Сустрэча Трампа, Сі і Пуціна ўвайшла ў гісторыю, але без прарываў: 4 высновы аб выніках трохбаковага саміту

Cустрэча прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, лідэра Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Дзіньпіна і прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Шэньджэнь, 19 лістапада 2026 году

Хто выйграў на гістарычным саміце Трампа, Сі і Пуціна і чаго насамрэч дасягнулі тры лідэры? Чатыры высновы аб выніках сустрэчы, насычанай сымбалізмам, але беднай на прарыўныя рашэньні.

Чатыры высновы аб выніках сустрэчы ў Шэньджэні, насычанай сымбалізмам, але беднай на прарыўныя рашэньні, зрабіў Мэт’ю Фулка, які больш за 11 гадоў піша пра Кітай з Вашынгтону і Тайбэю.

Першая ў гісторыі сустрэча прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, лідэра Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Дзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна прайшла ў кулюарах канфэрэнцыі Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы (АЦЭС) у кітайскім Шэньджэні.

Гэтая сустрэча прынесла пэўныя, хоць і сьціплыя, вынікі для кожнага з лідэраў, аднак не прывяла да пагадненьняў, здольных карэнным чынам зьмяніць сытуацыю.

Саміт 19 лістапада стаў першым выпадкам, калі дзейныя кіраўнікі трох дзяржаваў з найбуйнейшымі ў сьвеце ядзернымі арсэналамі сустрэліся ўтрох, без удзелу іншых лідэраў (пры тым, што Пуцін і Сі сустракаліся ўжо каля 50 разоў). Хоць падзея мела хутчэй сымбалічны, чым зьмястоўны характар, яна ўсё ж мае важнае значэньне для вонкавай палітыкі ЗША, Кітаю і Расеі, дэманструючы як іхны ўплыў на ўсясьветнай арэне, так і межы іхных магчымасьцяў.

Высновы аб выніках саміту зробленыя на аснове інтэрвію, якія Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ўзяла ў навукоўцаў і аналітыкаў.

Пуцін выйграў больш за ўсіх

Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Пуцін апынуўся ў значнай міжнароднай ізаляцыі. Сам факт удзелу ў такім форуме — упершыню з 2017 году — і беспасярэдняе абмеркаваньне глябальнай бясьпекі з Трампам і Сі дазволілі Пуціну выйсьці з ізаляцыі.

«Пуцін атрымаў шмат. Ён стаў галоўным пераможцам гэтай сустрэчы», — адзначыла ў інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Элізабэт Вішнік, экспэртка ў кітайска-расейскіх адносінах з амэрыканскага абарончага аналітычнага цэнтру CNA Corporation (Вірджынія).

Ізаляцыя расейскага лідэра «значна зьменшылася — прынамсі, візуальна, а магчыма, і фактычна, дзякуючы сумеснай „дэклярацыі аб міры“, прынятай пасьля сустрэчы», — уважае Сары Арха Хаўрэн, навуковы супрацоўнік Каралеўскага аб’яднанага інстытуту абаронных дасьледаваньняў (RUSI) — брытанскай арганізацыі, якая вывучае пытаньні бясьпекі.

Сумесная дэклярацыя заклікае зьніжаць ядзерныя рызыкі і мацаваць міжнародную стабільнасьць, аднак канкрэтных абавязаньняў у ёй няшмат.

Хаўрэн адзначыў, што тры краіны паставілі пад сумнеў легітымнасьць Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), які ў сакавіку 2023 года выдаў ордэр на арышт Пуціна ў сувязі зь меркаванымі ваеннымі злачынствамі ва Ўкраіне.

Згодна з заявай, тры лідэры «прызналі, што прынцып згоды дзяржаваў і павага да імунітэту дзяржаўных службоўцаў маюць першараднае значэньне, а таксама пагадзіліся з тым, што Міжнародны крымінальны суд і іншыя падобныя органы не павінны злоўжываць сваёй юрысдыкцыяй».

У публічнай частцы сустрэчы Трамп назваў МКС «глябалісцкай арганізацыяй-ізгоем».

У заяве таксама гаворыцца, што ЗША, КНР і Расея плянуюць «павялічыць вытворчасьць і пастаўкі нафтапрадуктаў на карысьць усіх народаў», што фактычна падтрымлівае нафтавы сэктар Расеі, які знаходзіцца ў цяжкім становішчы.

«Добра сплянаваны» саміт на карысьць КНР

У параўнаньні з Пуціным, Сі Дзіньпін атрымаў менш выгады ад трохбаковага саміту. Кітайская Народная Рэспубліка не сутыкаецца з супастаўнымі дыпляматычнымі ці эканамічнымі цяжкасьцямі. Нягледзячы на напружанасьць у адносінах са Злучанымі Штатам, Сі здолеў вызначыць цяперашнюю траекторыю амэрыканска-кітайскіх адносін сваёй канцэпцыяй «канструктыўнай стратэгічнай стабільнасьці».

Тым ня менш Сі меў даказаць, што Кітай здольны правесьці сустрэчу высокага ўзроўню на палях галоўнага эканамічнага саміту ў Азіі, не засланяючы пры гэтым асноўную падзею. Саміт можна назваць «посьпехам» для КНР, адзначыла ў камэнтарыі для Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Юнь Сунь, дырэктарка праграмы аб Кітаі ў Цэнтры Стымсана (Вашынгтон).

Яна заўважыла, што «няпроста ўзгадніць сумесную трохбаковую заяву, зь якой пагадзіліся б усе бакі. Але цана гэтага — тое, што вынікі не закранаюць многіх дэталяў абмеркаваных пытаньняў».

