Атакі ўкраінскіх дронаў на Расею ўжо выклікалі падобныя збоі раней, але намёк Кіева на падняцьце ставак выклікае пытаньне, наколькі цяжэй можа стаць Расеі. Яго аналізуе Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
«Мы зараз гаворым не пра часовае парушэньне паветранага руху, а пра яго цэладзённае блякаваньне. Іншымі словамі, стратэгія палягае ў тым, каб зрабіць гэтыя аэрапорты непрыдатнымі для выкарыстаньня», — сказаў Украінскай службе Радыё Свабода Валеры Раманенка з Музэю авіяцыі Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пасьля «паветранага ўльтыматуму» Зяленскага ў менскім аэрапорце пачаліся затрымкі рэйсаў«Такая апэрацыя магчымая; яна рэалістычная. Яна адцягне вялікую колькасьць расейскіх сродкаў СПА, у той час як з нашага боку будуць выкарыстоўвацца невялікія бесьпілётнікі», — дадаў ён.
«Абсалютна небясьпечна»
Прычынай заклапочанасьці стаў вечаровы відэазварот Зяленскага 1 верасьня.
«Сёньня мы хочам папярэдзіць кожную авіякампанію, якая выкарыстоўвае расейскую паветраную прастору, кожнага страхаўніка, усіх, хто ўсё яшчэ выкарыстоўвае ключавыя расейскія аэрапорты: расейскае неба становіцца абсалютна небясьпечным», — сказаў ён.
Пасьля папярэджаньня Зяленскага Ўкраіна 2 верасьня афіцыйна паведаміла Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ICAO), пра тое, што яна ахарактарызавала як узрост рызыкі для цывільнай авіяцыі ў расейскай паветранай прасторы.
Гэта пацьвердзілі падзеі 3 верасьня. Маскоўскі аэрапорт «Унукава» часова прыпыніў працу, а іншыя буйныя аэрапорты гораду, «Шарамецьева» і «Дамадзедава», таксама абвясьцілі абмежаваньні.
Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў, што 548 украінскіх дронаў ляцелі ў бок Маскоўскай вобласьці у ноч з 2 на 3 верасьня.
У той жа дзень Міністэрства транспарту Расеі заявіла, што падало замежным авіякампаніям тлумачэньні захадаў бясьпекі ў расейскіх аэрапортах і ў расейскай паветранай прасторы на запыты перавозьнікаў.
Расейскі міністар транспарту Андрэй Нікіцін заявіў, што Расея працуе зь Міністэрствам абароны і Нацыянальнай гвардыяй, каб мінімізаваць наступствы сытуацыі.
«Я лічу, што мы не дазволім істотных парушэньняў у цывільнай авіяцыі», — сказаў ён.
3 верасьня а 17:11 маскоўскага часу служба сачэньня палётаў Flightradar24 паказвала вельмі абмежаваны паветраны рух у трох буйных цывільных аэрапортах Масквы.
Але зьвесткі Flightradar24 паказалі, што 3 верасьня чатыры расейскія аэрапорты ўвайшлі ў першую пяцёрку з найбольшымі збоямі руху ў сьвеце.
Новыя цэлі
Масавыя атакі ўкраінскіх бесьпілётнікаў і раней выклікалі збоі ў расейскіх аэрапортах, але гэта не працягвалася доўга. Раманенка выказаў здагадку, што большая адчувальнасьць наступстваў атак (без атак на цывільныя самалёты — гэта тое, што Зяленскі выразна выключыў і што можа быць ваенным злачынствам) можа пацягнуць за сабой дадатковыя меры.
«Цэлямі будуць расейская інфраструктура кіраваньня паветраным рухам: дыспэтчарскія вежы, аўтаматызаваныя сыстэмы пасадкі ў аэрапортах, абсталяваньне для глісадных траекторыяў і радарныя сыстэмы кіраваньня паветраным рухам. Гэта сыстэмы, якія запэўніваюць бясьпеку палётаў. Гэтыя сыстэмы будуць атакаваныя», — прагназуе ён.
Аляксандр Ланецкі, генеральны дырэктар Friendly Avia Support, літоўскага авіяброкера, заявіў «Настоящему времени», што закрыцьцё паветранай прасторы Масквы паўплывае на авіяцыю ўсёй Расеі.
«Калі б Маскоўскі авіяцыйны вузел быў паралізаваны на тыдзень, уся краіна б гэта абавязкова адчула. Пастаянная актыўнасьць дронаў у гэтым раёне прывяла б да абвяшчэньня забароненых для палётаў зонаў, і праца аэрапортаў, ды і ўсяго авіяцыйнага сэктару ў гэтым рэгіёне, была б паралізаваная», — сказаў ён.
Зьвесткі палётаў 3 верасьня сьведчылі аб парушэньнях раскладу рэйсаў. Гэта эканамічна балюча для краіны, якая ахоплівае 11 гадзінных паясоў, і пакавзае кошт расейскай вайны для звычайных пасажыраў.
Значная частка міжнародных перавозак Расеі, асабліва ў Эўропу, даўно спыненая з прычыны заходніх санкцыяў пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Але застаецца шмат рэйсаў у іншыя краіны, пры гэтым кірункі ў Турэччыну, Узбэкістан, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Кітай і Эгіпет складаюць 72 працэнты міжнароднага пасажырапатоку Расеі, паводле зьвестак Асацыяцыі турапэратараў Расеі (АТОР), парасонавай галіновай структуры.
«Прымаючы рашэньне аб палётах у Расею, гэтыя авіякампаніі будуць ацэньваць пагрозы, бо за страту самалёта ў расейскай паветранай прасторы будуць адказныя выключна Расея і адпаведная авіякампанія», — заявіў у інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода экспэрт у авіяцыі і абаронных тэхналёгіях Багдан Далінца.
У менскім аэрапорце 4 верасьня таксама пачаліся затрымкі рэйсаў на 2-3 гадзіны, а рэйсаў на Маскву прыйдзецца чакаць і даўжэй. З тэрыторыі Беларусі цывільнай авіяцыі цяпер можна вылецець толькі ў Расею ці праз Расею ў іншыя краіны.