Сустрэча Трампа, Сі і Пуціна ў Кітаі доўжылася каля 1,5 гадзіны, яны ўхвалілі заяву. ФОТА

абноўлена
Cустрэча прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, лідэра Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Дзіньпіна і прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Шэньджэнь, 19 лістапада 2026 году
Cустрэча прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, лідэра Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Дзіньпіна і прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Шэньджэнь, 19 лістапада 2026 году

Трохбаковы саміт кіраўнікоў ЗША, КНР і Расеі прайшоў на палях канфэрэнцыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва ў Шэньджэні. Сустрэча доўжылася менш за паўтары гадзіны.

Першая ў гісторыі сустрэча прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, лідэра Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Дзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна прайшла ў кулюарах канфэрэнцыі Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы (АЦЭС) у Шэньджэні ў Кітаі.

Чакалася, што лідэры абмяркуюць пытаньні ядзернага раззбраеньня, а таксама войны ў Іране і ва Ўкраіне, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Саміт прэзыдэнтаў КНР, ЗША і Расеі доўжыўся каля 1 гадзіны 20 хвілін, піша AFP.

Пасьля сустрэчы лідэры не зрабілі ніякіх апэратыўных камэнтароў. Пасьля перамоваў зь Сі Дзіньпінам і Ўладзімірам Пуціным прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адразу ж накіраваўся ў складзе свайго картэжу ў бок аэрапорту Шэньджэню і сеў у свой самалёт, каб пакінуць Кітай.

Cустрэча прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, лідэра Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Дзіньпіна і прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. 19 лістапада 2026 году
Cустрэча прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, лідэра Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Дзіньпіна і прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. 19 лістапада 2026 году

Як прайшоў саміт у Шэньджэні

Пачынаючы саміт, лідэры трох дзяржаваў па чарзе выступілі з уступнымі словамі.

«Мы сапраўды ствараем гісторыю, — сказаў Дональд Трамп, якога цытуе Reuters. — Як прэзыдэнты трох найбуйнейшых краін сьвету, мы нясем асаблівую адказнасьць за падтрыманьне адкрытага, паважлівага і плённага дыялёгу ў пытаньнях, якія закранаюць ня толькі нашы народы, але і ўсю плянэту».

Прэзыдэнт ЗША таксама пацьвердзіў, што вайна ва Ўкраіне стане адной з тэмаў абмеркаваньня. Паводле яго, ён ужо абмяркоўваў гэта на двухбаковай сустрэчы з Пуціным. Трамп лічыць, што абодва бакі канфлікту «хацелі б, каб вайна скончылася».

Уладзімір Пуцін заявіў, што тры краіны маюць «шматлікія агульныя інтарэсы ва ўрэгуляваньні рэгіянальных канфліктаў, у тым ліку, вядома, канфлікту ва Ўкраіне».

Адрозна ад Трампа і Пуціна, Сі Дзіньпін, які, паводле кітайскіх дзяржаўных СМІ, старшыняваў на сустрэчы, не згадаў Украіну, але сказаў, што тры дзяржавы павінны «сумесна берагчы мір і стабільнасьць ува ўсім сьвеце»:

«Гісторыя кажа нам, што калі буйныя дзяржавы жывуць у згодзе, сьвет у міры. Калі буйныя дзяржавы сутыкаюцца, сьвет апускаецца ў хаос».

Cустрэча прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, лідэра Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Дзіньпіна і прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Шэньджэнь, 19 лістапада 2026 году
Cустрэча прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, лідэра Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Дзіньпіна і прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Шэньджэнь, 19 лістапада 2026 году

Перад сустрэчай Сі Дзіньпін заявіў, што «трэба прыкласьці ўсе намаганьні для перадухіленьня ядзернай вайны», паведамілі дзяржаўныя СМІ Кітайскай Народнай Рэспублікі.

«Ядзерную вайну нельга выйграць і ніколі нельга весьці. Трэба прыкласьці ўсе намаганьні для перадухіленьня ядзернай вайны, выкананьня Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі і падтрыманьня глябальнай стратэгічнай стабільнасьці»,— сказаў Сі ў заяве, апублікаванай кітайскім інфармацыйным агенцтвам «Сіньхуа».

Трохбаковы саміт наўрад ці прывядзе да буйных пагадненьняў, кажуць аналітыкі, улічваючы глыбокія рознагалосьсі ў пытаньнях Украіны, Ірану, ядзернай зброі і гандлю. Але гэта занепакоіла меншыя краіны, якія баяцца, што іхныя інтарэсы могуць быць праігнараваныя, піша Reuters.

Што ў выніковай заяве

Пасьля завяршэньня перамоваў кітайскае агенцтва «Сіньхуа» апублікавала выніковую заяву ўдзельнікаў перамоваў. Аналягічны тэкст зьявіўся на сайце Крамля.

«Лідэры трох краін правялі паглыблены абмен думкамі наконт бягучай міжнароднай сытуацыі і заявілі пра сваю прыхільнасьць падтрыманцы стратэгічнай стабільнасьці і міжнароднай бясьпекі»,— гаворыцца ва ўступе заявы і дадаюцца 4 пункты:

  • 1. Як сталыя чальцы Рады Бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Кітай, Расея і Злучаныя Штаты ўзялі на сябе абавязацельства правесьці рэформу ААН, каб арганізацыя магла больш эфэктыўна рэагаваць на глябальныя выклікі і адпавядаць сваёй фундамэнтальнай місіі — забесьпячэньню міжнароднага міру і бясьпекі.
  • 2. Тры краіны плянуюць павялічыць вытворчасьць і пастаўкі прадуктаў нафтаперапрацоўкі на карысьць усіх народаў. Яны пацьвердзілі важнасьць стабільных паставак энэргарэсурсаў.
  • 3. Кіраўнікі трох дзяржаў прызналі, што прынцып згоды дзяржавы і павага да імунітэтаў дзяржаўных службовых асоб маюць першараднае значэньне, а таксама пагадзіліся з тым, што Міжнародны крымінальны суд і іншыя падобныя органы не павінны злоўжываць сваёй юрысдыкцыяй.
  • 4. Лідэры трох дзяржаў пацьвердзілі, што ў ядзернай вайне немагчыма перамагчы і што яна ніколі не павінна быць разьвязана. Тры краіны будуць весьці дыялёг па пытаньнях зьніжэньня ядзерных рызык і прадухіленьня распаўсюджваньня ядзернай зброі.

У тэзісе аб павазе да «імунітэту дзяржаўных службовых асоб» з боку Міжнароднага крымінальнага суда ўнікальным сярод трох лідараў зьяўляецца тое, што Пуцін быў абвінавачаны МКС у ваенных злачынствах за выкраданьне ўкраінскіх дзяцей.

Гаворачы аб тэзісе, што «ядзерную вайну немагчыма выйграць і ніколі нельга весьці», варта зьвярнуць увагу, што Трамп імкнуўся ўцягнуць Кітай у трохбаковыя перамовы па скарачэньні ядзерных узбраеньняў, чаму Пэкін супраціўляўся.

Вашынгтон пакуль не пракамэнтаваў і не апублікаваў тэкст дэклярацыі па выніках саміту.

Двухбаковыя сустрэчы ў Кітаі

Напярэдадні трохбаковай сустрэчы Трамп правёў асобныя сустрэчы сам-насам як з Пуціным, так і зь Сі.

Перад трохбаковай сустрэчай Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін правялі кароткую незаплянаваную асабістую сустрэчу на палях саміту Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва ў Шэньджэні 19 лістапада. Гэтая размова ня мела статусу паўнавартаснай афіцыйнай двухбаковай сустрэчы.

Сустрэча, якую амэрыканскія службоўцы ахарактарызавалі ў размове з Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода як «кароткую нефармальную гутарку» (pull-aside), адбылася ў комплексе ўрадавых прыёмаў «Віла Цілінь» у Шэньджэні — у асобным памяшканьні канфэрэнц-цэнтру, дзе праходзілі пленарныя паседжаньні саміту.

