калі Ўкраіна перадала ў Парлямэнцкую асамблею NATO даклад, у якім абвінаваціла Расею ў падтрымцы экстрэмістаў з «Талібану», «Хезбалы», ХАМАСу і тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы», Расея не прызнавала такой падтрымкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG