Першая ў гісторыі сустрэча прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, лідэра Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Дзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пройдзе ў кулюарах канфэрэнцыі Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы (АЦЭС) у Шэньджэні на гэтым тыдні. Тое, што яна можа значыць, аналізуе Мэт’ю Фулка, які больш за 11 гадоў піша пра Кітай з Вашынгтону і Тайбэю.
Упершыню прапанаваны Пуціным у кастрычніку і пацьверджаны Белым домам 13 лістапада трохбаковы саміт выклікае аналёгіі зь Ялцінскай канфэрэнцыяй 1945 году, якая адбылася на руінах Эўропы пасьля Другой усясьветнай вайны. Тады ў крымскім курортным горадзе краіны-пераможцы — ЗША, Вялікая Брытанія і Савецкі Саюз — падзялілі пасьляваенныя сфэры ўплыву за зачыненымі дзьвярыма, фактычна вырашыўшы лёсы многіх меншых краін усёй Эўропы і Азіі.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, асьцерагаючыся спробаў Пуціна адхіліць яго ад уплыву на вынікі поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, якую Расея пачала ў 2022 годзе, сказаў CNN: «Мы ня хочам мець Ялту 2.0».
Новай Ялты ня будзе
Але шматлікія экспэрты заявілі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што сустрэча кіраўнікоў ЗША, КНР і Расеі 19 лістапада будзе рэзка адрозьнівацца ад эпахальнай канфэрэнцыі, якая адбылася 81 год таму.
«Ня думаю, што аналёгія правільная», — сказала Элізабэт Вішнік, экспэртка ў кітайска-расейскіх адносінах карпарацыі CNA ў Вірджыніі:
«Нават калі б яны хацелі такой улады, каб прыняць гэтыя рашэньні, яны не змаглі б іх рэалізаваць, бо сьвет зьмяніўся з таго часу. Так шмат незалежных суб’ектаў маюць магчымасьць сарваць пляны вялікіх дзяржаваў. Паглядзіце, напрыклад, на Пэрсыдзкую затоку».
Боба Ло, няштатны навуковы супрацоўнік Інстытуту Лоўі (Аўстралія), адзначае, што Кітай спрабуе пазыцыянаваць сябе як лідэр Глябальнага Поўдня, надаючы ўвагу дэмакратызацыі міжнародных дачыненьняў.
«Ідэя таго, што тры ўсясьветныя лідэры прымаюць вялікія рашэньні аб глябальным кіраваньні, супярэчыць пастаяннаму наратыву Пэкіну, і кітайцы вельмі асьцерагаюцца гэтай ідэі», — сказаў ён Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Пуцін сярод трох лідэраў найбольш выйграе, нават калі саміт зьмястоўна нічога ня вырашыць, заявіла ў інтэрвію Цыпора Фрыд, запрошаны старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту Гадcана ў Вашынгтоне.
«Гэта дапаможа яму аднавіць сваю міжнародную пазыцыю і вырвацца з ізаляцыі, якую перажыла Расея. Ён можа выяўляць Расею як вялікую дзяржаву, якая вядзе перамовы аб будучыні Ўкраіны, ня мусячы думаць аб пройгрышы на полі бою», — сказала яна.
Сі хоча паказаць сабе як эфэктыўны мэнэджар
Для Сі Дзіньпіна, які не імкнуўся да гэтай сустрэчы, эфэктыўнае кіраваньне і арганізацыя саміту маюць першачарговае значэньне.
Прыярытэт Сі Дзіньпіна — пасьпяховая сустрэча і паказ стабілізацыі адносін паміж вялікімі дзяржавамі. Кітай засяродзіцца на сымбалізьме, а не на канкрэтных угодах, — сказаў Юнь Сунь, дырэктар кітайскай праграмы ў Цэнтры Стымсана ў Вашынгтоне.
Перш ані Пэкін, ані Вашынгтон не пагадзіліся з Пуцінавай задумай саміту, які ён прапанаваў у тэлефоннай размове з Трампам 9 кастрычніка. Але 19 кастрычніка Трамп заявіў журналістам у Белым доме, што гатовы правесьці сустрэчу, калі Сі Дзіньпін пагодзіцца. Кітай не прызнаваў, што трохбаковая сустрэча абмяркоўвалася, да 4 лістапада.