Паводле запісу, зь якім азнаёміўся прадстаўнік прэс-пулу, набліжаючыся да расейскага кіраўніка, Трамп сказаў: «Хто гэта? Гэта мой сябар».

Затым Трамп у некалькіх словах зазначыў, што яны з расейскім лідэрам знаёмыя шмат гадоў і падтрымліваюць добрыя адносіны.

«Мы зь нецярплівасьцю чакалі гэтай сустрэчы. У нас выдатныя адносіны шмат гадоў. Мы даўно ведаем адзін аднаго, і я думаю, што з гэтага можа атрымацца шмат цудоўнага — ці, прынамсі, можа быць пакладзены пачатак. Але я думаю, што вынік будзе», — заявіў Трамп.

Амэрыканскім журналістам дазволілі зафіксаваць пачатак размовы, аднак у сам пакой іх не пусьцілі. Заяваў у выніку размовы не было.

Украіна застаецца ключавым пытаньнем

Сустрэча адбылася падчас вайны, якую Расея працягвае весьці супраць Украіны, і няспынных міжнародных захадаў дзеля ўрэгуляваньня канфлікту.

Гэта быў першы асабісты кантакт паміж Трампам і Пуціным пасьля таго, як іх перамовы на Алясцы летась не прывялі да пагадненьня аб спыненьні вайны.

Украіна ня раз настойвала на тым, што яна павінна ўдзельнічаць у якіх-хаця перамовах, якія тычацца яе будучыні. 18 лістапада часовы павераны ў справах Украіны ў Вашынгтоне Дзяніс Сенік заявіў у інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што пытаньні, якія тычацца Ўкраіны, павінны вырашацца пры ўдзеле самой Украіны, як і пытаньні эўрапейскай бясьпекі патрабуюць удзелу эўрапейскіх дзяржаваў.

Сенік таксама перасьцярог ад таго, каб дазволіць Маскве выкарыстоўваць міжнародныя сустрэчы для прасоўваньня ўласнага наратыву, падкрэсьліўшы, што ніякія рашэньні наконт Украіны ня могуць прымацца без удзелу Кіева.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім вечаровым звароце паведаміў, што 19 лістапада ў Бэрліне прадстаўнікі ЗША паінфармуюць украінскіх афіцыйных асобаў пра перамовы Трампа з кітайскімі лідэрамі ў Пэкіне. Чакалася таксама, што Кіеў атрымае інфармацыю наўпрост ад партнэраў, якія былі на саміце ў Кітаі.

«Мы і эўрапейцы маем выразную агульную пазыцыю: пытаньні, якія тычацца Ўкраіны, павінны вырашацца пры ўдзеле Украіны, а пытаньні, якія тычацца Эўропы, — пры ўдзеле Эўропы», — заявіў Зяленскі.

Чакаецца, што пасланцы Трампа ў пытаньнях міру — яго зяць Джарэд Кушнер і Стыў Уіткаф — возьмуць удзел у сустрэчы ў Бэрліне з удзелам «Кааліцыі ахвочых». Гэтае аб’яднаньне, якое ўзначальваюць Нямеччына, Францыя і Вялікая Брытанія, створана для падтрымкі пасярэдніцкіх намаганьняў Вашынгтону і, магчыма, для фармаваньня міратворчай місіі ў разе пагадненьня аб спыненьні агню ва Ўкраіне.

Напярэдадні сустрэчаў Трампа з Пуціным і старшынём КНР Сі Дзіньпінам дзевяць сэнатараў-дэмакратаў заклікалі амэрыканскага прэзыдэнта абараняць інтарэсы ЗША і супрацьстаяць таму, што яны назвалі ростам пагрозы з боку Пэкіну і Масквы.

Ініцыятарам заявы стала сэнатарка ад штату Нью-Гэмпшыр Джын Шагін — найстарэйшая прадстаўніца Дэмакратычнай партыі ў камітэце замежных справаў Сэнату. Сэнатары засьцераглі ад таго, каб саміт ня стаў для вялікіх дзяржаваў магчымасьцю падзяліць сьвет на канкурэнтныя сфэры ўплыву.


​
XS
SM
MD
LG