«Думаю, Сі Дзіньпін атрымаў менавіта тое, чаго хацеў: паказаў, што менавіта ён кіруе працэсамі ў глябальных справах», — кажа Хаўрэн.

Паводле кітайскага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «Сіньхуа», кітайскі лідэр назваў сустрэчу «пазытыўнай, канструктыўнай і плённай». Характэрна, што Сі пайшоў насустрач зацікаўленасьці Трампа абмеркаваньнем ядзернага раззбраеньня, ня ўзяўшы на сябе канкрэтных абавязаньняў.

Маючы каля 620 боегаловак у параўнаньні з больш чым 5000, якія маюць і ЗША, і Расея, Пэкін уважае, што яго ўдзел у перамовах аб раззбраеньні быў бы «заўчасным і патэнцыйна шкодным для нацыянальнай бясьпекі».

У сумеснай заяве Сі, Трамп і Пуцін «зноў пацьвердзілі, што ядзерную вайну нельга выйграць і ніколі нельга весьці», гэта шаблённая формула, якую кітайскі лідэр выкарыстоўвае гадамі.

Трамп апраўдаў свае чаканьні

Прэзыдэнт ЗША паставіў перад самітам сьціплыя мэты і апраўдаў іх, кажуць аналітыкі.

«Прэзыдэнт Трамп хацеў публічна заявіць перад усім сьветам, што ён імкнецца да кантролю над ядзернымі ўзбраеньнямі зь дзьвюма іншымі буйнымі ядзернымі дзяржавамі, і ён гэтага дасягнуў», — сказаў Рос Дарэл Файнгольд, юрыст і палітык з Тайбэю.

Што да вайны ў Іране, якую, з словаў Трампа, ён хацеў абмеркаваць перад самітам, то ў сумеснай заяве трох лідэраў яна не згаданая. Ні Пуцін, ні Сі публічна не згадвалі вайну ў Іране і на саміце АЦЭС.

«Кітай і Расея ня могуць і ня будуць аказваць ніякай дапамогі Трампу ў спыненьні канфлікту з Іранам. Яны таксама ня будуць выступаць за тое, каб Іран ваяваў з ЗША», — сказаў Файнгольд.

Нягледзячы на брак істотных дыпляматычных перамог, Трамп усё яшчэ можа падаць саміт як посьпех, заявіў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода былы высокапастаўлены службовец Міністэрства гандлю ЗША, які працаваў над пытаньнямі Кітаю. Суразмоўца, які пагадзіўся гаварыць адкрыта пры ўмове захаваньня ананімнасьці, адзначыў:

«Сі Дзіньпіну ўдалося цалкам зачараваць прэзыдэнта Трампа. Ён нават сустрэў Трампа ў аэрапорце абдымкамі. Менавіта такія рэчы для Трампа сапраўды важныя».

Трамп назваў гэтыя абдымкі ад Сі «вялікай перамогай для нас» і праявай «вялікай павагі». Для Сі Дзіньпіна добразычлівыя адносіны з Трампам сталі прыемнай зьменай пасьля турбулентнага пэрыяду, які перажылі амэрыкана-кітайскія адносіны пры Джо Байдэну і ў першы прэзыдэнцкі тэрмін Трампа.

Зьмяншэньне ціску Вашынгтона дало Пэкіну больш прасторы для рэалізацыі стратэгічных мэтаў у вонкавай палітыцы.

«Сі, напэўна, цалкам задаволены вынікамі, нават калі разумее, што гэта ня можа працягвацца вечна», — адзначыў чыноўнік.

Дыпляматыя вялікіх дзяржаваў мае межы

На думку аналітыкаў, трохбаковы саміт можа запомніцца ня гэтулькі сваімі вынікамі, колькі яркімі візуальнымі момантамі — тым, што трапіла ў абʼектывы. Калі ў мінулым месяцы Пуцін упершыню прапанаваў правесьці гэты саміт, Украіна і Эўропа выказалі заклапочанасьць тым, што расейскі лідэр паспрабуе дамовіцца пра мірнае ўрэгуляваньне бязь іхнага ўдзелу. Аднак такі сцэнар быў малаімаверным з увагі на нежаданьне Пэкіну псаваць адносіны з Эўропай.

«Кітаю па-ранейшаму патрэбная Эўропа [у эканамічным пляне], і ён імкнецца пазыцыянаваць сябе як нэўтральны гулец», — адзначыў Хаўрэн.

З словаў Вішнік, невыпадкова, што напярэдадні саміту АЦЭС Украіна нанесла ўдары дронамі і ракетамі па Крымскім мосьце, у выніку чаго абрынулася частка дарожнага палатна.

Гэта сыгнал пра тое, што ўсясьветныя лідэры ня змогуць спыніць гэты канфлікт без удзелу Ўкраіны і эўрапейскіх лідэраў, — дадала яна.

«Вялікія дзяржавы маюць значны ўплыў, але яны ня могуць кантраляваць падзеі на месцах, — адзначыла Вішнік. — Прайшлі тыя часы, калі лідэры сядзелі за адным сталом і вырашалі лёс сьвету. Каб праблемы былі разьвязаныя, ім давядзецца шырэй узаемадзейнічаць зь іншымі дзяржавамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сустрэча Трампа, Сі і Пуціна ў Кітаі доўжылася каля 1,5 гадзіны, яны ўхвалілі заяву. ФОТА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Новай Ялты ня будзе. На саміце Трампа, Сі і Пуціна чакаецца перавага піяру над зьместам