Пазьней The Wall Street Journal паведаміла, што Пэкін і Вашынгтон не пагадзіліся на фармат сустрэчы. Кітай нічога ня хоча пакідаць на волю выпадку і настойвае на жорсткім сцэнарыі з загадзя вызначаным вынікам, у той час як Вашынгтон аддае перавагу больш гнуткаму фармату з адкрытым абмеркаваньнем.
У гэтым выпадку Пэкін ня хоча, каб непажаданы вынік азмрочыў галоўны форум АЦЭС.
Кітай, у прыватнасьці, супраціўляўся закліку Пуціна абмеркаваць спыненьне вайны ва Ўкраіне. Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер, які нядаўна сустрэўся зь Сі Дзіньпінам падчас дзяржаўнага візыту ў Кітайскую Народную Рэспубліку, пераказаў у інтэрвію нямецкай тэлерадыёкампаніі ARD словы Сі аб тым, што ўсякія перамовы аб канфлікце павінны ўключаць эўрапейскі ўдзел, бо вайна наўпрост уплывае на эўрапейскую бясьпеку.
У Эўропе лічаць, што Кітай дазволіў Расеі вайну з Украінай і таму павінен дзейнічаць асьцярожна, сказала Элізабэт Вішнік. Быць гаспадаром трохбаковага саміту, на якім Вашынгтон, Масква і Пэкін абмяркоўваюць спыненьне вайны без украінскага і эўрапейскага ўдзелу, — гэта азначае «толькі ўскладніць дыпляматычныя адносіны Кітаю з Эўропай».
Кітайцы хочуць шырэйшых рамак, якія будуць уключаць украінцаў і эўрапейцаў, дадала яна.
У цэнтры ўвагі Трампа кантроль над ядзернай зброяй
У параўнаньні зь Сі і Пуціным мэты Трампа на гэтай сустрэчы самыя сьціплыя. Прэзыдэнту ЗША ня трэба гуляць у гаспадара, як Сі, і імкнуцца выявіць сябе як роўнага з кіраўнікамі супэрдзяржаваў сьвету, як Пуцін.
Замест гэтага Трамп мае на мэце абмеркаваць ядзернае раззбраеньне. Яшчэ ў 1984 годзе Трамп заявіў журналісту Washington Post, што хоча дамовіцца аб кантролі над ядзернай зброяй з Савецкім Саюзам ад імя ЗША.
У 2019 годзе першая адміністрацыя Трампа зрушыла ядзерную стратэгію ЗША ад традыцыйнага двухбаковага кантролю над узбраеньнямі з Расеяй у бок трохбаковых рамак з удзелам Масквы і Пэкіну. У інтэрвію Newsmax 15 кастрычніка Трамп сказаў:
«Усё гэта ганьба, бо я хацеў бы дэнуклеарызаваць, калі гэта магчыма, але мы акурат размаўляем з Расеяй пра гэта, і мы размаўляем з Кітаем пра гэтую дэнуклеарызацыю.»
13 лістапада прэс-сакратарка Белага дому Алівія Уэйлз заявіла: «Ён абмяркуе скарачэньне ядзернай зброі ў сьвеце, распаўсюджваньне якой прэзыдэнт Трамп лічыць вельмі небясьпечным».
ЗША і Расея разам маюць больш за 90 адсоткаў ядзернай зброі ў сьвеце, паведамляе Фэдэрацыя амэрыканскіх навукоўцаў (ФАС), аналітычны цэнтар, які базуецца ў Вашынгтоне. Расея мае 5420 ядзерных боегаловак, у той час як ЗША маюць 5042, паведамляе ФАС. У Кітаі іх толькі 620.
Тым ня менш Пэкін нарошчвае свой ядзерны арсэнал. Паводле ацэнак Пэнтагону, да 2035 году Кітай мецьме 1500 боегаловак.
Пэкін заяўляе, што яго ядзерная экспансія — абарончы захад дзеля запэўненьня магчымасьці другога ўдару. Ён падтрымлівае ядзерную палітыку «Неўжываньня першымі» (NFU) і абяцае не выкарыстоўваць ядзерную зброю і не пагражаць яе выкарыстаньнем дзяржавам, якія ня маюць такой зброі, або зонам, свабодным ад ядзернай зброі.
Задача ў тым, кажа Фрыд, каб ператварыць гэты дыялёг у канкрэтныя перамовы з выразна вызначанымі мэтамі, узаемнымі абавязаньнямі і ўзгодненымі рамкамі, здольнымі сфармаваць істотныя і празрыстыя абмежаваньні на ядзерныя арсэналы трох краін.